Выстава графікі і жывапісу мастака Мікалая Жлабовіча праходзіць у Бераставіцы

Актуально Культура

4Чарговая персанальная выстава графікі і жывапісу мастака Мікалая Жлабовіча адкрылася ў фае Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў. На гэты раз аўтар аддаў перавагу графічным партрэтам землякоў – сваякоў, сяброў, знаёмых ці проста асоб, якія кранулі душу мастака сваім адметным унутраным светам.
Адкрыццё выставы адбылося ў пятніцу, 6 лістапада, у прысутнасці прыхільнікаў творчасці Мікалая Уладзіміравіча, яго блізкіх і знаёмых, герояў палотнаў, юных мастакоў школы мастацтваў – словам, усіх, хто сочыць за дзейнасцю аўтара і каго вабіць выяўленчае мастацтва.
1 2 35 6 7 8 9 16 17 18 19З прывітальным словам да гасцей імпрэзы звярнуўся навуковы супрацоўнік Музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы, лаўрэат прэзідэнцкай прэміі “За духоўнае адраджэнне”, аўтар-укладальнік раённай кнігі “Памяць” і шматлікіх краязнаўчых прац Мікалай Пацэнка. Ён падкрэсліў, што адкрыццё экспазіцыі – гэта радасная падзея для ўсіх, хто разумее і любіць мастацтва. А для аўтара – прыемная магчымасць падзяліцца сваімі творчымі дасягненнямі са сваімі землякамі. Мікалай Жлабовіч ужо неаднаразова ладзіў персанальныя выставы, прычым не толькі ў раёне, але і ў Гродна, і па-за межамі вобласці. Чарговая экспазіцыя – а гэта каля трыццаці работ – пацвярджэнне таму, што мастак знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, рэалізуе больш складаныя задумкі, спрабуе штосьці новае для сябе. Мікалай Пацэнка павіншаваў аўтара з пераадоленнем чарговай творчай прыступкі і пажадаў новых ідэй і дасягненняў.
Настаўнік мастацкіх дысцыплін Бераставіцкай ДШМ, таксама аўтар, мастак і з нядаўняга часу лаўрэат Прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Андрэй Втарушын падкрэсліў, што менавіта праз выставы неабходна выяўляецца каштоўнасць сапраўднага мастацтва. Добра разумеючы, наколькі складана ў партрэтнай графіцы перадаць не толькі знешняе падабенства чалавека, але і яго рысы характару, Андрэй Францавіч выказаў калегу ўдзячнасць за свайго роду смеласць, тым больш, што работы мастака сапраўды ўдаліся, і на партрэтах лёгка пазнаць тых людзей, хто жыве і працуе побач з намі. Што датычыцца жывапісных твораў, то адлюстраваныя на іх навакольныя пейзажы, храмы і адметныя мясціны Бераставіччыны пад пэндзлем аўтара будуць жыць і радаваць вока доўга, адзначыў Андрэй Францавіч.
Сваімі ўражаннямі ад работ мастака падзялілася таксама дырэктар Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага Таццяна Марцішэвіч, якая добра ведае Мікалая Уладзіміравіча па сумеснай працы. У прыватнасці, яе кранула пранікнёнасць твораў, якія перадаюць любоў мастака да роднага краю, да сваёй маленькай радзімы і да землякоў, людзей працы. Таццяна Дзмітрыеўна нагадала прысутным, што Мікалай Уладзіміравіч ўжо працаваў над партрэтамі– некалькі гадоў таму ён стварыў шэраг графічных выяў ветэранаў-ардэнаносцаў. Сёння гэтыя партрэты знаходзяцца ў музеі, а ўвазе шырокай публіцы апошні раз выстаўляліся падчас святкавання Дня Перамогі. Таццяна Дзмітрыеўна пажадала аўтару здароўя і плённай працы.
Дарэчы, слоў удзячнасці і прызнання прагучала ў адрас мастака нямала: і ад наведвальнікаў выставы, і ад саміх герояў яго графічных партрэтаў. Як чалавека вельмі сціплага, гэта ўсхвалявала Мікалая Уладзіміравіча да глыбіні душы. Ён падзякаваў усіх, хто завітаў на выставу, хто дапамог падрыхтаваць яе, і прызнаўся, што працуючы з пачатку лета над партрэтамі землякоў, адчуваў асаблівыя пачуцці, перажываў, ці атрымаецца задуманае, а таму вельмі рады чуць станоўчыя водгукі аб сваёй рабоце.
Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *