Галоўны ветурач цэнтра селекцыі і генэтыкі па Бераставіцкім раёне Леанід Пронін — чалавек, не выпадковы ў сваёй прафесіі

Лента новостей

Паспяховая самарэалізацыя магчымая толькі тады, калі прафесія выбіраецца па прызванні. Менавіта так можна сказаць пра галоўнага ветурача цэнтра селекцыі і генэтыкі па Бераставіцкім раёне Леаніда Проніна. Родам ён са Свіслачы. А вучыцца на ветфельчара паступіў ў Ваўкавыскі сельгастэхнікум. Будучую прафесію выбраў не выпадкова. Былі ў яго кот, сабака і папугаі. Жывыя істоты радавалі хлопчыка, і прывык ён адносіцца да іх ласкава і спагадліва, як да сапраўдных “братоў нашых меншых”. А папугаі ў яго давалі патомства і нават паспяхова вучыліся гаварыць. Ён стараўся разводзіць іх “па навуцы”. Нават “хаткі” рабіў асобныя.
Па размеркаванні Леанід трапіў у наш раён. Яго былі нават рады забраць сюды, у райветстанцыю. З таго часу прайшло больш за 2 дзясяткі гадоў. Ад сціплага юнака, які толькі пачынаў першыя крокі ў любімую прафесію, яго аддзяляе немалы ўжо шлях. Ён не быў лёгкім, былі і сумненні, і цяжкасці. Калі пасля тэхнікума яму шмат дапамагалі і многаму маладога спецыяліста вучылі старэйшыя калегі – ветурачы Пётр Вета і Анатолій Камякевіч, дык зараз Леанід перадае свае веды і навыкі тым, у каго яшчэ няма такога вопыту. І ён не спыніўся на сярэдняй спецыяльнай адукацыі, зараз завочна заканчвае факультэт ветэрынарнай медыцыны Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.
Зразумела, за гады яго работы ў ветэрынарыі і сельскай гаспадарцы шмат змянілася. Больш строгімі сталі патрабаванні да якасці прадукцыі. Напрыклад, у мінулым стагоддзі не звярталася ўвага на наяўнасць антыбіётыкаў у малацэ, а ў 21 веку гэта ўжо недапушчальна. Ды і прэпараты ёсць розныя і сучасныя. Ёсць нават такія, якія пры лячэнні кароў не трапляюць у малако.
Менш стала зараз і захворванняў. Няма ўжо многіх ранейшых праблем. Зжылі лейкоз, менш стала гінекалагічных захворванняў. Паменшылася і колькасць мастытаў. У многім гэта дзякуючы добрай прафілактыцы і догляду жывёлы, напрыклад, паляпшэнню мікраклімату ў памяшканнях комплексаў, дэзінфекцыі, увядзенню мацыёну. Як і чалавеку, прагулкі і фізічная актыўнасць карысныя любой жывой істоце. Ды і ў гаспадарках, дзе клапоцяцца пра павышэнне прадуктыўнасці, не шкадуюць грошай на сучасныя якасныя эфектыўныя лекі. Гэта дапамагае рабоце спецыялістаў. Увага надаецца і своечасовай вакцынацыі.
А для прафесійнага росту і папаўнення ўласнага “багажу” галоўнага ветурача-гінеколага шмат дае і вышэйшая адукацыя. Можна быць у курсе апошніх навінак айчыннай і замежнай ветэрынарыі.
— А які цікавы выпадак запомніўся? – спыталася я ў Леаніда.
— Іх было шмат. Аднойчы карова не магла расцяліцца, і ў гаспадарцы ёй не змаглі дапамагчы. Прыйшлося рабіць кесарава сячэнне. Зрабіў аперацыю, цялятка было жывое.
— Прыемна вам было?
— Вельмі! Жывая істота, і радасна зразумець, што гэта ты ёй дапамог нарадзіцца на свет.
Прыемна і мне пагутарыць з такім чалавекам. Прафесія ветэрынара нялёгкая, а тым больш у сельскай гаспадарцы. “лёгкага хлеба” там не бывае. Уражанне ў мяне засталося самае добрае. Калегі Леаніда Проніна таксама шчыра яго паважаюць.

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *