Гістарычнае мінулае вабіць людзей з даўніх часоў сваёй таямнічасцю і непаўторнасцю. Цікавая і багатая гісторыя роднага краю! Ведаць і шанаваць яе неабходна кожнаму чалавеку, каб захаваць для наступных пакаленняў непаўторную гістарычную спадчыну.
Вучні Старадварэцкага ясляў-сада- базавай школы наведалі гістарычны музей Баграціёна ў г. Ваўкавыску. У ходзе экскурсіі яны пазнаёміліся з гістарычнымі падзеямі 1812 года, экспанатамі, якія захаваліся з тых далёкіх часоў. Гэта прадметы быту, зброя, убранне воінаў.
З задавальненнем і цікавасцю вучні наведалі музейныя пакоі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Тут можна было ўбачыць арыгіналы дакументаў, надпісаў. А таксама ваенную форму, зброю, якая выкарыстоўвалася ў гады ліхалецця. Вельмі ўразіла вучняў тое, што ў музеі шмат экспанатаў, якія захаваліся праз стагоддзі і якія з’яўляюцца сапраўднымі рэліквіямі.
Экскурсія па родных мясцінах прадоўжылася ў Ваўкавыскам раённым доме рамёстваў. Вучні пазнаёміліся з вырабамі членаў гурткоў, прынялі ўдзел у майстар-класе. Прыгожыя вырабы з прыродных матэрыялаў яны маглі забраць з сабой. Потым дзеці ўдзельнічалі у конкурсе малюнкаў на асфальце, прысвечаных 75-годдзю Гродзенскай вобласці і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З задавальненнем дзеці прынялі ўдзел у спартыўным свяце “Здароўе і спорт”.
Экскурсія дала магчымасць пазнаёміцца з багатай спадчынай роднага краю і яшчэ раз падцвердзіла, што цікавае – побач!
Зоя Уцепяргенава, класны кіраўнік 6 класа Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы