Сёння ў нашай краіне развіццё фізічнай культуры і спорту з’яўляецца адным з найважнейшых напрамкаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, эфектыўным інструментам аздараўлення нацыі і фарміравання станоўчага іміджу краіны. У Бераставіцкім раёне назапашаны значны вопыт у арганізацыі спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай працы, якая ахоплівае розныя пласты насельніцтва: дашкольнікаў, навучэнцаў школ і ліцэя, дапрызыўную і прызыўную моладзь, насельніцтва па месцы жыхарства, пажылых людзей і інвалідаў.
На тэрыторыі раёна функцыянуюць 94 спартыўныя збудаванні, з іх: 14 спартыўных залаў, 21 памяшканне, прыстасаванае для заняткаў фізічнай культурай і спортам, 44 плоскасныя спартыўныя збудаванні, у тым ліку 2 хакейныя каробкі, 2 стралковыя ціры, 11 баскетбольных і 14 валейбольных пляцовак, 1 тэнісны корт, 1 стадыён.
Фізкультурна-аздараўленчую і спартыўную работу ў раёне праводзяць 57 чалавек: 11 інструктараў-метадыстаў арганізацый, 16 трэнераў па спорце, 27 выкладчыкаў дашкольных, школьных устаноў і ліцэя, 3 спецыялісты Бераставіцкага фізкультурна-аздараўленчага спартыўнага цэнтра. Штогод распрацоўваецца Адзіны каляндарны план спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў, якіх, дарэчы, летась было праведзена нямала. Візітнай карткай Бераставіччыны сталі рэспубліканскія спаборніцтвы па вольнай барацьбе памяці трэнера В.І.Валейчыка, на якія з’язджаюцца юныя барцы з розных куткоў Беларусі.
Настаўнікі фізічнай культуры, трэнеры-выкладчыкі, інструктары, якія працуюць ва ўстановах адукацыі, дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна – сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, якія аддаюць сябе прафесіі і служаць прыкладам для сваіх выхаванцаў. Іх праца вартая павагі і шчырых слоў падзякі.
Сярод такіх спецыялістаў – трэнер-выкладчык па вольнай барацьбе Бераставіцкай ДЮСШ Ігар Іванавіч Пармонік (на здымку) і настаўніца фізічнай культуры Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы Люцына Казіміраўна Рукша (на здымку).
Ігар Іванавіч працуе трэнерам па вольнай барацьбе ў аг. Пагранічны ўсяго пяць гадоў. Але з гэтым папулярным на Бераставіччыне відам спорту ён сябруе з дзяцінства. Мае спартыўны разрад кандыдата ў майстры спорту па вольнай барацьбе. За невялікі прамежак часу трэнер падрыхтаваў і перадаў у вышэйшае звяно падрыхтоўкі трох юных спартсменаў – Дзяніса Салаўя, Яўгена Шышко і Аляксея Кухарчыка. У Дзяніса шэраг сур’ёзных дасягненняў: чэмпіён першынства Рэспублікі Беларусь у праграме спартакіяды сярод ДЮСШ, СДЮШАР (г. Мінск); чэмпіён спартакіяды школьнікаў Рэспублікі Беларусь (г.Віцебск); чэмпіён Алімпійскіх дзён моладзі Рэспублікі Беларусь (г.Ма-гілёў). Ігар Іванавіч імкнецца быць для сваіх выхаванцаў не толькі строгім і справядлівым настаўнікам, але і добрым сябрам, дарадцам у многіх жыццёвых пытаннях. Хлопцы разам з трэнерам ходзяць на вясенніх і летніх канікулах у паходы, зімой ладзяць спартыўны лагер пры школе, ездзяць у басейн у Ваўкавыск. У 2014 годзе Ігар Іванавіч за сваю паспяховую працу ўзнагароджаны дыпломам Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і падзячным лістом Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта.
Жанчына ў спорце – сёння, вядома, не рэдкасць. Але ў Люцыны Казіміраўны Рукша – настаўніцы фізічнай культуры Канюхоўскага яслей-сада-сярэдняй школы – сур’ёзны стаж работы: 27 гадоў яна выкладае фізкультуру ў школе. Яе адказнае, ініцыятыўнае стаўленне да сваёй працы прыносіць станоўчыя вынікі. Вучні школы неаднаразова ўваходзілі ў склад зборнай каманды вобласці для ўдзелу ў рэспубліканскіх спаборніцтвах, рэгулярна прадстаўляюць інтарэсы раёна на абласных спартыўных мерапрыемствах. Умацаванне здароўя дзяцей, праз сістэматычныя заняткі развіццё ў іх валявых якасцяў і ўмення пераадольваць цяжкасці – вось асноўныя задачы настаўніка фізкультуры. І Люцына Казіміраўна паспяхова з імі спраўляецца: у 2014 годзе яе праца адзначана Ганаровай граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта.
Гэтыя людзі, як і многія іншыя ў раёне, сваім прыкладам і сумленнай прафесійнай дзейнасцю спрыяюць прапагандзе здаровага ладу жыцця, прыцягненню больш шырокага кола насельніцтва да сістэматычных заняткаў фізічнай культуры і спорту. І гэта важна. Таму што самае важкае золата перамог – гэта наша здароўе.
Святлана Ганчарова,
фота з архіву аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама