Выстава “Святло ікон” адкрылася ў музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы

Лента новостей

img_0209У музеі Вавёркі – чарговая выстава. Прыгожым біблейскім сюжэтам нараджэння Ісуса Хрыста, які адразу выклікае перадсвяточны ўзвышаны настрой, сустракае наведвальнікаў экспазіцыя ікон мастачкі з Маладзечна Ядзвігі Сянько.
Да тэматыкі хрысціянства Ядзвіга Сянько звярнулася ў 1997 годзе, калі па бласлаўленні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта пачала пісаць іконы. Сёння ў арсенале работ мастачкі – праваслаўныя і каталіцкія іконы, карціны на біблейскія сюжэты і не толькі. Творы Ядзвігі Сянько можна ўбачыць у многіх храмах Беларусі і за яе межамі, у некаторых музеях краіны.
– Выставачнай дзейнасцю аўтар займаецца з 2003 года, – расказвае галоўны захавальнік фондаў музея Вавёркі Яўген Волкаў. – І за гэты час у гарадах Беларусі адбылося каля 200 персанальных выстаў ікон і карцін аўтара. Што датычыцца ікон, то ўсе яны створаны па іканаграфічных канонах, з захаваннем вызначанага тыпу выявы таго або іншага святога ці сюжэта, зацверджанага і асвечанага царкоўнай традыцыяй. Увазе наведвальнікаў, безумоўна, будзе цікава бліжэй пазнаёміцца з найбольш вядомымі ў свеце іконамі – Божая Маці Смаленская (Адзігітрыя), Св. Апостал Павел, Жыровіцкая Божая Маці, Божая Маці Будслаўская, Вострабрамская, Ісус у Геўсіманскім садзе і іншыя.
Што ж, выстава сапраўды дорыць душэўнае святло і спакой. Сама ж мастачка лічыць, што мэта яе творчасці – прынесці чалавеку святло і радасць, падарыць надзею, што дабрыня і прыгажосць, міласэрнасць, вера ў Бога выратуюць свет.
Выстава будзе працаваць да 8 студзеня.
Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *