Выстава-кірмаш “Навагодні сувенір” пачала дзейнічаць у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці

Лента новостей

Не ведаеце, што падарыць родным і сябрам на Новы год? Тады вам абавязкова трэба завітаць у аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Тут распачала сваю работу выстава-кірмаш “Навагодні сувенір”, прымеркаваная спецыяльна да святочных дзён. 

Сімвалы Новага года і Калядаў – званочкі, віфліемскія зорачкі, розныя падвескі, фігуркі жывёлы, у тым ліку сабачкі, анёлкі, дамавічкі, абярэгі, ёлачныя ўпрыгожанні, вяночкі і многае-многае іншае – прадстаўлены на выставе-кірмашы ў розных тэхніках і відах дэкаратыўна-прыкладнай творчасці. Зробленыя рукамі таленавітых супрацоўніц аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, гэтыя цудоўныя рэчы, бясспрэчна, стануць арыгінальным і прыгожым падарункам на святы.  Тым больш што ў апошні час цікавасць да прадметаў ручной работы, ды яшчэ выкананых  у нацыянальным стылі і з захаваннем мясцовых традыцый рамяства, расце.

Калядныя ўпрыгожанні, ёлачныя цацкі, навагоднія сувеніры створаны з выкарыстаннем прыроднага матэрыялу (саломкі, гліны,  галінак, шышак, ягад), а таксама паперы, мешкавіны, фетру. Кожны твор адметны, нясе часцінку душы майстра, выпраменьвае, нібы жывы, цяпло і святло.

Выстава-кірмаш “Навагодні сувенір” будзе дзейнічаць у памяшканні аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры амаль увесь студзень, да свята Хрышчэння Гасподняга.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *