У гэты дзень галоўныя вуліцы Бераставіцы на некаторы час належалі ім — выпускнікам Вялікабераставіцкай сярэдняй школы…
І ўсё менавіта таму, што ў суботу выпускнікі гэтай школы ў суправаджэнні ўзорнага дзіцячага аркестра Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў “Tutti”, а таксама бацькоў, родных і сяброў, прайшлі ўрачыстай калонай да раённага Дома культуры.
Учарашнія школьнікі ў апошні раз сабраліся разам, каб, урэшце, атрымаць атэстаты сталасці і… сказаць школе “Бывай!” Дарэчы, у гэтым годзе адзін з выпускнікоў — Віталь Сіняк — закончыў школу з залатым медалём.
Пасля ўручэння атэстатаў і сімвалічнага апошняга званка выпускнікі пусцілі ў неба паветраныя шары ўсіх колераў вясёлкі. На плошчы, непадалёку ад старажытных сцен касцёла, яны танцавалі вальс.
Школьныя экзамены — ужо за плячыма, але наперадзе самыя складаныя выпрабаванні: цэнтралізаванае тэсціраванне, выбар будучай альма-матэр, уступныя іспыты… Але, гледзячы на гэтых юных, прыгожых, упэўненых ў сабе хлопцаў і дзяўчат, верыцца, што ў іх ўсё атрымаецца!
У гэты ж дзень выпускныя вечары прайшлі таксама ва ўсіх астатніх сярэдніх установах адукацыі. Толькі ў Алекшыцах атэстаты аб атрыманні сярэдняй адукацыі выпускнікам уручылі напярэдадні — 10-а чэрвеня.
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ, фота аўтара