Касцёл у Вялікай Бераставіцы адзначыў сваё 100-годдзе

Актуально Лента новостей

22 верасня касцёл Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы святкаваў сваё 100-годдзе. Гэтай вялікай падзеі для ўсёй парафіі папярэднічалі святыя місіі, якія на працягу васьмі дзён духоўна падрыхтоўвалі вернікаў да ўрачыстасці. Былі падчас іх і прамовы айцоў – місіянераў, і крыжовы шлях вуліцамі пасёлка, і сустрэчы з моладдзю, дзецьмі і сем’ямі парафіі, на іх заканчэнне быў пастаўлены місійны крыж.
Сама ўрачыстасць была адметна яшчэ і тым, што на свята ў Бераставіцу прыехаў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначальвае каталіцкі Касцёл на Беларусі. А яшчэ на святкаванні юбілею храма прысутнічалі і нашчадкі фундатараў святыні, Марыі і Юзафа Касакоўскіх, — іх унукі: Марысь Лубенска са Злучаных Штатаў Амерыкі і Аляксандр Мінейка, які цяпер жыве ў Лондане.
Асабіста мяне вельмі ўзрушыла, што Аляксандр Мінейка (на здымку) асабіста сустракаў кожнага, хто ішоў у касцёл, і ўручаў сімвалічную выяву даўняга касцёла і фота Марыі Касакоўскай, дзякаваў кожнаму за прысутнасць на ўрачыстасці, хоць гэта мы павінны былі дзякаваць яму за тое, што знайшоў магчымасць прыехаць на святкаванне стагоддзя храма.
Мясцовы мастак Міхаіл Жлабовіч падрыхтаваў выставу сваіх работ «Парафіяльны касцёл у Вялікай Бераставіцы 1912–2012», якая прадстаўляла гісторыю святыні за мінулыя сто гадоў. Выстава сустракала гасцей у двары храма і як бы падрыхтоўвала да ўрачыстасці, перагортваючы сваімі выявамі старонкі мінулага.
З нагоды юбілею касцёла былі выпушчаны паштоўкі і канверт з выявай бераставіцкай святыні, якія ўбачылі свет дзякуючы старанням мясцовай улады.
Пачалося мерапрыемства з урачыстага прывітання мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, якога вернікі разам са святарамі чакалі на вуліцы перад храмам. Арцыбіскуп пачуў кранаючыя словы па-дзякі за прысутнасць на ўрачыстасці ад самых маленькіх вернікаў, ад моладзі Бераставіччыны.
Юбілейныя ўрачыстасці пачаліся канцэртам духоўнай музыкі, які падрыхтавалі выкладчыкі і навучэнцы Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў.
Затым метадыст па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Мікалай Пацэнка расказаў пра гісторыю стварэння храма і самыя яркія старонкі з яго стогадовай гісторыі.
Урачыстае набажэнства правёў сам арцыбіскуп. Прысутнічалі на літургіі і тыя святары, якія працавалі ў касцёле пасля аднаўлення яго ў 1989 годзе, у прыватнасці, кс. Казімір Жыліс, стараннямі якога святыня была вернута вернікам, а. Раман Цясляк, кс. Андрэй Казлоўскі, шматлікія каталіцкія святары з Польшчы і Беларусі, кіраўнік Бераставіцкага благачыння а.Сергій Шэлест, прадстаўнікі мясцовай улады.
Звяртаючыся да прысутных, мітрапаліт Кандрусевіч адзначыў важнасць таго, што храм быў захаваны, нягледзячы на цяжкія моманты ў яго гісторыі. Але самае галоўнае, што “захавалася хрысціянская вера, якая жыве ў нашых сэрцах, бо самы галоўны храм знахо-дзіцца ў душы чалавека”.
Падкрэсліў арцыбіскуп і неабходнасць супрацоўніцтва каталіцкага Касцёла з праваслаўнай Царквой, якія “разам павінны сведчыць хрысціянскую веру і быць жывымі старонкамі Евангелля”. Падтрымаў яго ў гэтым у сваім выступленні і а.Сергій Шэлест.
Падзякаваў мітрапаліт за пад-трымку і прадстаўнікам мясцовай улады, якія разумеюць важнасць святыні і тое, што касцёл патрэбны для духоўнага выхавання лю-дзей.
Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Чыкун павіншаваў вернікаў з юбілеем храма і адзначыў, што парафіянам у Бераставіцы заўсёды шанцавала на святароў, якія працавалі ў гэтым храме. Асабліва ён падзякаваў цяперашняму настаяцелю касцёла а. Вальдэмару Слоце за вялікую працу па добраўпарадкаванні храма і прылягаючай тэрыторыі.
Завяршыліся юбілейныя ўрачыстасці сімвалічна: мітрапаліт Кандрусевіч пасадзіў каля касцёла дрэўца – малады дубок – якое будзе нагадваць і аб 100-годдзі святыні, і аб яго візіце на бераставіцкую зямлю.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *