Выхавальніца

Лента новостей

Детский сад,, детский сад…
Почему так говорят?
Потому что дружно в нём
Мы одной семьёй живём!
Ну а клапатлівыя “садоўнікі” ў гэтым дзіцячым садзе-сям’і, а яшчэ і ўважлівыя, і чулыя матулі—гэта, вядома, выхавальніцы. Іх, як і любімых школьных настаўнікаў, памятаюць праз усё жыццё. І чым больш дарослымі становяцца былыя выхаванцы, тым больш рады яны сустрэчам з тымі, хто штодня прымаў іх за парогам дашкольнай установы. Можа таму, што такая сустрэча—гэта шчаслівая магчымасць зазірнуць ва ўласнае дзяцінства?
Але хутчэй за ўсё справа ў іншым: у разуменні, што менавіта яна, любімая выхавальніца была для цябе “сацыяльным правадніком”, дапамагла некалі адаптавацца да такога шматграннага і такога складанага жыцця. Адчыняла перад тваёй дзіцячай душой яго таямніцы, раскрывала прыгажосць прыроды, вучыла сябраваць, будаваць узаемаадносіны ў калектыве, быць сумленным, справядлівым, самастойным… І рабіла гэта з дня ў дзень цярпліва, клапатліва, настойліва. Менавіта разумная, мудрая выхавальніца сада закладвае—разам з бацькамі—аснову характару дзіцяці і яго здольнасцяў. А гэта, згадзіцеся, так важна!
І—вельмі адказна. Працу работ-нікаў дашкольных устаноў лёгкай ніяк не назавеш. А вось цікавай—безумоўна, трэба толькі любіць яе, сваю справу.
Наталля Мар’янаўна Савіцкая якраз з тых, чыё сэрца шчыра адкрыта для дзяцей. Яна абрала ў жыццё настаўніцкую прафесію. Вучылася на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта ўніверсітэта. Выкладала яна родную мову ў Малабераставіцкім ліцэі. Але так склаліся сямейныя абставіны, што ў 2000-м годзе жанчына прыйшла працаваць у Алекшыцкі дзіцячы сад. Наколькі адказная новая работа, не здагадвалася, а ведала—у сям’і Наталлі і Сяргея Савіцкіх падрасталі дзве дачушкі, Даша і Волечка. І як матулю, яе не магло не хваляваць, якія людзі сустракаюць дачушак у дзіцячым садзе, ці ўмеюць знайсці з імі агульную мову, індывідуальны падыход, зразумець характар, ацаніць і развіць здольнасці…
І ўпершыню ўзяўшы групу малышоў, Наталля Мар’янаўна сама старалася быць для іх менавіта такой выхавальніцай. Алекшыцкі сад беларускамоўны, і мілагучнасць роднага слова, якое яна любіць і шануе, таксама дапамагала педагогу наладзіць кантакт з выхаванцамі. І, вядома ж, з бацькамі—Наталля Мар’яўнаўна проста не ўяўляе сваёй работы без гэтага. Ну як ладзіць гэты “мосцік” з мамамі і татамі, яе, чалавека адукаванага, творчага, нераўнадушнага вучыць не трэба. Напрыклад, у групе Савіцкай не першы год выдаецца насценная “Сямейная газета”, кожны новы выпуск якой—пра канкрэтнага выхаванца і яго сям’ю. Тут расказваецца, які любімы занятак у хлопчыка ці дзяўчынкі, што яго цікавіць, змешчаны фотаздымкі, сумесныя сямейныя работы. Цікава і “герою” публікацыі—да яго праяўлена ўвага, ён адчувае, што яго ў садку любяць, цэняць, чакаюць—цікава і бацькам, і ўсёй групе.
Перад пачаткам новага навучальнага года Наталля Мар’янаўна стараецца пабываць у сям’і кожнага свайго выхаванца. Яе цікавіць, якая тут атмасфера, чаму вучаць дзіця, ці ёсць у яго свая прастора для гульняў, цацак. Усё гэта неабходна, каб будаваць адносіны з кожным садкоўцам індывідуальна.
—Увогуле, у гэтага педагога творчы падыход да справы,—кажа загадчыца дзіцячага сада Таісія Міхайлаўна Пузевіч.—Ёй цікавы кожны выхаванец, стараецца раскрыць яго індывідуальнасць, здольнасці. І з ёю дзецям весела, займальна: рухавая, няўрымслівая, яна заўсёды ў пошуку, “заражае” малых сваёй энергіяй, сумеснай творчасцю. Трэба бачыць, як пераўвасабляецца Наталля Мар’янаўна на дзіцячыя святы ў розных казачных пастаноўках, якія цікавыя вобразы стварае!
Першы выпуск выхаванцаў Савіцкай—ужо трэцякласнікі. “Моцная была група,—кажа яна,—дзеці ўсё схоплівалі “на ляту”. І я задаволена, што ў школе яны таксама добра вучацца”.
Перад любым выхавальнікам стаіць шмат задач. Кожнае дзіця—непаўторная асоба. А значыць, і патрабуе да сябе адпаведных спосабаў уздзеяння і формаў узаемаадносін.
—У мяне не існуе такога патрабавання: рабі як усе,—кажа Наталля Мар’янаўна.—Ні ў якім разе нельга ў нашай справе “чесать всех под одну гребёнку”. Проста недапушчальна.
Сёння якраз і запатрабавана асоба-арыентаваная мадэль выхавання. Важна быць “Не побач і не над, а разам!” з дзецьмі, што дапамагае іх станаўленню як асобы.
—Дробязяў у справе выхавання няма,– падкрэслівае Наталля Мар’янаўна.
—Я набіраю двухгодак і “вяду” іх да самага выпуску. У кожнага ўзросту свае асаблівасці, калі маленькім уласціва перайманне, лёгкая ўнушальнасць, пераважае зрокава-эмацыянальная памяць і наглядна-дзейснае мысленне, то ў дзяцей старэйшай групы больш ярка выступае сувязь маральных якасцяў з інтэлектам. Выхаванец можа ўжо быць у зносінах з аднагодкамі стрыманым, умець дзейнічаць у інтарэсах іншых, праяўляючы пры гэтым дастатковыя намаганні волі.
Усё гэта трэба ведаць, прыкмячаць. Таму выхавальнік у пэўнай ступені павінен быць псіхолагам, прычым псіхолагам тонкім—бо дзіцячую душу так лёгка параніць.
У Наталлі Мар’янаўны сёння зноў старэйшая група. Разам яны будуць рыхтавацца да вучобы ў школе. Актыўна працягваецца і фарміраванне маральных якасцяў маленькіх асоб, звычак культурных паводзін і іх зносін. Вырастае роля пазнавальных адносін да навакольнага свету, актыўна фарміруюцца сяброўскія ўзаемаадносіны, уменне з’яўляцца членам аднаго калектыву, падпарадкоўвацца агульным патрабаванням…
Што ж хвалюе, непакоіць Наталлю Мар’янаўну як нераўнадушнага і ўдумлівага педагога?—пацікавілася я. І пачула ад яе, што ў апошні час дзеці, бясспрэчна, інтэлектуальна больш развітыя—многа глядзяць тэлевізар, сядзяць за камп’ютарам. Але, на жаль, гэта служыць і кепскую службу: у нейкай ступені адстае развіццё мовы, лагічнага мыслення—навошта маленькаму чалавечку прыкладваць свае намаганні, калі ўсё—гатовае і даступнае. Яна ўлічвае гэта ў рабоце.
Кожны дзень прыносіць выхавальніцы І-й катэгорыі Наталлі Савіцкай новыя клопаты і новыя адкрыцці, радасці. У яе групе 16 хлопчыкаў і дзяўчынак, і кожны выхаванец—гэта цэлы Сусвет, ад-крыццё якога даверана ёй, педагогу. Дык ці можа яе работа быць нецікавай?
Марыя Драпеза



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *