На святочным мерапрыемстве да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, якое праходзіла ў Вялікай Бераставіцы 3 ліпеня, бераставіцкая зямля “пабагацела” на дваіх Ганаровых грамадзян раёна – гэтае пачэснае званне атрымалі навуковы супрацоўнік музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы Мікалай Пацэнка і настаўнік гісторыі, кіраўнік гісторыка-краязнаўчага народнага музея “Вытокі” Малабераставіцкай сярэдняй школы Тамара Эйсмант. Сёння мы бліжэй пазнаёмім нашых чытачоў з Тамарай Іванаўнай Эйсмант.
1 верасня 2017 года Тамара Іванаўна адзначыць своеасаблівы юбілей – 45 гадоў працы ў Малабераставіцкай сярэдняй школе. А калі ўлічыць яшчэ дзесяць гадоў, якія яна вучылася ў гэтай школе, дык дата атрымаецца яшчэ больш значнай!
За гэтыя гады зроблена нямала і дасягнута нямала. Настаўнік вышэйшай катэгорыі, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “Чалавек года Гродзеншчыны” ў невытворчай сферы — гэта толькі невялікі пералік самых значымых рэгалій Тамары Эйсмант. А колькі іншых узнагарод, аб якіх настаўніца сціпла маўчыць, бо, як прызнаецца, не любіць, калі на гэтым акцэнтуюць увагу.
— Я проста працую так, як мяне некалі вучыў мой бацька, Іван Іванавіч Арэшкін: “Калі ўзяўся за працу, то трэба выканаць яе на “выдатна”. А да ўзнагарод ніколі не імкнулася, проста неяк так атрымліваецца, што яны знаходзяць мяне самі.
Я цікаўлюся ў Тамары Іванаўны, з якім адчуваннем яна ўспрыняла вестку аб прысваенні ёй звання Ганаровага грамадзяніна Бераставіцкага раёна?
— Для мяне гэта было досыць нечакана, я нават і не спадзявалася, што такое і магчыма, — узрушана гаворыць мая субяседніца. – Вядома, з аднаго боку, гэта прыемна. Асабліва тое, што людзі, якія мне акружаюць і ведаюць, успрынялі гэта станоўча: падыходзяць, віншуюць, кажуць, што рады гэтай падзеі і ганарацца мною. Але, з другога боку, я разумею, што гэта вялікая адказнасць. Адразу ўзнікла адчуванне, што трэба працягваць актыўна працаваць, гэта званне да многага абавязвае. Да адказнасці я ўжо прывыкла, бо быць настаўнікам – гэта заўсёды адказна, асабліва ў сельскай мясцовасці, дзе ты пастаянна на віду. Ну а пра адпачынак прыйдзецца, хіба што, пакуль забыць…
У педагогіку Тамара Іванаўна пайшла па прыкладу свайго бацькі і старэйшай сястры — настаўніцы матэматыкі, якая таксама ўсё жыццё адпрацавала ў Малабераставіцкай школе.
— Гісторыю выбрала таму, што мой бацька, Іван Іванавіч Арэшкін, якога больш ведаюць як былога старшыню мясцовага калгаса, па другой спецыяльнасці быў гісторыкам, дома было шмат гістарычнай літаратуры, якую і я чытала, — расказвае Тамара Эйсмант, — а яшчэ любоў да гэтага прадмета мне прывіла і мая настаўніца гісторыі Вольга Васільеўна Сачок. Я да гэтага часу памятаю яе ўрокі гісторыі.
У 1972 годзе Тамара (тады яшчэ Арэшкіна) закончыла Малабераставіцкую сярэднюю школу і паехала паступаць у Гродзенскі педінстытут.
— У тыя часы прэстыж гістарычнага факультэта быў вельмі вялікі – конкурс складаў 13 чалавек на месца, — успамінае Тамара Іванаўна. – А мне не хапіла толькі паўбала. Я вярнулася ў родную школу і стала працаваць піянерважатай. За год я так прывыкла да сваіх піянераў, што нават не ўяўляла, як іх можна пакінуць, калі паступлю вучыцца на стацыянар. Таму і выбрала завочнае аддзяленне.
Сем гадоў Тамара Іванаўна займалася работай з піянерамі, неаднаразова ўдзельнічала ў конкурсах важацкага майстэрства, як раённых, так і абласных, нават атрымала высокую ўзнагароду – нагрудны знак ЦК УЛКСМ.
Але ўрокі гісторыі ўсё-такі цягнулі яе мацней.
— Гэта работа мне па душы, ніколі не было шкадавання, што стала педагогам. Шмат маіх вучняў таксама сталі настаўнікамі, з некаторымі і цяпер разам працуем у адной школе. На першым месцы ў мяне заўсёды дзеці. І мяне вельмі радуе, калі яны не заўважаюць, як мінае ўрок і кажуць: “Тамара Іванаўна, а давайце яшчэ папрацуем!” Гэта найвышэйшая адзнака працы любога педагога. А яшчэ разам з дзяржаўнымі ўзнагародамі я берагу вось гэты дыплом “Самыя цікавыя ўрокі”, які ўручылі мне адзінаццацікласнікі на выпускным вечары, магчыма, для мяне гэта і ёсць самая каштоўная ўзнагарода, бо прызнанне вучняў для настаўніка самае дарагое.
Нягледзячы на вялікі педагагічны стаж, Тамара Іванаўна пастаянна займаецца самаадукацыяй, імкнецца ісці ў нагу з часам, знаходзіць новыя цікавыя формы работы на ўроку. Яна прызнаецца, што на пачатку на ўроках больш арыентавалася на цікавы эмацыянальны аповед, калі вучні слухалі яе, затаіўшы дыханне, а цяпер імкнецца да таго, каб дзеці самі актыўна працавалі і здабывалі веды.
12 гадоў Тамара Эйсмант адпрацавала і завучам у школе, але зразумела, што адміністрацыйная работа, якая дала ёй немалы вопыт, усё-такі не яе, яна перш за ўсё настаўнік і толькі як настаўнік можа па-сапраўднаму рэалізавацца.
А яшчэ — як кіраўнік школьнага музея, якому таксама аддала шмат гадоў свайго жыцця. З 2004 года, калі было вырашана адрадзіць музей, Тамара Іванаўна з’яўляецца яго нязменным кіраўніком і натхняльнікам гісторыка-краязнаўчай работы ў школе.
— Калі пачыналі адраджаць музей, — успамінае Тамара Эйсмант, — былі прапановы зрабіць яго вузка профільным. Але мы палічылі, што ў школе павінен быць менавіта гісторыка-краязнаўчы музей, які б даваў шырокія магчымасці для выхаваўчага і адукацыйнага працэсу. Сёння ў музеі знаходзіцца больш за 1170 экспанатаў, і ўсе яны сапраўдныя, не муляжы. Мы вядзём пошукавую работу, арганізуем экспедыцыі, вучні, бацькі і проста мясцовае насельніцтва дапамагаюць папаўняць фонды. Мы многа працавалі над тым, каб гісторыка-краязнаўчы музей “Вытокі” Малабераставіцкай сярэдняй школы атрымаў статус народнага, і ў 2015 годзе гэта атрымалася.
Я пацікавілася ў Тамары Іванаўны, якія экспанаты музея найбольш рэдкія і ўяўляюць значную гістарычную каштоўнасць?
— Ведаеце, гэта вельмі цяжка вызначыць, — задумалася Тамара Іванаўна. – Кожны экспанат музея мае сваю гістарычную каштоўнасць і па-свойму дарагі. Напрыклад, у нас у музеі знаходзіцца нумар газеты “Красная звезда” ад 10 мая 1945 года, прычым, арыгінал, а не ксеракопія. Гэта, можна сказаць, адзін з вынікаў конкурсу на лепшы экспанат, які мы штогод праводзім. Дык вось, гады хіба тры назад, гэту газету прынёс адзін з вучняў, які знайшоў яе ў вёсцы Камянка ў доме дзядулі на гарышчы ў драўляным куфары.
Каб зацікавіць вучняў экскурсійнай і навукова-даследчай дзейнасцю, на базе музея працуе гурток “Юныя экскурсаводы”.
— Музей – гэта твар нашай школы, цэнтр грамадзянска-патрыятычнага выхавання, таму стаць экскурсаводам у нашай школе лічыцца вялікім гонарам, — адзначае Тамара Іванаўна, — але мае вучні не толькі праводзяць экскурсіі, яны пішуць навукова-даследчыя працы і кожны год на раённых і абласных канферэнцыях атрымліваюць першыя месцы. А яшчэ пошукава-даследчая група вучняў працуе над стварэннем
электроннай кнігі “Памяць” аб ваенным лёсе воінаў-землякоў, у яе ўжо ўнесена больш за 220 чалавек, гэта вельмі неабходная праца, і яе абавязкова трэба працягваць.
Да нас ужо нават звяртаюцца людзі і просяць знайсці сваякоў, якія прапалі без вестак.
Тамара Эйсмант падкрэслівае, што над музеем яна працуе не адна: заўсёды падтрымлівалі і дырэкцыя школы, і аддзел адукацыі, і раённыя ўлады.
А яшчэ яна вельмі ўдзячна і мужу, Збышку Мар’янавічу, — ён аднадумец і сапраўдная падтрымка для Тамары Іванаўны. Вельмі многа дапамог і з музеем, і, асабліва, з электроннай кнігай “Памяць”. Ён можа ноч прасядзець і праглядзець 20 тысяч прозвішчаў, каб знайсці знаёмыя.
— Вучыліся мы ў адным класе, потым пажаніліся, і ведаеце, чым далей, тым больш цэнім адзін аднаго, – усміхаецца Тамара Іванаўна. — Па спецыяльнасці муж аграном, але так склаліся абставіны, што цяпер працуе загадчыкам гаспадаркі ў школе. У нас двое дзяцей, сын Андрэй і дачка Юлія, трое ўнукаў. Ганаруся сваімі дзецьмі, яны старанныя работнікі, у іх добрыя сем’і, мне ніколі не было сорамна за іх.
На развітанне я запытала ў Тамары Іванаўны, аб чым яшчэ марыць Ганаровы грамадзянін Бераставіцкага раёна?
— Хацелася б пашырыць экспазіцыю музея, — пачынае пералічваць Тамара Эйсмант. — Хацелася б вывесці сваіх юных даследчыкаў на міжнародны ўзровень. Мару выдаць зборнік навукова-даследчых работ сваіх вучняў, якія мы напісалі на мясцовых матэрыялах, аб сваіх людзях і аб падзеях у нашым мікрараёне. Я думаю, што ён быў бы вельмі запатрабаваны. А яшчэ хацелася б знайсці час, каб перачытаць класічную літаратуру, якую я вельмі люблю, і каб хапала часу на яшчэ адно маё хобі – вырошчванне кветак.
Каб стаць паспяховым чалавекам, упэўнена Тамара Іванаўна, патрэбна нямнога — прафесіяналізм, творчасць, адданасць справе, павага да людзей, падтрымка родных і блізкіх. Гэтаму яна вучыць сваіх вучняў і гэтым прынцыпам кіруецца ў сваім жыцці.
Ірына МІКЛАШ