Вялікабераставіцкія школьнікі пабывалі на заставе з канцэртам

Лента новостей

Святочны канцэрт да Дня абаронцаў Айчыны падрыхтавалі вучні Вялі­ка­бераставіцкай СШ для ваеннаслужачых пагранічнай заставы “Галынка”. 25 лютага яны наведалі заставу, каб павіншаваць пагранічнікаў са святам і пазнаёміцца з умовамі службы і быту салдат.
Ваеннаслужачыя цёпла і сардэчна сустракалі юных артыстаў, падзякавалі за створаны ўзнёслы эмацыянальны настрой. А затым яны арганізавалі для школьнікаў экскурсію па заставе. Намеснік начальніка пагранічнай заставы Віктар Пілецкі паказаў сваім гасцям тэрыторыю заставы, месца, дзе пагранічнікі заступаюць у нарад, салдацкую баню, тэхніку, якая дапамагае пагранічнікам у нясенні службы. Хлопчыкі з асаблівай цікавасцю і хваляваннем бралі ў рукі сапраўдную зброю, з якой пагранічнікі выходзяць на ахову дзяржаўнай граніцы, ведаючы, што праз некаторы час ім самім прый­дзецца стаць абаронцамі Айчыны. Вельмі спада­баліся школьнікам і службовыя сабакі, якія, як сапраўдныя салдаты, надзейна стаяць ахове граніцы. А пры нефармальнай сустрэчы з гасцямі яны ахвотна фатаграфаваліся і нават давалі лапу.
Закончылася мерапрыемства пачастункам за салдацкім чаем, падчас якога кіраўніцтва заставы падзякавала за канцэрт і запрасіла школьнікаў да далейшага супрацоўніцтва.

Ірына Міклаш, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *