Гападаркі Бераставіччыны — сярод пераможцаў рэспубліканскага фестывалю “Дажынкі”

Лента новостей

Аднаўляюцца і прымаюць новы сучасны выгляд плошчы, вуліцы і будынкі гарадоў рэспублікі, у якіх праводзяцца рэспубліканскія фестывалі “Дажынкі”. Жыхарам тых населеных пунктаў, якія гасцінна сустракалі і ўшаноўвалі людзей, чые рукі пахнуць хлебам, на доўгія гады застаецца добры ўспамін пра такую значную падзею. Традыцыйнае народнае беларускае свята нікога не пакідае раўнадушным, карані яго ў далёкім мінулым. І тое, што яно набыло новы сэнс зараз, з’яўляецца добрай матывацыяй для хлебаробаў. Аграномы, камбайнеры, вадзіцелі, аператары зернесушыльных комплексаў ведаюць, што іх плённая высакародная праца не застанецца незаўважанай, а будзе годна ацэнена.
Адзначу адразу, што вельмі прыемна мне было бачыць на экране тэлевізара ў святочным рэпартажы са Жлобіна, які сёлета быў удастоены гонару ўшаноўваць перадавікоў жніва, нашых землякоў. Іх узрушаныя твары красамоўна сведчылі пра значнасць для іх гэтай неардынарнай падзеі. Першы намеснік старшыні Бераставіцкага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзмітрый Кадргулаў пацвердзіў маё ўражанне:
— Калі хто — небудзь скажа, што ён там не хваляваўся, дык гэта будзе не зусім праўдай. Зразумела, што людзі хваляваліся. Я ўпершыню ўбачыў так блізка Прэзідэнта.
У Жлобін з усіх абласцей рэспублікі з’ехалася цэлае сузор’е перадавікоў. Многія з іх прыязджаюць на “Дажынкі” не першы раз. У іх адрас гучалі шчырыя словы павагі і ўдзячнасці. Уразіла гасцей свята выстаўка аўтамабіляў, якія былі па-святочнаму ўпрыгожаныя, і чакалі сваіх уладальнікаў — рэкардсменаў жніва — 2013. Можна было купіць адметныя сувеніры, а таксама падарункі дзецям і родным. Многія хлебаробы цікавіліся навінкамі тэхнікі, якая таксама была шырока прадстаўлена, фатаграфаваліся на фоне яркіх стэндаў, імправізаваных сялянскіх падворкаў. Аграрыі сустракаліся з калегамі, віншавалі адзін аднаго, дзяліліся прафесійнымі сакрэтамі, якія датычацца культуры земляробства і новых здабыткаў.
Мы па праву можам ганарыцца нашым моцным раёнам. З года ў год тут укараняюцца новыя сучасныя тэхналогіі, да нас прыязджаюць па перадавы вопыт. Вось і ў гэтым годзе на свяце “Дажынкі – 2013” Бераставіцкі раён у рэспубліканскім спаборніцтве за асаб­лівыя дасягненні на ўборцы ўраджаю збож­жавых і зернебабовых культур, у нарыхтоўцы травяных кармоў і ў вытворчасці жывёла­гадоўчай прадукцыі, а таксама ў павышэнні культуры земляробства быў узнагароджаны ганаровым дыпломам і прэміяй.
Дарэчы, так адзначаны быў у краіне яшчэ толькі адзін раён – Нясвіжскі, дзе таксама традыцыйна высокія паказчыкі.
А сярод гаспадарак пераможцамі ў рэспубліканскім спаборніцтве па Гродзенскай вобласці сталі і гаспадаркі з Бераставіччыны. Другое месца заняла аграфірма “Стары Дворац”, трэцяе заняў СПК “Макараўцы”. Яны ўзнагароджаны ганаровымі дыпломамі і прэміямі. А СВК “Алекшыцы” стаў пераможцам рэспубліканскага агляду — конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў” і атрымаў узнагароду – дыплом і прэмію ў памеры 173 мільёны рублёў на набыццё трактара “Беларус – 82.1”.
Трэці раз пабываў на рэспуб­ліканскім свяце галоўны аг­ра­ном РУСП “Масаляны” Сяргей Калеснік. Вось і сёлета ён стаў пераможцам па вобласці сярод прадстаўнікоў сваёй высакароднай і нялёгкай прафесіі. Самыя цёплыя словы прагучалі таксама ў адрас камбайнераў, вадзіцеляў і аператараў зернесушыльных комплексаў. У сваіх намінацыях лепшымі ў рэспубліканскім спаборніцтве па Гродзенскай вобласці сталі вадзіцелі з СВК імя Варанецкага Васіль Легашчоў і Анатоль Чарняк, а таксама аператар зернесушыльнай устаноўкі Уладзіслаў Красоўскі з гэтай жа гаспадаркі. Узнагародай ім сталі таксама ганаровыя дыпломы і прэміі.
Шлях да такіх значных перамог быў нялёгкі.
— Ураджайнасць збожжавых у нас у гэтым годзе была 61 цэнтнер з гектара, — гаворыць Сяргей Калеснік. – Урадзілі яравая пшаніца, ячмень. Каб дабіцца такіх вынікаў, людзі добра папрацавалі. У чатыры фазы ўносілі мінеральныя ўгнаенні, мікраэлементы, своечасова правялі фунгіцыдную ахову раслін. Механізатар Віктар Карпук пастараўся на культывацыі, Юрый Калюта на падрыхтоўцы глебы. На сяўбе добрых вынікаў дабіўся Дзмітрый Данільчык, на хімапрацоўцы раслін — Юрый Шляхтун, на ўборцы пастараліся Аляксандр Іваноўскі і Аляксандр Максімік. Праца наша калектыўная, і шчырае дзякуй усім сумленным працаўнікам!
Далучаемся да яго цёплых слоў і мы.
Хочацца спадзявацца, што і далей наша родная Бераставіччына будзе славіцца людзьмі, якія вырошчваюць важкі залаты колас. Новых ім працоўных здабыткаў і высокіх узнагарод!
Ніна Наддэ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *