Галоўная медсястра Бераставіцкай ЦРБ

Лента новостей

Вырашаючы  ў юнацтве, “на каго пайсці вучыцца”, мы асаб­ліва не задумваемся, наколькі адказны і важны крок робім у жыцці. Шчаслівы той, хто не памыляецца ў такім выбары. Ала Турэйка (на здымку), заканчваючы школу ў роднай вёсцы Ханявічы на Свіслаччыне, таксама, вядома, не магла ведаць, што ўяўляе сабой прафесія медыка. Сястра Таня разважала так:  “Гандлёвы работнік у нашай сям’і ўжо ёсць (сама яна вывучылася на прадаўца), таму раю табе, Ала, атрымаць медыцынскую адукацыю”.
– Ведаеце, я не раз потым з ўдзячнасцю ўспамінала тыя яе словы,– прызнаецца Ала Андрэеўна Турэйка. – Сястра добра ведала мяне, мой характар і не памылілася ў тым, што менавіта медыцына – маё прызванне. Уласна кажучы, ўжо ў час вучобы ў Мінскім медыцынскім вучылішчы – а выкладалі тут выдатныя спецыялісты! – а таксама праходзячы практыку ў сталічнай  бальніцы хуткай дапамогі і ў 6-й клінічнай бальніцы, потым ў Стаўбцоўскай ЦРБ, я ўсё больш пераконвалася, наколькі важная і патрэбная мая прафесія, і знаходзіла радасць у тым, што дапамагаю ўрачам вяртаць хворым здароўе.
Пасля размеркавання маладая медсястра працавала ў 9-й клінічнай бальніцы Мінска. Ёй падабалася ўсё: праца, горад, калектыў. Але ад усяго гэтага Ала адмовілася дзеля любімага чалавека: Анатоль, з якім яны сябравалі яшчэ са школы, жыў і працаваў у Гродне, ну а Мінск яго зусім не вабіў. Дзяўчыне ж не хацелася жыць у абласным цэнтры, якога яна амаль не ведала. Пажаніўшыся, маладыя прынялі кампраміснае рашэнне пасяліцца ў Вялікай Бераставіцы, дзе якраз і жыла старэйшая сястра Алы. Пасёлак наш, спакойны і зялёны, вельмі падабаўся абодвум маладажонам. “Мы і сённы не шкадуем, што прынялі тады  такое рашэнне і адмовіліся ад вялікіх гарадоў, – кажа Ала Андрэеўна.– Бераставіца вельмі ўтульная, камфортная  для сямейнага жыцця, тут ты спакойны за сваіх малалетніх дзяцей. А галоўнае, людзі жывуць добрыя і спагадлівыя”.
У нас Але Андрэеўне пашанцавала адразу ўладкавацца на працу па спецыяльнасці. Не перабольшу, калі скажу, што і аднаму з аддзяленняў цэнтральнай раённай бальніцы тады пашанцавала не менш: маладая медсястра валодала досыць добрымі прафесійнымі навыкамі і была ўважлівай да хворых, умела адчуваць іх боль.  Кожны ж новы год работы прыбаўляў не толькі працоўны вопыт – калег усё больш прыцягвалі такія рысы яе характару, як камунікабельнасць, чуласць, добразычлівасць, і гэта не магло застацца неацэненым. Таму невыпадкова, калі ў тэрапеўтычным аддзяленні райбальніцы спатрэ­білася старшая медсястра,    з прапановай кіраўніцтва ЦРБ звяр­нуліся менавіта да Алы Андрэеўны. Яна тады была ў дэкрэтным водпуску – малодшаму сыночку не споўнілася яшчэ і двух з паловаю гадкоў.  Ды і ўвогуле сумнявалася: ці спраўлюся? Але галоўны ўрач і галоўная медсястра ЦРБ прыехалі нават дахаты, і  часу на роздум не далі…
У яе не толькі змяніўся графік работы і пабольшала клопатаў ды  абавязкаў. Маладая жанчына цяпер адказвала і за сябе, і за іншых. Атрымаць і раздаць лекі, прасачыць, як захоўваецца ў аддзяленні санітарна-эпідэміялагічны рэжым і раздаецца хворым ежа, а яшчэ – вучоба з сярэднім і малодшым медперсаналам па прафілактыцы ВІЧ і іншых асабліва небяспечных, а таксама ўнутрыбальнічных інфекцый… Я не бяруся акрэсліць усё кола абавязкаў старшай медсястры, ды і не пра гэта рэч. І нават не пра тое, наколькі добрасумленна,  з веданнем справы працавала Ала Андрэеўна, павышала свой прафесійны ўзровень і неўзабаве мела ўжо вышэйшую кваліфікацыйныйную катэгорыю. Хачу спыніцца на іншым: узаемаадносінах старшай медсястры з медперсаналам, за работу якога яна адказвала. У аддзяленні панаваў добры мікраклімат, і ў гэтым была немалая заслуга ўраўнаважанай, прыязнай і тактоўнай Алы Андрэеўны. Атрымліваючы ад яе заўвагу за промах ці недаробак, можна  было разлічваць найперш на яе параду,  а не на рэзкае спагнанне. Старшая медсястра ўмела прыкмеціць і ацаніць сапраўднае старанне работніцы, яе памкненнне аблегчыць боль і пакуту хворага.
– Мне па жыцці шанцуе на добрых людзей, – чую ад Алы Андрэеўны, – І сама стараюся  быць карыснай тым, хто побач. Добрай настаўніцай і дарадчыцай была для мяне  тагачасная загадчыца  аддзялення  і вопытны ўрач                                              Ірына Іванаўна Фальковіч, Заўсёды адчувала падтрымку і загадчыка аддзялення Андрэя Міхайлавіча Богуша, былой галоўнай медсястры ЦРБ Веры Аляксандраўны Дзешка, намесніка  галоўурача ЦРБ Яніны Янаўны Скрундзеўскай, урача Людмілы Апанасаўны Дзешка, якая ў свой час таксама працавала намеснікам галоўурача. Усё жыццё грэе мяне успамін пра тое, як пачынала работу ў Бераставіцы з цудоўнымі медсёстрамі І.П.Саў­чанка, Н.А.Харук.
…Мы размаўляем з Алай Андрэеўнай у кабінеце галоўнай медыцынскай сястры ЦРБ. На гэтай пасадзе яна ўжо пяты год. І нават паўгадзіны  нашай размовы, на працягу якой раздаваліся бясконцыя званкі з райбальніцы, паліклінікі, сельскіх амбулаторый і ФАПаў, заходзілі з тымі ці іншымі пытаннямі наведвальнікі, мне хапіла, каб зразумець, наколькі мнага­гранная работа ў мае суразмоўцы і на­колькі шырокі спектр яе абавязкаў.  У што­тыднёвым рабочым плане Алы Андрэеўны мноства пытанняў,  кожны рабочы дзень запоўнены неадкладнымі клопа­тамі. Гэта, да прыкладу,   вучоба сярэдняга медыцынскага персаналу ЦРБ, конкурсы, ўдзел ў  атэстацыйна-кваліфікацыйных і іншых камісіях, комп­лексныя абходы ад­дзяленняў,  рас­пра­цоўка алга­рытмаў но­вых пастаноў… Усё гэта, і многае другое па рабоце, акуратна адлюстравана ў шматлікіх папках. Менавіта яна, Ала Андрэеўна,  заказвае праз РУП “Фармацыя” для раённай медыцынскай установы аховы здароўя ўсе лекі і расходныя матэрыялы, і не толькі, дарэчы, гэта. Усе апошнія гады ў ЦРБ вядзецца рамонт і мадэрнізацыя, і галоўная медсястра разам з бухгалтарам і юрыстам заказвае  ў  абноўленыя памяшканні неабходную мэблю і медыцынскае абсталяванне.
Ад кіраўніцтва ЦРБ я пачула пра Алу Андрэеўну самыя добрыя словы. Агульная думка такая: чалавек на сваім месцы,  проста нельга ўявіць калектыў медыкаў без гэтага здольнага і адказнага работніка. Яна неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта.
Мне ж хочацца дадаць, што Ала Андрэеўна і яе муж Анатоль Уладзіміравіч – дарэчы, ён працуе ў ЦРБ вадзіцелем машыны хуткай дапамогі – выдатныя бацькі і ўжо сталі шчаслівымі бабуляй і дзядулем. Дачка Аня вывучылася на псіхолага, выйшла замуж і падарыла маме і тату вялікую радасць і ўцеху – ўнучка Владзіка, якому ідзе другі гадок. Сын Іллюша вучыцца ў палітэхнічным каледжы. Дарэчы, літаральна праз некалькі дзён  сям”я, родныя і калегі па працы будуць віншаваць  Алу Андрэеўну з 50-гадовым юбілеем. І жадаць ўсяго самага добрага, светлага, а  найперш, вядома, здароўя – таго галоўнага ў чалавечым жыцці, што ўжо 29 гадоў  яна сама дорыць іншым.
Марыя Драпеза,
фота аўтара


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *