Гарачая пара. Галоўнае – клопат аб людзях

Лента новостей

Сяўба – кожны год гарачая пара для вяскоўцаў. Не дапусціць няшчасных выпадкаў на вытворчасці – такая была асноўная мэта раённага семінара-вучобы са старшынямі прафкамаў сельгаскааператываў і грамадскіх інспектараў прафсаюзаў па ахове працы, які адбыўся нядаўна на базе СВК “Алекшыцы”. Удзел у ім прыняў галоўны тэхнічны інспектар працы Гродзенскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Верабей.
Размова па актуальнай тэме адбылася цікавая і канструктыўная. Аб стане аховы працы ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна паведаміў галоўны спецыяліст сектара механізацыі райсельгасхарча Дзмітрый Шавель. Ён засяродзіў увагу на найбольш актуальных момантах у гэтым плане. У першым квартале гэтага года ў будынку ветаптэкі ў СВК «Малабераставіцкі элітгас», адзначалася ў выступленні, здарыўся пажар, які нанёс страты на 3 мільёны 192 тысячы рублёў. Таму ў сельгасарганізацыях раёна трэба звярнуць увагу на супрацьпажарную бяспеку. У гаспадарках у зімовы час, гаварылася далей, паўсюдна праведзена вучоба па ахове працы са здачай экзамена. Зараз у раёне праходзіць медагляд жывёлаводаў. Такі агляд прайшлі ўжо механізатары. Асаблівую ўвагу трэба надаваць у час вясенне-палявых работ сродкам бяспекі. Напрыклад, калі працаўніку выдадзены рэспіратар, ім абавязкова трэба карыстацца, а не каб ён проста “для віду” вісеў на шыі. Калі нехта ставіцца да гэтага легкадумна,а значыць, рызыкуе сваім здароўем, за гэтым трэба наглядаць спецыялістам сярэдняга звяна.
Пра арганізацыю грамадскага кантролю ў адпаведнасці з патрабаваннямі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб ажыццяўленні кантролю прафсаюзамі” расказаў Аляксандр Верабей. Сітуацыя на месцах патрабуе пільнай увагі. Напрыклад, за першы квартал гэтага года ў вобласці адбылося 7 няшчасных выпадкаў у сістэме аграпрамысловага комплексу. Два такіх здарэнні са смяротным зыходам зарэгістраваны ў Астравецкім раёне. Абодва разы людзі былі п’яныя. Адзін выпадак вельмі яскравы. Вартавы на працы памёр ад сардэчнай недастатковасці, але прычынай прыступу стала наяўнасць смяротнай дозы для яго алкаголю ў крыві – 4,2 праміле. Таму прафілактыка п’янства і алкагалізму вельмі важная. Людзі павінны зразумець, што вясёлая эйфарыя, якая ахоплівае чалавека пры ўжыванні спіртнога, гэта на самай справе грозны сімптом атручвання галаўнога мозгу. І гаварыць пра “культуру ўжывання алкаголю” нельга, само словазлучэнне такое ў апошні час прызнана абсурдным, таму што, як даказалі вучоныя – малых і бяспечных доз не бывае, яны ўсё роўна вядуць да прывыкання. І колькі людзей спахапіліся, але было ўжо позна! Таму трэба несці “веды ў масы”, прапагандаваць цвярозы лад жыцця. Гэта можа дапамагчы некаму своечасова спыніцца, а таксама папярэдзіць няшчасныя выпадкі, захаваць сем’і.
Пра арганізацыю кантролю за правядзеннем вясенне-палявых работ і стварэнне бяспечных умоў працы расказаў старшыня Бераставіцкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Апон. Ён засяродзіў увагу на важнасці праблемы і адказнасці людзей.
Пра назапашаны вопыт па ахове працы ў СВК “Алекшыцы” паведамілі намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафкама Ганна Міхаленка і галоўны спецыяліст па ахове працы, транспартнай бяспецы і супрацьпажарнай бяспецы Юрый Турчанінаў. У памяшканні дыспетчарскай у гаспадарцы абсталяваны клас, дзе праводзяцца заняткі. Тут жа ажыццяўляецца і перадрэйсавы кантроль вадзіцеляў і механізатараў.
Увага надаецца таксама навядзенню парадку на зямлі і санітарнаму стану аб’ектаў. Вядзецца кантроль за выкарыстаннем спецадзення і сродкаў аховы. Працаўнікі на вясенне-палявых работах забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем, ім бясплатна з сабой на поле выдаецца мінеральная вада.
Пасля вучобы і абмену думкамі адбыўся аб’езд. Удзельнікі семінара пабывалі на малочнатаварнай ферме “Жукевічы”, малочнатаварным комплексе “Алекшыцы” і ў майстэрнях, а таксама паглядзелі, як пратручваецца збожжа на зернескладзе. Яны ўбачылі, як прымяняюцца практычныя веды на самай справе.
На здымках: Дзмітрый Шавель, Аляксандр Верабей і Уладзімір Апон; Юрый Турчанінаў.

Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *