Віктар Пашкевіч – інструктар — метадыст Бераставіцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Яго актыўнасці можна пазайздросціць

Лента новостей


Віктар Пашкевіч – інструктар — метадыст Бераставіцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Яго працоўны стаж яшчэ зусім невялікі: да працы малады спецыяліст прыступіў у жніўні 2010 года. Але і за такі кароткі прамежак часу Віктар паспеў зарэкамендаваць сябе старанным і адказным работнікам. Дырэктар Бераста-віцкай ДЮСШ С.С.Шляхотка адзначае, што малады чалавек праяўляе сябе вельмі прафесійна, адчуваецца добрая падрыхтоўка, якую ён атрымаў на факультэце фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы.
У абавязкі маладога інструктара – метадыста ўваходзіць правядзенне спаборніцтваў, арганізацыя судзейства, кантроль за дзейнасцю трэнераў – выкладчыкаў ДЮСШ. Праца, у цэлым, Віктара задавальняе, спорт ён любіць і захапляецца ім са школьных часоў, неаднаразова і сам удзельнічаў у абласных спаборніцтвах па баскетболе, валейболе, стрытболе. Вядома, хацелася б, каб матэрыяльная база спартыўнай школы была лепшай, хацелася б мець новы зал для трэніровак, камп’ютар для работы з дакументацыяй… Але гэта пакуль што ў марах. А наогул, хлопец лічыць, што яму пашанцавала ў тым плане, што пачынае сваю прафесійную дзейнасць побач з такімі прафесіяналамі, як дырэктар ДЮСШ С.С.Шляхотка і яго намеснік В.Р.Бут-Гусаім. Віктар заўсёды адчувае іх падтрымку і прыслухоўваецца да дзельных парад.
Сам хлопец са Свіслацкага раёна, спачатку даводзілася ездзіць кожны дзень дадому пасля працы, але дзякуючы намаганням кіраўніцтва малады спецыяліст атрымаў пакой у інтэрнаце Бераставіцкага ліцэя.
У вольны час Віктар не любіць сядзець дома. Ён набраў групу падлеткаў і арганізаваў для іх пры Цэнтры дзіцячай творчасці турыстычны гурток. Усю восень у садзе каля ЦДТ яны нацягвалі вяроўкі і на карабінах падлеткі пераадольвалі ўмоўныя перашкоды. Зімой, з-за адсутнасці зала, “турысты” перайшлі на каток і гулялі ў хакей. Цёплыя вясеннія дзянькі зноў дазволяць выйсці на заняткі ў сад.
Займаецца Віктар і грамадскай дзейнасцю, ён актыўны ўдзельнік “Клуба дзелавых людзей”, уваходзіць у склад маладзёжнага атрада аховы правапарадку. Цяпер па яго прапанове рыхтуецца турыстычны паход для маладых спецыялістаў па цікавых мясцінах Бераставіччыны.
На ўсё ў хлопца хапае часу, ён любіць жыццё актыўнае, поўнае новых уражанняў. Ён падтрымлівае цесныя адносіны са сваімі былымі аднакурснікамі, часта ездзіць на сустрэчы ў Гродна. Не прапускае цікавыя хакейныя матчы, бывае ў Мінску.
Віктара здзіўляе, што многія цяперашнія маладыя людзі вельмі пасіўныя, сядзяць дома, каля сваіх камп’ютараў і ў інтэрнеце, іх не выцягнуць на вуліцу. Ён жа выбірае актыўны і здаровы лад жыцця і стараецца заахвоціць да гэтага ўсіх сваіх сяброў і знаёмых.
Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *