Беларускі народ мае векавыя традыцыі, якія з шанаваннем ён пранёс праз стагоддзі, захаваў і да нашых дзён. Кожнае народнае свята, кожны абрад – адметныя і непаўторныя. Масленіца – адно з любімых у народзе святаў. Галоўная накіраванасць абраду – праводзіны зімы, набліжэнне вясны, забеспячэнне багатага ўраджаю і дабрабыту гаспадарцы.
Вясёленькая, Баярыня Масленіца, Малочны тыдзень, Масленічны тыдзень – так клікалі ў народзе Масленіцу. І нездарма. Ужо наеліся на працягу яе бліноў, масла, смятанкі ды сыру, у госці нахадзіліся. Галоўны ж сэнс Сырнай сядміцы, як яшчэ называюць Масленічны тыдзень, – прымірэнне з бліжнім, дараванне крыўды. А завяршае яе Прашчоная нядзеля.
Як раз напярэдадні яе, у суботу 16 сакавіка, на цэнтральнай плошчы райцэнтра прайшло свята Масленіцы.
Тэатралізаванае прадстаўленне і яго галоўныя персанажы–гаспадыні Нінка і Марынка – пазнаёмілі жыхароў і гасцей гарпасёлка з асаблівасцямі масленічнага абраду. Расказвалі, што святкуецца Масленіца цэлы тыдзень, і кожны дзень мае сваю назву і сімвалічнае значэнне.
Бліны – галоўны пачастунак на Масленіцу, бо яны вельмі падобныя на сонейка, якому людзі вельмі рады пасля доўгай зімы. На свяце, дарэчы, можна было пачаставацца блінамі, гарачым чаем, іншымі прысмакамі, якімі гандлявалі ў палатцы філіяла аблспажыўтаварыства.
Дзяўчаты-вяснянкі і скамарохі задавалі тон радасці, весялосці, заклікалі гасцей у карагод і да танцаў.
Дапаўнялі атмасферу свята выступленні калектываў і асобных выканаўцаў з Дамоў культуры і клубаў раёна. Спявалі “Бераставіцкія музыкі” (РДК), “Вясёлая бяседачка” (Алекшыцкі ЦДК), “Верацейцы” (Старадварэцкі ДК і НТ), “Вясёлка” (Малабераставіцкі ЦДК), “Стокроткі” (Макараўскі ДНК).
Сваю сілу, лоўкасць і ўдачу жадаючыя маглі праверыць у традыцыйных конкурсах, такіх, напрыклад, як узбіранне па слупе за прызом. Найбольшае ажыўленне, як і заўсёды, выклікала “рыбная лоўля” голымі рукамі.
Кульмінацыяй свята, яго заключным акордам стала спальванне саламянага пудзіла Масленіцы, як сімвала знішчэння ўсяго старога і вызвалення месца для маладога, новага, лепшага.
Святлана Ганчарова, фота аўтара
*
*
*
*
*
*****Фотарэпартаж Сяргея Хілюты