Уладзімір Карытца – паважаны чалавек у СВК “Алекшыцы”, і ў пераходзе васьмітысячнага рубяжа па надоі на карову за мінулы год ёсць і яго значны ўклад. Гэта вельмі добры паказчык у параўнанні з іншымі сельгаскааператывамі рэспублікі. А раскрыццё генетычнага патэнцыялу жывёлы дасць магчымасць не спыняцца на дасягнутым і рухацца далей, лічыць Уладзімір Уладзіміравіч. І не толькі праславуты “вал” у полі зроку спецыяліста, але і далейшы акцэнт на якасць малака, хаця і зараз усё яно здаецца вышэйшым гатункам. Аднак, як кажуць, няма мяжы ўдасканаленню, а ўзрост гэтага чалавека яшчэ толькі набліжаецца да паўстагоддзя, ён у росквіце сіл, наперадзе ў яго шмат плённых спраў. Далейшая мэта галоўнага заатэхніка і працаўнікоў – здача малака гатункам “экстра”. Лічу, што для такіх моцных гаспадароў, як алекшыцкія, гэта рэальная вышыня.
А жывёлу вясковы хлопчык палюбіў з малых гадоў. Немагчыма працаваць у жывёлагадоўлі і быць да яе раўнадушным. Выпадковы чалавек тут не затрымаецца, таму што ў лічбах, як у люстэрку, адразу адаб’ецца якасць догляду той самай каровы, як пра яе клапоцяцца, кормяць і дояць. Не будзе добрых адносін, сапраўднага догляду, не варта чакаць і рэкордных надояў.
Сям’я Карытца жыла ў вёсцы Верхаўляны, як і ўсе вяскоўцы, трымала хатнюю гаспадарку. Без свойскай жывёлы ў вёсцы чалавек – не гаспадар. Так гаварыла яшчэ і мая бабуля, так лічаць і многія вяскоўцы, хаця вострай патрэбы ў прадукцыі жывёлагадоўлі ў сучасных аграгарадках ужо няма. Сёння ў магазіне можна купіць і смачны ёгурт, і адмысловы салодкі сырок, і нятлустае малако, і нават салёнае масла, якое нагадвае ранейшае, вясковае. Але ёсць адзін нюанс, у якім Уладзімір Уладзіміравіч са мною згодны. Якой бы смачнай не была магазінная прадукцыя, усё ж ёй далёка да такога ні з чым не параўнальнага традыцыйнага сялянскага эліксіру жыцця, як сырадой. З яго раней пачыналася кожная вясковая раніца, ён даваў бадзёрасць і добры настрой. А мама хлопчыка была даяркай, вельмі ўвішнай жанчынай, якая разам з бацькам — механізатарам і сынам дома спраўлялася і на ферме старалася. Валодзя ёй дапамагаў. І на ферму пастаянна прыходзіў, але ўспамінае з усмешкай, што мама, шкадуючы яго, давала яму “лягчэйшых кароў”. Спачатку вельмі шмат было ручной працы, даяркі самі і кармілі жывёлу, і даілі ў даільныя вёдры. На адну працаўніцу прыходзілася па 30 кароў. Лягчэй стала, калі карміць рагуль пачалі даглядчыкі. Успамінаючы ранейшыя фермы, многія аграрыі зараз кажуць: “пякельная праца”. Толькі ўзаемадапамога і падтрымка яе аблягчала, ды пачуццё адказнасці за давераную важную справу.
Закончыўшы школу, юнак вёсцы не зрадзіў, гарадскім жыццём не спакусіўся. Ён толькі атрымаў добрую адукацыю ў Гродзенскім аграрным універсітэце, вывучыўся на заатэхніка і вярнуўся на родную зямлю. Цяпер ён ведае, як весці жывёлагадоўлю па навуцы, якія для розных груп кароў павінны быць рацыёны, як іх трэба складаць, каб забяспечыць патрэбы арганізму ў бялку, мінералах, вітамінах. Стрававальная сістэма буйной рагатай жывёлы мае сваю спецыфіку, і захворванні могуць узнікаць ад няправільнага кармлення. Веды гэтага чалавека ўзбагаціліся практычнай работай заатэхнікам на комплексе па дарошчванні і адкорму буйной рагатай жывёлы, а зараз галоўны заатэхнік гаспадаркі клапоціцца пра ўсю яе жывёлага-доўчую галіну. Разам з калектывам ён зацікаўлены ў далейшых поспехах. Задаволены, што тэхнічнае забеспячэнне жывёлагадоўлі значна пайшло наперад, нашмат лягчэйшай стала праца аператараў машыннага даення. Даільная зала на малочнатаварным комплексе сучасная, чэшская. Вядзецца прафілактыка мастытаў кароў. Хворыя дояцца асобна.
Уладзімір Уладзіміравіч просты і камунікабельны чалавек. Ён з павагай ставіцца да тых людзей, якія разам з ім робяць такую значную справу – умацоўваюць дабрабыт гаспадаркі, вырашаюць харчовую праграму краіны. Вядома, як і ўсюды, бываюць у гэтым сельгаскааператыве цяжкасці, але іх імкнуцца пераадольваць сумесна, дружнай і моцнай камандай.
— Я ведаю Уладзіміра ўжо каля трох дзясяткаў гадоў, — гаворыць намеснік старшыні СВК “Алекшыцы” па ідэалагічнай рабоце і старшыня прафкама Ганна Міхаленка. – За гэты час, вобразна кажучы, з’елі з ім не адзін “пуд солі”. Ён вельмі добры чалавек і верны сябар. Спачувае чужому гору і не зайздросціць чужому шчасцю. Любому чалавеку, які да яго звернецца, абавязкова дапаможа. З ім вельмі лёгка працаваць.
Ніна Наддэ