Спрадвеку ў вёсцы кароўка была сапраўднай карміцелькай сям’і. І зараз, калі перапрацоўчая прамысловасць стварае разнастайныя “цуды” для гурманаў – адмысловыя і смачныя сыркі і ёгурты для дзяцей і дарослых, натуральная сялянская малочная прадукцыя застаецца ёй моцным канкурэнтам. Многія вяскоўцы гавораць, што “не могуць піць малако з пакетаў”, таму што смак яго непараўнальны з тым, што ад сваёй кароўкі. На жаль, рагуль на сялянскіх падворках становіцца ўсё менш. А закуп сыравіны ад насельніцтва застаецца важным рэзервам умацавання аграпрамысловага сектара, і вяскоўцы ўносяць у гэтую справу свой значны ўклад. Вядома, хацелася б, каб людзі трымалі больш кароў.
Па словах старшыні Алекшыцкага сельвыканкама Віталія Галавача, зараз на тэрыторыі сельсавета гаспадары трымаюць 61 карову, найбольш у аграгарадку Алекшыцы – 37. Людзям выдзяляецца сена, своечасова выплачваюцца грошы за здадзенае малако. Ёсць тут і свае рэкардсмены. Напрыклад, жыхар аграгарадка Масаляны Уладзімір Карытка за мінулы год здаў у заліковай вазе 11 тысяч 387 кілаграмаў малака.
Мне цікава было сустрэцца з такім руплівым гаспадаром. Аказваецца, яго кароўцы ўжо 9 гадоў! Нягледзячы на такі “сталы ўзрост” для рагулі, яна добра доіцца і дае малако выдатнай якасці. Парода яе звычайная і традыцыйная для Беларусі, чорна — пярэстая. А сакрэт такога поспеху просты – кароўку добра даглядаюць і кормяць.
Назваў Віталій Яўгенавіч і іншых жыхароў з тэрыторыі Алекшыцкага сельсавета, якія таксама пастараліся. Гэта Ядвіга Цыдзік – здала ў заліковай вазе 9 тысяч 322 кілаграмы малака, Ганна Альшэўская – 8 тысяч 526 кілаграмаў, Любоў Вабішчэвіч – 7 тысяч 8 кілаграмаў, Валянціна Цівунчык — 6 тысяч 582 кілаграмы, Ала Шыла – 5 тысяч 728 кілаграмаў, Аліцыя Паляшчук – 5 тысяч 300 кілаграмаў, Грыгорый Апон – 4 тысячы 881 кілаграм.
Ніна Наддэ, фота аўтара