Выстава СВК “Цецяроўка” прызнана лепшай на свяце працаўнікоў сельскай гаспадаркі

Лента новостей

IMG_7931Традыцыйным і заўсёды адметным штрыхом прафесійнага свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі з’яўляецца выстава прадукцыі новага ўраджаю. Вось і ў лістападзе яна зноў прыцягвала ўвагу як удзельнікаў, так і гасцей урачыстага мерапрыемства, на якім падводзіліся вынікі сельскагаспадарчага года, ушаноўваліся перадавыя калектывы і працаўнікі.
Найбольшую цікавасць выклікала, без сумнення, выстава СВК “Цецяроўка”. Колькі фантазіі пры яе падрыхтоўцы праявілі арганізатары! Паколькі ў кааператыве асноўны даход дае мясная галіна, то на гэта – у гумарыстычнай форме – і быў зроблены акцэнт. Немагчыма было не спыніцца каля вясельнага стала з “жаніхом, нявестай і госцем” у жартоўных вобразах “парсюка, свінні і быка”. Мясцовыя ўмеліцы – бухгалтарскія работніцы Лілія Фунт, Вольга Грыка, Алена Мармыш, Ніна Кухарчык (на здымку злева направа), а таксама нарміроўшчыца Ніна Кудзеля, повар Алена Каржанеўская праявілі выдумку ды фантазію яшчэ і ў выпечцы – удзельнікі і госці свята любаваліся іх тортамі, аздобленымі кветкамі, лебедзямі, сімпатычным вожыкам і г.д. Невыпадкова менавіта выстава СВК “Цецяроўка” была прызнана камісіяй лепшай.
– Мы атрымалі прыз – кававарку, – кажа намеснік старшыні сельгаскааператыва па ідэалагічнай рабоце Марыя Антонаўна Некала, – і гэта, безумоўна, нам вельмі прыемна.
IMG_7913 IMG_7919 IMG_7921 IMG_7924 IMG_7926 IMG_7927 IMG_7933Свой, адметны твар мелі выставы і іншых гаспадарак. СВК “Макараўцы” і “Алекшыцы” свае вытворчыя поспехі прадэманстравалі праз здымкі, узнагароды. Не абыйшлося і без традыцыйнага частавання гасцей прысмакамі. Макараўскія жанчыны – жывёлавод Марыя Ганчар і бібліятэкар Зоя Хлебніка­ва – шчыра частавалі жадаючых медавухай. Вельмі гасціннымі былі і гаспадыні з СВК “Алекшыцы”, СВП “АграМір”.
Увогуле, каля кожнай экспазіцыі было на што паглядзець. У “Пархімаўцах”, да прыкладу, на незвычайныя клубні бульбы, а ў ”Старым Дворцы” ўсім спадабаліся кавуны, якія нагадвалі заможных гаспадароў .
Марыя Драпеза, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *