Вясковыя старасты збіраліся на сходы

Лента новостей

У мінулую пятніцу на свае сходы сабраліся старасты вёсак Эйсмантаўскага і Алекшыцкага сельскіх Саветаў. Галоўнай нагодай стала падвядзенне вынікаў работы за адыходзячы год і выбары прадстаўнікоў у раённы савет старастаў. На сходах прысутнічалі і прынялі актыўны ўдзел у іх дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Мастоўскай выбарчай акрузе №56 В.І.Сцяпура і старшыня раённага Савета дэпутатаў М.В.Пісарык.
Не так часта ўдаецца вясковым старастам сабрацца разам, таму агульных тэм для размовы знайшлося нямала. Старшыня райсавета засяродзіў увагу прысутных на найбольш важных і актуальных пытаннях, якія хвалююць сёння сельскіх жыхароў, а таксама і органы ўлады. У першую чаргу – гэта праблема захавання чалавечых жыццяў. Гаварылася аб тым, каб людзі ў вёсках не заставаліся абыякавымі да лёсу сваіх суседзяў, аднавяскоўцаў.
— Здараліся выпадкі,- адзначыў Міхаіл Віктаравіч,- калі своечасова заўважыўшы адсутнасць каго-небудзь у звычайных месцах, на падворках, вяскоўцы выратоўвалі адзін аднаму жыцці. Высвятлялася, што чалавек быў цяжка хворы і не мог выйсці з хаты.
Закраналася падчас размовы на сходах і такая балючая тэма, як п’янства і ўзнікненне пажараў, што ў большасці выпадкаў з’яўляецца прамым следствам першага. Міхаіл Віктаравіч заклікаў старастаў зрабіць усё магчымае, каб прадухіліць бяду.
— Калі чалавек толькі пачынае апускацца “на дно”, — гаварыў ён, — вельмі важна паспрабаваць своечасова спыніць яго.
Актуальная тэма для вяскоўцаў — гандлёвае абслугоўванне. М.В.Пісарык заклікаў старастаў не закрываць вочы на тыя недахопы, якія ўсё яшчэ маюць месца ў сферы гандлю, а таксама рашуча іх выкараняць. Найбольш гэта датычыць работы аўтамагазінаў. Старшыня райсавета папрасіў, каб усе факты парушэнняў з боку гандлёвых работнікаў даводзіліся да ведама старшыняў сельсаветаў або да яго асабіста. Ён акрэсліў найбольш актуальныя ў гэтай сувязі моманты. У прыватнасці, нагадаў аб дамове з кіраўніцтвам райспажыўтаварыства наконт таго, што, калі аўталаўка не можа па якой-небудзь аб’ектыўнай прычыне прыехаць своечасова, згодна з зацверджаным графікам, у вёску, аб гэтым павінны быць абавязкова папярэджаны старасты.
Звярталася ўвага і на якасць некаторых харчовых тавараў, якія прадаюцца ў аўталаўках, ці, дакладней, на тэрміны іх рэалізацыі. Асабліва часта, адзначалася ўдзельнікамі сходу, такія пытанні ўзнікаюць у адносінах да малочных прадуктаў.
Была засяроджана ўвага і на тым, што аўтамагазін не павінен прыязджаць у вёску ў канцы маршрута паўпустым, без неабходных людзям тавараў. Калі здараецца, што тавараў не хапае, ён павінен заехаць на дагрузку і толькі пасля гэтага прадоўжыць свой шлях па маршруце.
На фоне пералічаных негатыўных момантаў вельмі прыемна было пачуць выказванне старасты вёскі Калеснікі А.І.Дуткоўскай. Яна гаварыла аб задаволенасці людзей і іх удзячнасці прадаўцу аўталаўкі Ірыне Жвалеўскай. Гэты прадавец, па словах Афанассі Іванаўны, заўсёды вельмі ўважліва ставіцца да патрэб людзей. Нават ва ўмовах аўтамагазіну ў яе заўсёды выдатна арганізавана выкладка тавараў. Сама акуратная, ветлівая. А калі чаго-небудзь не бывае неабходнага пакупніку, яна абавязкова прывязе наступным разам.
Дарэчы, яшчэ адну падзяку давялося пачуць на сходзе ў Вялікіх Эйсмантах ад старасты вёскі Валотынь Ф.С.Габрусевіч у адрас начальніка РЭСа А.А.Ганчарыка. Па яе словах, жыхары вёскі задаволены, як у іх вырашаюцца часам узнікаючыя праблемы з энергазабеспячэннем.
Падымалася праблема старых дрэў на прысядзібных участках. Старшыня райсавета паведаміў, што ў будучым годзе яе намечана вырашаць такім чынам: па заяўцы дрэвы будзе пілаваць камунгас, а дровы забіраць для кацельных, у якасці ўмоўнай аплаты за аказаную паслугу.
В.І.Сцяпура расказаў аб сваёй дэпутацкай дзейнасці, аб рабоце ў якасці намесніка старшыні камісіі парламента па аграрных пытаннях. Ён падрабязна спыніўся на актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і на тых задачах, якія намечаны на будучую пяцігодку.
На здымках: падчас сходу ў Эйсмантаўскім сельсавеце.
Сяргей ХІЛЮТА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *