Незаменная ў сельскай гаспадарцы нялёгкая праца механізатараў. Гэта дзякуючы ім, сціплым і непрыкметным героям, робіцца вялікая справа – выконваецца харчовая праграма, і ў нас кожны дзень ёсць хлеб і да хлеба на стале. І мы нават не задумваемся, што ёсць на свеце надзейныя мужчынскія рукі, якія стараюцца, каб вясною зерне своечасова ўпала ў глебу, а потым летам налілося спелым коласам. Яны і задаюць рытм спрадвечнай чарзе гэтых важных сялянскіх работ, без якіх сапраўды немагчыма жыццё.
Механізатар СВК імя Варанецкага Юрый Яскевіч родам з суседняга Гродзенскага раёна. Нарадзіўся ў вёсцы і з сельскай гаспадаркай вырашыў звязаць свой лёс. Закончыў базавую школу, прыехаў атрымаць рабочую прафесію у 1995 годзе ў вучылішча ў Бераставіцу. Як прызнаўся Юрый, вельмі добры быў у яго майстар вытворчага навучання– Іван Брось. Добрым словам успамінае яго былы навучэнец. Па — бацькоўску адносіўся да будучых аратых дасціпны чалавек, умеў выслухаць, падбадзёрыць у цяжкую хвіліну, імкнуўся навучыць усяму, што ведаў сам. Запомніліся Юрыю практычныя заняткі на полі. Аказалася, што правільнае ворыва глебы – гэта як сапраўднае мастацтва. І як правіла, спачатку тут “першы блін камяком”. Майстар вытворчага навучання паказваў, як беражліва і правільна абыходзіцца з тэхнікай, з плугам, як якасна араць. Трэба старацца, мець цярпенне. А сапраўднай узнагародай стане поле – прыгожае, роўнае, любоўна апрацаванае сваімі рукамі. Тады адчуваеш маральнае задавальненне. А гэта верная прыкмета таго, што чалавек выбраў прафесію па прызванні і лёгкага хлеба шукаць не будзе.
Пасля заканчэння вучылішча Юрый вярнуўся ў свой раён, потым служыў у арміі, працаваў. А чатыры гады таму ўладкаваўся на працу ў СВК імя Варанецкага. Умовы працы і людзі Юрыю тут спадабаліся. “Інакш не працаваў бы ”, — гаворыць ён. Побач з механізатарам старэйшыя і вопытныя калегі, стаж якіх і па тры дзясяткі гадоў. Яны заўсёды дапамогуць добрай парадай, канкрэтнай справай. У зладжаным калектыве працаваць прыемна, цяжкасці лягчэй пераносіць.
Сям’і з двума дзеткамі далі дом. Тады ў Яскевічаў была дачушка Аксана і сынок Андрэй, а год таму нарадзіўся яшчэ хлопчык Віця. Юрый шматдзетны бацька і добры сем’янін.
Рамонтам плугоў, сеялак займаецца Юрый зімой. Кожную вясну з пачаткам палявых работ ён на падрыхтоўцы глебы, летам на касавіцы, на нарыхтоўцы кармоў. Усё, што ні даручаць, робіць з душой, таму і хваляць гэтага механізатара за яго старанне і адказнасць. А дома пасля нялёгкага працоўнага дня звіняць дзіцячыя галасы, чакаюць тату дачушка і два сыночкі — яго радасць і ўцеха.
Ніна Наддэ