Галоўны эканаміст аграфірмы “Стары Дворац”

Лента новостей

Бацькі яе – людзі простыя і сціплыя. Маці – палявод, бацька – шафёр, а дачка закончыла школу з залатым медалём, і вышэйшую навучальную ўстанову выбрала не проста па даведніку, а ўступіўшы ў перапіску … з самім дэканам. І гэтая вясковая дзяўчынка з Ляхавіцкага раёна тады не толькі атрымала ветлівы і добразычлівы адказ са змястоўнай інфармацыяй, але ёй яшчэ і прыслалі газету, дзе падрабязна было расказана пра факультэт эканомікі сельскай гаспадаркі тагачаснага інстытута народнай гаспадаркі ў Мінску. І ваганні яе ў далейшым выбары адпалі самі сабой, а прэстыжная вышэйшая навучальная ўстанова атрымала ўдзячную і старанную студэнтку.
Пра каго я вяду размову? Думаецца, людзі, з якімі жанчына працуе, яе ўжо пазналі. Публікацыя гэтая пра нашу сучасніцу, сяльчанку, галоўнага эканаміста аграфірмы “Стары Дворац” Галіну Лойка. Супрацоўнічаючы шмат гадоў з ёю, рыхтуючы матэрыялы па эканоміцы, я і сама ўбачыла падчас нядаўняй гутаркі Галіну Рыгораўну зусім з іншага боку. Пагаварылі мы і пра працоўныя будні, якія даюць нам хлеб надзённы і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, і пра любімы занятак – адтуліну для душы сярод многіх турбот, і пра каханне, якое не пакідае раўнадушнай ні адну жанчыну, і пра дзяцей – самае дарагое, што ў нас ёсць… Размова атрымалася вельмі цікавая, і ажыўляў яе агеньчык гумару.
Трапіць у сталіцу пасля школы з вёскі, дзе Галя дапамагала бацькам даглядаць карову і свіней, а таксама палоць уласны немалы ўчастак каля дома і вялікую “дзялку” калгасных буракоў аж да самага гарызонта, дзяўчыне было непрывычна. Успамінае, як радасна ёй было, калі прыязджала дамоў. І зараз, праз шмат гадоў, гаворыць, што горад – гэта “не яе”, вернасць вёсцы яна пранесла праз усё жыццё.
Вучыцца было цікава, запомніўся, напрыклад, прадмет – тэорыя эканамічных вучэнняў. На той час вывучалі і эканоміку сацыялізма і капіталізма.
— А які зараз у нас лад? – цікаўлюся ў спецыяліста. – Сацыялізм перасталі будаваць, капіталізма, здаецца, таксама ў нас няма.
— Будуем развітую эканоміку, — адказвае Галіна Рыгораўна.
З гэтым я згодна.
Па размеркаванні трапіла дзяўчына ў наш раён. Прыехала сюды малады спецыяліст ужо з мужам, а вяселле было як раз на Дзень Перамогі і перад дзяржаўнымі экзаменамі. Выйшла замуж за аднакласніка, што, згадзіцеся, не так ужо і часта бывае.
— Ён сядзеў за партай перада мной, — усміхаецца жанчына. – Ён спакойны, харошы хлопец быў, працавіты. Мама ў яго была хворая, дык ён ёй дапамагаў, усё дома рабіў. Вадзіцелем працуе.
— А ў сваёй рабоце не расчараваліся? – цікава мне.
— Не, што Вы! Спачатку, вядома, цяжка было.
— Перажывалі, калі нешта не ўдавалася, можа, плакалі нават?
— Не тое што плакала, рыдала! – адказвае мая субяседніца. – Гэта калі трэба было шмат зрабіць, а часу мала. Мы тады на лічыльніках лічылі, ды я і на іх не ўмела спачатку.
— А што такое, на ваш сённяшні погляд, работа галоўнага эканаміста?
Галіна Рыгораўна гаворыць:
— Гэта на 70 працэнтаў аналіз і на 30 працэнтаў планіраванне. Усю інфармацыю трэба раскласці “па паліцах”. Напрыклад, нашу гаспадарчую дзейнасць — па сельгаскультурах, у механізацыі — як выкарыстоўваецца тэхніка і іншае, што выгадна, што не. Прааналізаваўшы сітуацыю, падказваю кіраўніку, калі нешта не так. Мінулы год парадаваў нас, чыстага прыбытку атрымалі 9,4 мільярда рублёў. Людзям выгадна добра працаваць. Выплачваем ім з прыбытку на набыццё сельгаспрадуктаў “трынаццатую зарплату”. За мінулы год ў сярэднім атрымалася на кожнага болей двух мільёнаў. Сачу, каб строга захоўваўся калектыўны дагавор.
У некаторых людзей захавалася “настальгія” па тых гадах, калі існаваў Савецкі Саюз. Цікава мне было даведацца, што думае Галіна Рыгораўна пра гэта.
— Не, мы зараз лепш жывем. Ёсць выбар! А тады ў нас на курсе ў дзяўчат былі тры аднолькавыя сукенкі, што ў магазінах купілі. Зараз рынкі ёсць. Харчавацца мы сталі лепш. Тады катлеты, гарошак да святаў былі, а зараз кожны дзень можам так есці. Калі нешта хочаш купіць – купіш. Ды і працаваць стала лягчэй. Як успомню, як мама працавала паляводам, а мы ёй дапамагалі! Буракі цукровыя і кармавыя як цяжка было палоць! А зараз – новыя тэхналогіі. Палоць уручную не трэба…
Дзеці ў сям’і Лойка ўжо выраслі. Дачка працуе на ААТ “Малочны Мір”, сын вучыцца ў каледжы на механіка. Хутка па размеркаванні прыедзе ў наш раён. А што любіць наша зямлячка рабіць у вольную гадзіну?
— У маладосці любіла вышываць. Ад мамы навучылася, у мяне яна была выдатная рукадзельніца. І зараз свае вырабы ў мяне ёсць. Чытаць люблю, асабліва пра каханне. А фільмы мне падабаюцца старыя, з “залатой калекцыі”, напрыклад, “Вясна на Зарэчнай вуліцы”.
— А муж з цягам часу такі ж харошы застаўся? – цікава мне. – Дапамагае?
Галіна Рыгораўна згодна ківае.
Размова наша праляцела хутка.
— Жыццё ўдалося? – задаю ёй апошняе пытанне.
— Удалося! – адказвае і цёпла ўсміхаецца мая субяседніца.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *