Штосьці неймавернае адбываецца з прыродай. Напэўна, яна, як і мы з вамі, у пэўны перыяд свайго жыцця патрабуе перамен. Адначасова назіраеш за імі з непрыхаванай цікавасцю і пэўнай насцярогай. Час ад часу думаючы, а што на гэты раз? Можа яшчэ ружы ў снежні зацвітуць?! А пасля гэтая, зразумела, кінутая з іранічным падтэкстам фраза, ужо і не здаецца якімсьці выразам, пазбаўленым сэнсу. Шкада толькі, што ўзамен снежнай, бялюткай, мяккай, з лёгкімі прымаразкамі зіме, што прыходзіць паступова, мы атрымліваем штосьці невыразнае: шэрае, дажджлівае, імгненнае. А разам з тым такое чужое. І калі з людской “трагедыяй” зразумела больш-менш, то надзвычайна цікава, якія ж зімовыя выпрабаванні чакаюць раслінны свет.
Аб тым, што пагражае азімым культурам пры перазімоўцы, расказала начальнік Бераставіцкай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Алена Дзяшко.
— Па-першае, трэба адзначыць, што зімаўстойлівасць азімых – гэта паказчык комплексны, які залежыць ад тэхналагічных і кліматычных фактараў, — гаворыць Алена Расціславаўна. – Зразумела, калі да тэхналагічных фактараў мы адносім нізкую якасць апрацоўкі глебы, невыкананне тэрмінаў і непрытрымліванне глыбіні сяўбы, няправільны выбар гатунку азімых культур і іншае, то да кліматычных – вымаканне, вымярзанне, выправанне, ледзяную корку. І калі мы гаворым пра гібель азімых у перыяд перазімоўкі, то зазвычай асноўнай прычынай з’яўляюцца менавіта невыкананне тэхналагічных рэгламентаў, на якія ўжо пасля накладваюцца ўмовы надвор’я.
У гэтым годзе бераставіцкія аграрыі засеялі азімымі культурамі (пшаніцай, ячменем, трыцікале, жытам), а таксама рапсам 11040 і 2305 гектараў зямель адпаведна. Калі самай капрызнай культурай з’яўляецца азімы ячмень, то самай зімаўстойлівай лічыцца жыта. У адрозненне ад іншых азімых яно не дае такіх багатых ураджаяў, таму і пад пасевы было адведзена толькі 70 гектараў.
Па словах Алены Расціславаўны, адной з найбольш распаўсюджаных і частых прычын пашкоджання і гібелі пасеваў азімых культур з’яўляецца вымярзанне. Пры гэтым яно можа адбыцца і пры наяўнасці снежнага покрыва, калі тэмпература паветра панізіцца да мінус 20-25 градусаў і ніжэй. У выніку расліны гінуць ад таго, што пад уплывам працяглых маразоў у іх клетках утвараецца лёд. А вось вымярзанне толькі лісця і сцёблаў раслінам не пагражае. Аднак па прычыне пашкоджання надземнай часткі расліны вясной хварэюць і іх развіццё затрымліваецца нярэдка на тыдні два. Самым ідэальным варыянтам для перазімоўкі азімых быў бы пушысты снег, дзе ступень аховы вызначаецца таўшчынёй яго пласта – дастаткова і дзесяці сантыметраў. І калі ў пачатку зімы пасевы вытрымліваюць на глыбіні вузла кушчэння маразы да мінус 16-18 градусаў, то вясною, асабліва пасля пачатку адрастання, рэзкія ваганні тэмпературы могуць стаць згубнымі для іх.
Успрымальныя збожжавыя і да выправання, якое можа адбыцца пры неглыбокім прамярзанні глебы, калі азімыя пад уплывам цеплыні, што назапашваецца, пачынаюць ажываць і дыхаць пад снегам. Прычын выправання безліч, вось толькі ў выніку атрымліваем зусім не вясёлыя перспектывы: пасля сходу снегу паказваюцца расліны з карычневым гнілаватым лісцем, якое паступова чарнее.
Так і атрымліваецца, што пад капрызы надвор’я даводзіцца падладжвацца нават азімым.
Дарэчы, за развіццём пасеваў сочаць не толькі аграномы сельгаспрадпрыемстваў, але і супрацоўнікі Бераставіцкай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін. Зімою, у студзені і лютым, галоўным аграномам па ахове раслін Аленай Лапавухавай ажыццяўляецца адбор маналітаў азімых культур і рапсу, якія пасля прарошчваюцца дзесяць дзён з мэтай вызначэння жыццяздольнасці культур. Аднак нават пасля правядзення адпаведных даследаванняў яшчэ рана рабіць нейкія высновы, бо як сельгаскультуры вытрымаюць усе выпрабаванні надвор’я, стане вядома толькі вясною.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ