Вялікая Бераставіца адсвяткавала Купалле

Лента новостей

Купалле—язычніцкае свята, якое любілі адзначаць нашы продкі. Па традыцыі, менавіта ў гэты дзень дзяўчаты варажылі аб будучым замужжы, а ў лесе зацвітала казачная папараць-кветка…

Купальская традыцыя на Беларусі добра захавалася да пачатку ХХ стагоддзя. Сёння ў многіх рэгіёнах гэтае старажытнае абрадавае свята — па-свойму непаўторнае, багатае на фальклорны матэрыял — адраджаецца хутчэй як адна з адметных і цікавых з’яў народнай культуры.
У мінулую суботу свята Купалля адбылося ў гарпасёлку: работнікі раённага Дома культуры паспрабавалі адрадзіць гэтую крыху ўжо забытую ў нас традыцыю. Каля возера наладзілі сапраўднае гулянне з тэатралізавана-канцэртнай праграмай пад назвай “А ў нас сёння Купалле”. Мясцовыя жыхары і госці пасёлка атрымалі магчымасць “дакрануцца” да старажытнасці, прыняць удзел у купальскіх абрадах—карагодзе вакол традыцыйнага вогнішча, гульнях і конкурсах, пусканні па вадзе вянкоў з кветак. “Кіравалі” дзействам купальскія персанажы: Вадзянік, Русалкі, Ведзьмы, Купалінкі, Гусляр, Факельшчыкі. Вядучыя праграмы — удзельнікі народнага тэатра “Магія ігры” РДК Вольга Баярчук і Аляксандр Штоп — былі ўвасабленннем юнацкасці і прыгажосці, нездарма ж Купалле — свята кахання і маладосці. А яшчэ гэтае свята— дэманстрацыя багатага песеннага фальклору. Народныя песні гучалі ў выканнані калектываў РДК “Бераставіцкія музыкі” і “Канцона”, гасцей з Ваўкавыска — народнага ансамбля беларускай песні “Медуніца”. Сярод выступаючых таксама — удзельніцы вакальнага гуртка “Салавейкі” РДК Анастасія Барэль і Карына Качанава, салісты Ларыса Савель, Ірына Салавей, Вераніка Хлістоўская, Таццяна Асіеўская. Вясёлымі народнымі прыпеўкамі парадавала мясцовая жыхарка Зінаіда Мікалаеўна Зямцова, танцамі — таксама госці — харэаграфічны калектыў Ваўкавыскага лакаматыўнага дэпо.
Спрыяла святу цудоўнае цёплае летняе надвор’е, зручна прадуманыя пляцоўкі для адпачынку дарослых і дзяцей, маляўнічы пейзаж возера, на гладзі якога ўвечары запалілі агні, а супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях паказалі воднае шоу.
Імправізаваная папараць-кветка была знойдзена, вянкі пушчаны на ваду… Спроба “заразіць” бераставічан купальскім настроем удалася. Няхай жа гэтае свята, удзел у якім, акрамя творчага калектыву і тэхнічнага персаналу раённага Дома культуры, прынялі таксама ўдзельнікі народнага тэатра “Магія ігры”, гурткоўцы і мясцовая моладзь, стане ў нашым пасёлку добрай традыцыяй, а папараць-кветка прынясе людзям шчасце і ўдачу!

***
Святкаванне Купалля адбылося таксама ў аграгарадках Алекшыцы, Малая Бераставіца, Макараўцы, Стары Дворац, Пархімаўцы, Кватары.
Святлана ГАНЧАРОВА, фота аўтара



Теги:

2 комментария по теме “Вялікая Бераставіца адсвяткавала Купалле

  1. Дзякуй за словы падзякі, а таксама за станоўчую адзнаку работы арганізатараў свята і аўтара артыкула! Прыемна, што сваім рэпартажам удалося выклікаць у Вас менавіта тыя пачуцці і жаданні, пра якія Вы пішаце ў каментарыі.

  2. Малайцы бераставічане! З вялікім задавальненнем пачытаў пра ваша Купалле і паглядзеў фотаздымкі. Захоўвайце нашыя добрыя беларускія традыцыі, без іх няма Беларусі. Гляджу на гэтыя фотаздымкі і так самому хочацца паблукаць па гэтай зяленай траўцы, павадзіць карагоды ля вогнішча, паслухаць купальскія песні…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *