Выхаванцы Алекшыцкага ясляў-сада пазнаёміліся з гісторыяй свайго краю

Образование

Кожны з нас, напэўна, пагодзіцца з агульнавядомай думкай: пра маці можна гаварыць бясконца. І пра Радзіму таксама,  асабліва пра сваю малую радзіму — месца дзе ты нарадзіўся, дзе жывеш, гэта  адно непадзельнае цэлае ў сэрцы кожнага чалавека.  Радзіма  даруецца чалавеку ад дня яго нараджэння, і пачуццё  любові да яе, можна сказаць, прыроджанае, яно  жыве ў крыві заўсёды.

“Радзімы куток — бясконца дарагі і незаменны свет, з якім звязаны самыя яркія ўраджанні, глыбокія пачуцці , светлыя ўспаміны”.

Вось такімі словамі 2 красавіка мы і пачалі размову  з вучнямі 1 класа і старэйшымі дашкольнікамі на адным з заняткаў прысвечаным Году малой радзімы.

Праходзіў ён у этнаграфічнам кутку, дзе сабраны экспанаты з мінулага нашых бацькоў і дзядоў. Тут створаны і папаўняецца фотаальбом з матэрыяламі аб гісторыі вёскі Алекшыцы, яе працаўніках, дасягненнях мясцовага прадпрыемства, ёсць і фотаздымкі бацькоў нашых выхаванцаў, маладых спецыялістаў, якія сваей дабрасумленнай працай дасягнулі высокіх паказчыкаў.

Дзеці пазнаеміліся з гісторыяй свайго краю, тых мясцін дзе жывуць іх бацькі , дзе нарадзліся яны самі. Даведаліся, што вёска пазначана на карце яшчэ ў 16 стагоддзі як Алексічы, шляхецкая ўласнасць, і ў першай палове 1860-х гадоў адносілася да аднайменнага маёнтка і належыла памешчыку Ігнацію Завістоўскаму, а Святапакроўская праваслаўная царква пабудавана амаль 150 гадоў назад. Дзеці з захапленнем разглядалі фотаздымкі, знаеміліся з вырабамі ткацтва, вышыўкі і прадметамі хатняга побыту, слухалі вершы беларускіх пісьменнікаў.

Чым раней мы, дарослыя, закінем зерне ў дзіцячыя душы, тым мацней узрасце пачуццё пашаны і павагі да ўсяго, што створана рукамі тваіх землякоў, а ў будучым, магчыма, і іх рукамі

Занятак закончыўся словамі Ніла Гілевіча:

“Чым мацней я люблю сваю зямлю, вось гэту, на якой стаю, тым даражэй мне жыццё. Любоў да роднай зямлі, а значыць, і да яе культуры, да роднай мовы — гэта магутная сіла, якая прыдае сэнс чалавечаму існаванню.”

Таісія Пузевіч, выхавальнік  Алекшыцкага ясляў-сада



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *