Галоўнае зараз – пасеяць кукурузу

Лента новостей

— У гэты час, — заўважае Павел Станеўскі, галоўны аграном СВК імя Варанецкага, — звычайна яравыя зерневыя падкормлівалі, а тут яны яшчэ толькі ўзыходзяць.
Але нічога, як кажуць, не папішаш: у прыроды свае законы. Хаця і так, як мне здаецца, земляробы раёна нават у такіх складаных умовах у чарговы раз дэманструюць сваю вялізную адказнасць за лёс будучага ўраджаю, максімальна выкарыстоўваючы літаральна кожную хвіліну на веснавым полі. Самая вялікая нязручнасць у тым, што найбольш нізкія месцы, дзе не праходзіць тэхніка, прыходзіцца пакідаць, каб потым па меры высыхання глебы вярнуцца туды зноў і засеяць іх. Але ў цэлым на ходзе палявых работ гэта не вельмі прыкметна адбіваецца.
У СВК імя Варанецкага да 1 мая ў асноўным усе зерневыя і цукровыя буракі былі пасеяны. На бягучым тыдні плануюць справіцца з пасадкай бульбы. Усяго пад гэту культуру ў гаспадарцы адведзена 80 гектараў. У чацвер мне давялося пабываць на бульбяным палетку ў першым вытворчым участку, дзе пасадкай другога хлеба займаўся вопытны і адказны механізатар Дзмітрый Сушко. Ён акурат спыніўся на ўскрайку леса, каб загрузіць чарговую партыю пасадачнага матэрыялу, калі мы прыехалі сюды разам з галоўным аграномам.
— Саджалка не новая, — гаворыць Павел Станеўскі, — але дзякуючы такім людзям, як наш Дзмітрый Уладзіміравіч, нават такія “старажылы” працягваюць надзейна служыць.
Падчас невялікай тэхнічнай паўзы абмяняліся думкамі наконт сёлетняй пасяўной, прыпомнілі часы былыя, калі бульбу, здаралася, саджалі нават у самым канцы мая. Але тады ніякай фітафторы не было, і бульбянішча яшчэ ў верасні стаяла зялёнае, яго касілі і на корм сушылі. Вось як памяняўся наш клімат гадоў за сорак.
На гэтым тыдні ў сельгаскааператыве плануюць таксама закончыць падкормку траў. І самай галоўнай задачай застанецца завяршэнне сяўбы кукурузы. Ёю будзе сёлета тут занята 800 гектараў. Амаль напалову ўжо і гэта заданне выканана.
Сяргей Хілюта



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *