Дзень друку – гэта свята тых, хто працуе ў рэдакцыях газет, часопісаў, у паліграфічнай вытворчасці. Для нас, калектыву «Бераставіцкай газеты», гэтая дата з’яўляецца своеасаблівым рубяжом, калі мы азіраемся назад і аналізуем сваю дзейнасць, а таксама глядзім наперад, імкнучыся ўнесці штосьці новае ў працэс стварэння газетных нумароў, палепшыць змест друкаваных матэрыялаў.
У мінулым годзе «раёнка» адзначыла свой 70-гадовы юбілей. Гэта значая падзея не толькі для супрацоўнікаў рэдакцыі, няштатных аўтараў, але і для ўсіх жыхароў раёна. Менавіта іх жыццё і лёс, штодзённыя клопат і праца, гераічнае мінулае нашага краю, сённяшняя рэчаіснасць адлюстроўваюцца на старонках газеты год за годам. Гэта наша асноўная задача і сёння. Газета па-ранейшаму будзе асвятляць усе значныя падзеі рэгіёна, друкаваць матэрыялы аб людзях, вартых павагі, аб дасягненнях нашых працоўных калектываў і ўзнікаючых праблемах, публікаваць матэрыялы інфармацыйнага характару.
Сёння перыядычны друк перажывае нялёгкі час. Людзі сталі атрымліваць інфармацыю не толькі з газет і часопісаў, але і з дапамогай інтэрнэту. Аднак раённыя выданні ўсё яшчэ дастаткова запатрабаваныя, паколькі наша інфармацыя з’яўляецца найбольш актуальнай для людзей, якія жывуць у невялікіх населеных пунктах. У той жа час мы, ідучы ў нагу з часам, актыўна развіваем і інтэрнэт-версію газеты. Наш сайт карыстаецца папулярнасцю як у жыхароў Бераставіччыны, так і ў землякоў, якія хоць і пражываюць за межамі раёна, але жадаюць быць у курсе яго навін.
Дзень друку – гэта свята, несумненна, і нашых пазаштатных аўтараў, усіх тых людзей, хто па доўгу службы ці па патрабаванні душы лічыць неабходным падзяліцца на старонках газеты сваім меркаваннем, расказаць пра цікавых людзей, што жывуць побач, ці пра падзеі, якія нельга абмінуць, даць слушную параду ці кансультацыю, выказаць прапанову.
Паважаныя нашы аўтары і чытачы! Дзякуючы менавіта вашым лістам і тэлефонным званкам, паведамленням і падказкам фарміруецца «раёнка», забяспечваецца яе інфармацыйная і жанравая разнастайнасць.
За 2014 год у рэдакцыю «Бераставіцкай газеты» было даслана 355 пісьмаў, у тым ліку і электронных. Апублікавана 10 крытычных зваротаў грамадзян. Асабліва запатрабаваныя ў жыхароў раёна рубрыкі «Рэплікі чытачоў», «Пытанне-адказ», «Са званка ў рэдакцыю». На старонках газеты было змешчана 18 справаздач з прамых ліній прадстаўнікоў органаў мясцовай улады, кіраўнікоў устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна, спецыялістаў розных структур. Праз адпаведныя рубрыкі, на тэматычных старонках дадзены 74 адказы на разнастайныя звароты і пытанні чытачоў.
Вялікі дзякуй усім нашым чытачам, якія нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, працягваюць выпісваць «раёнку». Хтосьці выпісвае газету вельмі даўно, хтосьці – некалькі гадоў, хтосьці пазнаёміўся з ёю ўпершыню. Але ўсіх нашых сяброў аб’ядноўвае цікавасць да свежых навін, творчае натхненне і павага да друкаванага слова.
Тэлефануйце, пішыце, задавайце пытанні, якія вас хвалююць: мы пастараемся дапамагчы. Усіх нашых чытачоў, няштатных карэспандэнтаў, ветэранаў газеты віншуем з Днём друку! Жадаем, перш за ўсё, моцнага здароўя, бадзёрасці, дабрабыту, шчасця! Мы спадзяёмся, што вы яшчэ доўга будзеце разам з «Бераставіцкай газетай».
Святлана Ганчарова,
загадчыца аддзела пісьмаў