Мяркуючы па ўсім, першую марозную атаку энергазабяспечваючыя службы раёна вытрымалі нядрэнна. Аднак пасля некалькіх дзён “перадышкі” зноў надышла паласа выпрабаванняў. Як і абяцалі сіноптыкі, нашы шыроты паўторна апанавалі халодныя арктычныя масы паветра.
Усе службы цяпер працуюць у напружаным рэжыме. Дадаткова арганізавана кругласутачнае дзяжурства кіраўнікоў і спецыялістаў. Як паведаміў нам Анатолій Ганчарык, начальнік Бераставіцкага раёна электрасетак, галоўная ўвага энергетыкаў зараз сканцэнтравана на тым, як функцыянуюць пры нізкіх тэмпературах паветра сілавыя трансфарматары, а таксама іншае масланапоўненае абсталяванне. Без крайняй неабходнасці тут стараюцца не выконваць пераключэнняў у электрычных сетках, паколькі гэта можа прывесці да непажаданых момантаў. На марозе фарфоравыя ізаляцыйныя дэталі, якія шырока выкарыстоўваюцца ў электрычным абсталяванні, робяцца крохкімі і растрэскваюцца на кускі нават пры нязначным сілавым уздзеянні на іх.
Пад неаслабным кантролем энергетыкаў і стан электрычных правадоў, якія таксама ў выніку высокіх дынамічных нагрузак пры няправільным нацяжэнні могуць абрывацца. Дарэчы, у суседняй Брэсцкай вобласці менавіта па гэтай прычыне адбываліся падчас моцных маразоў масавыя адключэнні ў энергасістэме. У нас, на шчасце, усё абышлося больш-менш удачна. Хацелася б пажадаць энергетыкам, каб і другую хвалю маразоў яны вытрымалі без асаблівых турбот. А ўсе карыстальнікі цеплавой энергіі і надалей адчувалі сябе камфортна ў рабочых памяшканнях і дома, дзякуючы ў многім і бесперабойнай падачы электраэнергіі, без якой, як вядома, нават маленькі хатні кацёл не можа функцыянаваць, не гаворачы ўжо пра магутнае абсталяванне кацельняў.
Сяргей ХІЛЮТА