Хто па-гаспадарчы адносіцца да энергарэсурсаў, той заўсёды ў выйгрышы. Знізіўшы выдаткі, можна паменшыць сабекошт прадукцыі. Гаспадаркі з нашага раёна па выніках мінулага года па эканоміі энергарэсурсаў прадстаўлены ў камісію для занясення на рэспубліканскую Дошку гонару. Напрыклад, у СВК імя Варанецкага і СВК “Пархімаўцы” праводзіцца пастаянная мэтанакіраваная работа па зніжэнні выдаткаў на вытворчасці. У Год беражлівасці яны ўвайшлі дастойна, з добрымі паказчыкамі. У СВК імя Варанецкага заданне па эканоміі энергарэсурсаў перавыкана больш чым ўдвая. Зразумела, што дасягнуць гэтага было нялёгка.
А ў СВК “Пархімаўцы” зэканомілі ў мінулым годзе ў параўнанні з 2011 15 тон бензіну, 26 тон дызельнага і біяпаліва, 4 тысячы метраў кубічных газа, 28 кілаватгадзін электраэнергіі. Заданне па энергазберажэнні (мінус 5 працэнтаў) выканана.
Энергетык гэтай гаспадаркі Антон Бурні расказаў, як быў дасягнуты такі поспех. На ферме “Карпаўцы” звычайныя лямпы для абагрэву парасят былі заменены на энергазберагальныя. Гэта дало значную эканомію. На ферме “Даўбянкі” правялі рэканструкцыю асвятлення. Сістэма стала больш сучаснай, дала добры эфект. У майстэрні ўстаноўлены цеплагенератар, які працуе на дровах. Выкарыстанне мясцовых відаў паліва вельмі дапамагае ў плане эканоміі.
У сельгаскааператыве не збіраюцца спыняцца на дасягнутым. У Год беражлівасці работа ў гэтым накірунку будзе працягвацца. На ферме “Карпаўцы” плануюць яшчэ памяняць электракаларыферы на больш эканомныя.
Ніна Наддэ