Вігілійная вячэра

Лента новостей

24 снежня па каталіцкім календары – Вігілія Божага Нараджэння. Гэта самая таямнічая і самая ўрачыстая ноч, у якую на свет з’явіўся Сын Божы, каб адарыць нас сваёй ласкай і любоўю, даць надзею на вечнае жыццё. Ужо больш за дзве тысячы гадоў у гэтую ноч хрысціяне вітаюць прыход свайго Збавіцеля. Вігілійны вечар святкуецца па-асабліваму ўрачыста, і сёння мы яшчэ раз нагадаем пра асноўныя традыцыі яго сустрэчы ў каталіцкіх сям’ях.

Вігілійная вячэра звычайна мае падкрэслена сямейны, закрыты характар. Аднак калі ў гэты вечар у дом завітае выпадковы госць, лічылася абавязковым запрасіць яго да стала, каб не паўтарыць грэх тых, хто не пусціў пераначаваць Святую Сям’ю перад нараджэннем Хрыста. Адсюль і традыцыя – ставіць на стол дадатковую талерку.
Вігілійны стол засцілаецца белым абрусам, які нагадвае нам пра бездакорную чысціню алтара і чысціню нашых сэрцаў, думак і памкненняў. Жменя сена пад белым абрусам на стале сімвалізуе яслі, у якіх спаў маленькі Езус у Бэтлееме. І, вядома ж, ёлка. Вігілійная вячэра звычайна пачынаецца пасля таго, як у небе загарыцца першая зорка.
Калі ўсе сабраліся, бацька, або хтосьці самы старэйшы ў сям’і, запальвае свечку, што сімвалізуе бэтлеемскую зорку, і чытае ўрывак з Евангелля паводле святога Лукі, у якім апісваецца нараджэнне Езуса ў Бэтлееме.
Пасля супольнай малітвы ўсе бяруць у рукі аплаткі і, падыхо­дзячы адзін да аднаго, абменьваюцца святочнымі пажаданнямі. Пры гэтым трэба падзяліцца аплаткай з кожным, хто ў гэты вечар знаходзіцца за адным сталом. Дзелячыся аплаткай, мы ахвяруем іншаму чалавеку нашу ўдзячнасць, прабачэнне, мы дзелімся з ім сваёй дабрынёй.
Вігілійную вячэру, якая распачынаецца пасля дзялення аплаткай, называюць куццёй (ад назвы крупяной кашы — куцці, якая абавязкова павінна быць у гэты вечар на стале). На стол ставяць толькі посныя стравы, не дапускаецца ўжыванне алкаголю.
Звычайна на вігілію гаспадыні гатавалі да 12 страваў — іх лік сімвалізуе апосталаў, якія першымі спажылі галоўную Страву нашага жыцця — Цела і Кроў Езуса.
Асноўнымі кампанентамі вігі­лійных страваў традыцыйна лічы­ліся пшаніца, мак і мёд — сімвалы дастатку і пладавітасці. Галоўнымі стравамі былі куцця, у гонар якой называлася і ўся вячэра, сыта, аўсяны кісель, узвар з сушаных фруктаў, рыбныя стравы (юшка, селядцы, шчупакі, карп і г. д.), грыбная поліўка або грыбны квас, чырвоны боршч з вушкамі, клёцкі з макам, капуста квашаная або тушаная з грыбамі, ламанцы з макам, сліжыкі і іншыя.
Ламанцы-праснакі з макавым малаком
1 ст. лыжка цукру;
1 шклянка мукі;
2 лыжкі алею;
соль.
Замясіць крутое цеста: рас­чыніць цукар у 1/4 шклянкі цеплаватай вады, змяшаць з мукой, алеем, дадаць соль. Раскачаць у квадратны пласт каля 1 см таўшчынёй. Выкласці на пасыпаную мукой бляху, нарэзаць нажом на паверхні лініі падзелу на квадраты або ромбы (4 см). Запячы (ці, хутчэй, падсушыць) у духоўцы пры 1600С, каб цеста набыло залаціста-карычневы колер. За 3–4 гадзіны да Вігіліі заліць ламанцы макавым малаком.

Макавае малако
400 г маку;
1/2 шклянкі мёду (цукру).
Насыпаць мак у міску, заліць кіпенем, перамяшаць і пакінуць на 15 хвілін. Зліць ваду і ізноў заліць кіпенем, перамяшаць і пакінуць на 30 хвілін, ізноў зліць. 2–3 разы перамалоць у кухонным камбайне, ужываючы вельмі вострыя нажы, пакуль макавая маса не набудзе крыху белаваты колер ад соку. Закіпяціць 1,5 літры вады і заліць мак, дадаць мёд або цукар і пакінуць у халодным месцы.

Куцця звычайная
(традыцыйная)
2 шклянкі ячных круп;
5 шклянак вады;
масла;
соль.
Перабраць крупы, прамыць, адкінуць на друшляк, даць сцячы. Заліць вадой у вялікай місцы і пакінуць на ноч. Адварыць у падсоленай вадзе, пакуль крупы не набрыняюць. Зліць лішнюю ваду. Запячы ў духоўцы пры 1600С каля 40 хвілін. Падаваць з маслам, сытой і макавым малаком.

Запечаныя фаршыраваныя шампіньёны
Неабходна ўзяць шампіньёны большага памеру, адрэзаць у іх ножкі і дробна парэзаць. Асобна шынкуем цыбулю, моркву націраем на буйной тарцы і ра­зам з парэзанымі ножкамі гры­боў смажым на патэльні, крыху падсаліўшы. Пасля гэтым на­паўняем капелюшы грыбоў. Выкладваем іх на процівень, пасыпаем цёртым сырам і выпякаем у духоўцы 15-20 хвілін.

Карп запечаны
Падрыхтоўваем рыбу: чысцім, мыем, націраем соллю, прыправай для рыбы, часнаком, маянэзам. Лепш за ўсё даць рыбе замарынавацца некалькі гадзін. Запякаем карпа пры тэмпературы 180 градусаў на працягу 50-70 хвілін (у залежнасці ад памеру рыбы). Пасля гатоўнасці апырскваем яго лімонным сокам, упрыгожваем долькамі лімона і маянэзнай сеткай.

Пасля вігілійнай вячэры ўсе спяваюць калядкі і шукаюць падарункі пад каляднай елачкай. Дзякуючы тром Каралям, якія прынеслі падарункі маленькаму Хрысту, з’явілася традыцыя, згодна з якой у ноч Божага Нараджэння кожны павінен атрымаць падарунак. Гэтага моманту з асаблівым нецярпеннем чакаюць дзеці.
Пасля вячэры сям’я ідзе ў касцёл на Святую Імшу, якая называецца Пастэрка (ад лацінскага слова pastor-«пастух»), бо першымі людзьмі, каму анёлы абвясцілі цудоўную навіну пра Нараджэнне Хрыста, былі віфлеемскія пастушкі, якія першыя прыйшлі і пакланіліся нованароджанаму Збавіцелю.
Падрыхтавала
Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *