Выязное пасяджэнне школы-вучобы работнікаў Дамоў культуры і клубаў прайшло на базе Канюхоўскага сельскага Дома культуры

Лента новостей

Чарговае выязное пасяджэнне школы-вучобы работнікаў Дамоў культуры і клубаў прайшло на базе Канюхоўскага сельскага Дома культуры. На ім сабраліся кіраўнікі вакальна-харавых і фальклорных калектываў і гурткоў. Размова вялася менавіта пра дзіцячую вакальную і фальклорную творчасць.
Трэба адзначыць, што вакальна-харавы жанр карыстаецца найбольшай папулярнасцю сярод іншых жанраў сучаснай аматарскай творчасці, распаўсюджаных ва ўстановах культуры. Сёння ў Дамах культуры і клубах раёна налічваецца 42 вакальна-харавых аматарскіх калектываў і гурткоў з агульнай колькасцю 363 чалавекі. З іх дзіцячых – 19 (148 чалавек).
Вакальныя здольнасці і музычны слых можна заўважыць з самага маленькага ўзросту. І гэта – адна з галоўных задач кіраўнікоў вакальных гурткоў. І не толькі заўважыць, але і развіць, у залежнасці ад ступені адоранасці, пазнаёміць дзяцей з асновамі музычнай культуры, навучыць прыгожым і граматным спевам, правільна сфарміраваць голас.
У апошнія дзесяцігоддзі асабліва папулярнае – эстраднае мастацтва. Адкрываюцца дзіцячыя студыі і гурткі. Праводзяцца раённыя, абласныя і рэспубліканскія фестывалі і конкурсы, у тым ліку тэлевізійныя. Магчымасцей паказаць свае вакальныя здольнасці ў дзяцей сёння нямала. Трэба толькі дарослым, у прыватнасці, кіраўнікам вакальных гурткоў, быць больш ініцыятыўнымі, працаваць з энтузіязмам, імкнуцца ствараць на занятках атмасферу творчай лабараторыі, дзе маленькія іскрынкі дзіцячага таленту набіраюць моц. Па такому прынцыпу, напрыклад, вядзецца работа ў гуртку сольных спеваў РДК (мастацкі кіраўнік Вераніка Хлістоўская). Ёсць пэўныя вынікі: у гэтым годзе дзіцячы квартэт “Салавейкі” заняў ІІ месца на VIII абласным фестывалі дзіцячай эстраднай творчасці “Масты надзей” у г.Масты ў намінацыі “вакальны ансамбль”.
Вельмі важным напрамкам у рабоце ўстаноў культуры з’яўляецца таксама далучэнне падрастаючага пакалення да народнай фальклорнай спадчыны – музычнай, танцавальнай, абрадавай. Гэта адбываецца ў фальклорных гуртках, якіх пры Дамах культуры і клубах раёна – 10.
У Канюхоўскім СДК удзельнікі школы-вучобы пазнаёміліся з работай гуртка «Праменьчыкі» (мастацкі кіраўнік Таццяна Славецкая). Юныя аматары фальклорнага мастацтва прадэманстравалі гасцям фрагмент народнага свята пад назвай “Юр’е на двары – кароўку ў поле гані”.
У якасці прыкладу работы з юнымі эстраднымі выканаўцамі ўдзельнікам школы-вучобы было прапанавана выступленне салістаў-гурткоўцаў Канюхоўскага СДК і Макараўскага Дома нацыянальных культур .
Напрыканцы выязнога пасяджэння адбыўся абмен думкамі і вопытам работы па прапанавай тэме. Былі падведзены вынікі дзейнасці клубных ўстаноў за дзевяць месяцаў бягучага года.
Святлана Ганчарова



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *