“Гаспадарка эфектыўна развіваецца”

Лента новостей Сельское хозяйство

56– так гаворыць пра СВК “Цецяроўка” намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце Марыя Некала. На гэтай пасадзе яна ўжо 16 гадоў, а раней працавала загадчыкам пункта штучнага асемянення жывёлы на свінакомплексе. Карэнная сяльчанка, нялёгкую працу ў аграрнай вытворчасці яна ведае “па сабе”, таму адносіны яе да кожнага члена калектыву гаспадаркі цёплыя і шчырыя. А такая дзейсная падтрымка для лю­дзей вельмі важная. Псіхолагі канстатуюць, што добрыя адносіны ў калектыве і спрыяльны прыемны мікраклімат нават важнейшыя, чым высокія заробкі. Марыя Антонаўна – чалавек сапраўды незвычайны, сціплы і душэўны, таму так паважаюць яе ў родным сельгаскааператыве. Асабіста я ведаю яе шмат гадоў, мы з ёй часта сустракаемся з мясцовымі аграрыямі, і кожны раз у мяне, і не толькі, застаецца самае лепшае ўражанне ад яе сціпласці, цеплыні і душэўнай шчодрасці. Ужо сам просты і шчыры тон яе размовы з людзьмі служыць надзейным “падмуркам” даверу, а без гэтага немагчымы ні работа ў зладжанай камандзе, ні далейшыя здабыткі. А яны, безумоўна, ёсць, і калі я задала Марыі Антонаўне пытанне пра тое, што змянілася ў іх за апошнія 20 гадоў, аказалася, што змены тут адбыліся кардынальныя. Эфектыўна развівалася вытворчасць, узрастаў дабрабыт людзей. Вядома, не бывае жыцця без праблем і цяжкасцей, але галоўнае – не стаяць на месцы, старацца рабіць усё магчымае, каб вырашыць пытанні.
У гэтай гаспадарцы своечасова зрабілі стаўку на мадэрнізацыю вытворчасці. Моцная матэрыяльная база і сучасныя тэхналогіі вывелі вытворчы працэс на новы ўзровень. Тут аднавілі трактарны парк – купілі 19 айчынных і 3 імпартныя трактары “Джон Дзір”, імпартны і айчынны пасяўны агрэгат, 14 новых камбайнаў. Закупаліся і машыны “МАЗ”. Былі ўстаноўлены 3 новыя магутныя зернесушыльныя комплексы, праведзена рэканструкцыя збожжасклада “Кватары”. Сучасны выгляд набыла мехмайстэрня “Кватары”, рамонт быў зроблены ў майстэрнях “Цецяроўка” і “Грыцавічы”.
Добрыя гаспадары клапоцяцца пра сваю выгаду. Новыя падыходы з’явіліся і ў вытворчасці малака. Тут правялі рэканструкцыю малочнатаварнай фермы “Кватары”, для кароў арганізавалі мацыён, што вельмі важна для ўмацавання здароўя буйной рагатай жывёлы. Будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю новага малочнатаварнага комплексу “Рудаўляны” на 777 галоў дапамагае эфектыўна нарошчваць вытворчасць малака.
Вялікая ўвага ў сельгаскааператыве надаецца добра­ўпарад­каванню, у добрым стане ўтрымліваюцца тэрыторыі майстэрняў, пад’езды да ферм.
А галоўнае, як адзначае Марыя Антонаўна, гэта клопат не толькі пра далейшае развіццё вытворчасці, але і клопат аб людзях, якія з’яўляюцца тут галоўным каштоўным “капіталам”. За два апошнія дзесяцігоддзі тут пабудавалі для працаўнікоў 105 добраўпарадкаваных дамоў і кватэр. Выраслі прыгожыя новыя вуліцы. Маладое пакаленне – гэта сапраўднае будучае гаспадаркі. І няхай не ўсе юнакі і дзяўчаты выберуць аграрныя прафесіі і звяжуць свой лёс з вёскай, але добры прыклад сваіх бацькоў-сяльчан значыць для моладзі вельмі шмат. Многія сем’і ў СВК “Цецяроўка” шматдзетныя.
Для многіх прыезджых мясцовая зямля стала роднай, дзе хочацца жыць і працаваць.
З самага лепшага боку кожны год паказваюць сябе нашы землякі на жніве, узбагачаюць збожжавы куфар Бераставіччыны і краіны. Няхай і далей спадарожнічаюць ім поспехі, у дамах звіняць дзіцячыя галасы, узрастае дабрабыт гаспадаркі і людзей!
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *