Вялікі вучоны з Вялікай Бераставіцы

Из истории земли Берестовицкой Культура

Як мы ўжо паведамлялі, у канцы кастрычніка мінулага года ў Вялікай Бераставіцы праходзіла міжнародная навуковая канферэнцыя “Бераставіцкая зямля – вачамі гісторыкаў і краязнаўцаў”, якая прысвячалася 215-годдзю з дня нараджэння В.М. Кавалеўскага. У рамках сумеснага праекта рэдакцыі газеты і Музея Вавёркі мы плануем пазнаёміць шырокае кола нашых чытачоў з некаторымі матэрыяламі, падрыхтаванымі ўдзельнікамі гэтага навуковага форуму. У сённяшнім выпуску прапануем вашай увазе артыкул “Вялікі вучоны з Вялікай Бераставіцы”, які падрыхтавала да канферэнцыі Валянціна Чыкун, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М. Кавалеўскага.

У 2016 годзе споўнілася 215 гадоў з дня нараджэння нашага знакамітага земляка, вядомага вучонага-манголазнаўца Восіпа Міхайлавіча Кавалеўскага. Яго імя да нядаўняга часу было вядомым толькі вузкаму колу спецыялістаў – усходазнаўцаў і вучоных, якія займаюцца праблемамі польскага нацыянальна-вызваленчага руху, гісторыяй рускай навукі першай палавіны ХІХ ст.
Артыкулы пра Кавалеўскага ў большасці энцыклапедый не паведамляюць пра яго беларускае паходжанне. А між тым, Восіп (Юзаф) Кавалеўскі, сусветна вядомы вучоны-манголазнавец, гісторык, этнограф, асветнік і гуманіст, нарадзіўся 9 студзеня 1801 года ў Вялікай Бераставіцы ў сям’і ўніяцкага святара Міхаіла Кавалеўскага, які паходзіў з дробнапамесных дваран.
З 1808 па 1817 гг. Восіп Кавалеўскі вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, якая знаходзілася пад апекай Віленскага ўніверсітэта і мела рэпутацыю адной з лепшых навучальных устаноў, якія ўваходзілі ў склад Віленскай навучальнай акругі. Якасць выкладання ў гімназіі, асабліва гуманітарных прадметаў, была вельмі высокай. Аб гэтым вучоны ўспамінаў пазней і гаварыў, што атрымаў добрыя веды па лацінскай, грэчаскай і польскай мовах, а таксама па гісторыі і літаратуры.
Асаблівую цікавасць гімназіст Кавалеўскі праяўляў да антычнай гісторыі і класічнай філалогіі, што і вызначыла выбар яго будучай першай спецыяльнасці.
У 1817 г. ён паступіў на факультэт літаратуры і вольных мастацтваў Віленскага ўніверсітэта, які закончыў у 1820 годзе са ступенню кандыдата філасофіі.
Падчас вучобы ва ўніверсітэце будучы вучоны не толькі паспяхова займаўся гісторыяй філалогіі і філасофіі, але і прымаў актыўны ўдзел у студэнцкім рэвалюцыйным руху. У 1817 г. ён стаў удзельнікам “Таварыства філаматаў”, а затым “Таварыства філарэтаў” (1820), якія спачатку абмяжоўваліся культурна-асветніцкімі задачамі, а затым перайшлі да актыўнай грама­дзянскай пазіцыі, прапагандавалі нацыянальна-вызваленчыя ідэі, выказваліся за адмену прыгоннага права, пашырэнне палітычных свабод.
У гэты час пачалося сяброўства Восіпа Кавалеўскага з Адамам Міцкевічам. Менавіта па рэкамендацыі Міцкевіча ён стаў дзявятым членам “Таварыства філаматаў” (з 1817 г.)
У 1820 г. Восіп Кавалеўскі закон­чыў Віленскі ўніверсітэт са ступенню кандыдата філасофіі і быў накіраваны намеснікам выкладчыка польскай славеснасці ў Віленскую гімназію. У гімназіі ён таксама выкладаў грэчаскую і лацінскую мовы. Акрамя гэтага, Кавалеўскі валодаў яшчэ англійскай, французскай і нямецкай мовамі.
У 1823 г. выйшлі ў свет яго першыя пераклады класічных твораў “Пра высокае” рытара Д. Лонгіна і шасці кніг “Метамарфоз” П. Авідзія з каментарыямі і дапаўненнямі перакладчыка. “Метамарфозы” выдаваліся два разы і былі рэкамендаваны Віленскім універсітэтам выкладчыкам і студэнтам у якасці вучэбнага дапаможніка.
У 1823 г. тайныя таварыствы філаматаў і філарэтаў былі раскрыты царскімі ўладамі. Многія члены таварыстваў былі арыштаваны. Восіп Кавалеўскі таксама быў арыштаваны, а затым высланы ў Казань з мэтай вывучэння ўсходніх моў.
З 1824 г. Восіп Кавалеўскі працуе ў Казанскім універсітэце, вывучае татарскую, арабскую і персідскую мовы, піша гісторыю Казанскага ханства.
У 1828 г. у сувязі з падрыхтоўкай да адкрыцця ў Казанскім універсітэце кафедры мангольскай славеснасці Савет універсітэта пастанавіў адправіць Восіпа Кавалеўскага і студэнта Аляксандра Папова ў навуковую камандзіроўку на 4 гады ў Іркуцк з мэтай вывучэння мангольскай мовы, гісторыі, звычаяў і рэлігіі Манголіі.
З 1828 па 1834 гг. вучоны многа вандраваў па Сібіры, Манголіі, Кітаі.
Падчас экспедыцыі па Сібіры і Манголіі Восіп Міхайлавіч вывучаў і даследаваў жыццё буратаў і манголаў, іх культуру, традыцыі, рэлігійныя вераванні.
Пасля вяртання ў Казань у 1833г. Восіп Кавалеўскі ўжо ў званні прафесара-ад’юнкта ўзначаліў новую, першую ў Еўропе, кафедру мангольскай мовы ў Казанскім універсітэце. Абагульніў вопыт сваіх даследаванняў і выдаў вучэбныя дапаможнікі “Кароткую граматыку мангольскай кніжнай мовы” (1835) і “Мангольскую хрэстаматыю” (1836).
Такія фундаментальныя творы вучонага, як “Кароткая граматыка мангольскай мовы” (1835), “Мангольская хрэстаматыя” (1836/1837), “Будыйская касмалогія”(1837), “Мангольска-руска-французскі слоўнік” у 3-х тамах (1844, 1846, 1849), рукапісная “Гісторыя манголаў” з яго шматлікімі аўтарскімі замалёўкамі, увайшлі ў залаты фонд рускага і сусветнага манголазнаўства і будалогіі.
Вучоны сыграў выключную ролю ў выкладанні мангольскай мовы ў Казанскім універсітэце і гімназіі, камплектацыі бібліятэкі рукапісамі і кнігамі, падрыхтоўцы і выданні вучэбных дапаможнікаў.
З 1833 г. ён упершыню ў Еўропе стаў весці курс мангольскай мовы ва ўніверсітэце. Адначасова з 1844 г. Восіп Міхайлавіч – дырэктар і выкладчык 2-й Казанскай гімназіі, а з 1855 па 1860 гг. — рэктар Казанскага ўніверсітэта. На працягу дзесяці гадоў ён з’яўляўся кіраўніком школ Казанскай губерні.
Восіп Кавалеўскі ўжо ў першай палове ХІХ ст. быў агульнапрызнаным аўтарытэтам у галіне манголазнаўчых даследаванняў. Навуковая спадчына вучонага была вельмі высока ацэнена як яго сучаснікамі-ўсходазнаўцамі, так і навуковай грамадскасцю ў будучыні. Восіп Кавалеўскі з’яўляўся Ганаровым членам Азіяцкага таварыства ў Парыжы (1839), правадзейным членам Імператарскага таварыства гісторыі і старажытнасцей Расійскіх (1840), правадзейным членам Каралеўскага дацкага таварыства паўночных антыкварыяў (1844) і Віленскай археаграфічнай Камісіі (1868), членам-карэспандэнтам Пецярбургскай акадэміі навук (1837).
За ўклад вучонага ў развіццё манголазнаўства, за поспехі і дасягненні ў педагагічнай і асветніцкай дзейнасці ён быў узнагароджаны ордэнамі Святога Станіслава, Святой Ганны І ступені і Святога Уладзіміра ІІ ступені.
У 1855 г. кафедру мангольскай славеснасці з Казанскага ўніверсітэта перавялі ў Пецяр­бургскі ўніверсітэт. Кавалеўскага назначылі на пасаду рэктара Казанскага ўніверсітэта ў сувязі з хваробай былога рэктара І.М. Сіманава.
У пачатку 1860 г. у Казанскім універсітэце адбыліся рэвалюцыйныя студэнцкія хваляванні. За гэта Восіпа Кавалеўскага вызвалілі з пасады рэктара. Яшчэ два гады ён пражыў у Казані.
У 1862 г. вучоны пераехаў у Варшаву. Яго запрасілі на пасаду прафесара агульнай гісторыі ў Варшаўскую Галоўную Школу, якая ў 1869 г. была пераўтворана ў Варшаўскі ўніверсітэт. Восіпа Міхайлавіча выбралі дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта, і ў далейшым ён неаднаразова выбіраўся дэканам гэтага факультэта. Ён выкладаў курс агульнай гісторыі, хоць часам чытаў спецкурсы. Выбіраўся таксама ўніверсітэцкім суддзёй, быў пастаянным памочнікам рэктара і членам савета папячыцеляў Варшаўскай вучэбнай акругі. Але ўсходазнаўствам у Варшаве ён не займаўся.
У 1878 г. Варшаўскі ўніверсітэт адзначыў 50-годдзе навуковай і педагагічнай дзейнасці Восіпа Кавалеўскага. 28 сакавіка 1878 г. ён быў выбраны Ганаровым членам Казанскага ўніверсітэта.
7 лістапада 1878 г. Восіп Міхайлавіч зайшоў як заўсёды перад лекцыяй у бібліятэку пачытаць перыёдыку. За некалькі хвілін да лекцыі ён раптоўна памёр. Пахаванне адбылося 12 лістапада на Павонзкаўскіх могілках у Варшаве. На помніку надпіс: “Тут спачывае светлай памяці Юзаф Кавалеўскі, тайны радца і былы дэкан і прафесар Імператарскага ўніверсітэта, знакаміты арыенталіст.”
Восіп Міхайлавіч Кавалеўскі не забыты. У Манголіі ў гарах Та­ван Богд адна з вяршынь названа ў гонар вучонага. У Музеі гісторыі Казанскага ўніверсітэта прадстаўлена экспазіцыя, прысвечаная развіццю арыенталогіі ў Расіі і Еўропе. Экспазіцыю адкрывае галерэя партрэтаў выдатных вучоных-усходазнаўцаў, сярод якіх ёсць і партрэт Восіпа Міхайлавіча Кавалеўскага як заснавальніка першай у Еўропе кафедры мангольскай мовы.
Не забыты вучоны і на сваёй радзіме, у Вялікай Бераставіцы. Бераставіцкі край па праву ганарыцца сваім знакамітым земляком. Для ўвекавечвання памяці Восіпа Міхайлавіча Кавалеўскага рашэннем Гродзенскага аблвыканкама ў 1998 г. Бераставіцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы прысвоена імя вучонага. Па ініцыятыве Бераставіцкага райвыканкама на будынку бібліятэкі ўстаноўлена памятная дошка.
Валянціна Чыкун,
загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Бераставіцкай
раённай бібліятэкі
імя В.М. Кавалеўскага



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *