Традыцыйны восеньскі кірмаш “Залатая восень” прайшоў у мінулую суботу ў Вялікай Бераставіцы. Яго арганізатары пастараліся, каб жыхары гарадскога пасёлка і раёна змаглі набыць тут самую неабходную сельскагаспадарчую прадукцыю. Большую частку яе прывезлі на кірмаш сельгаскааператывы і прадпрыемствы. Як заўсёды, вялікім попытам карысталася мяса. Свініну прадавалі па 45 тысяч рублёў за кілаграм, а ялавічыну – па 40 тысяч. Дарэчы, у мінулым годзе і свініну, і ялавічыну на кірмашы прапаноўвалі пакупнікам па 45 тысяч рублёў за кілаграм. Найбольш ажыўлена было каля палатак са свінінай, а прывезлі яе на кірмаш дзве гаспадаркі – СВК імя Варанецкага і “Цецяроўка”. Для многіх у нашай мясцовасці – гэта самы папулярны мясны прадукт. Хаця многія ахвотна набывалі і ялавічыну, тым больш што цана яе была вельмі выгаднай. Асаблівым попытам карысталася мясная прадукцыя РУСП “Масаляны”. Філейныя часткі тут былі расфасаваны асобна, а наборы для супа з костачкамі прадавалі па значна ніжэйшай цане.
Як і ў мінулыя гады, з гаспадарак прывезлі на кірмаш збожжа, таксама хадавы тавар для тых, хто трымае хатнюю жывёлу. А вось бульба разышлася вельмі хутка, жадаючых набыць яе было нямала.
З задавальненнем куплялі людзі яблыкі з уласнага сада СВП “АграМір”. Цана на іх таксама была вельмі прывабнай: буйныя прыгожыя каштавалі па 5 тысяч, а меншыя – па 3 тысячы рублёў за кілаграм.
Побач з мяснымі палаткамі на вуліцы Леніна ў двух месцах прадавалі рыбу.
Шырокі асартымент тавараў прадставіў Бераставіцкі філіял аблспажыўтаварыства: агародніну, мясныя і кандытарскія вырабы, паўфабрыкаты. Не абышлося і без традыцыйнага шашлыка.
А ўзняць кірмашовы настрой пакупнікам імкнуліся работнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Многія не толькі з задавальненнем слухалі песні ў іх выкананні, але і сталі ўдзельнікамі арганізаванага імі аўкцыёна па продажы садавіны і агародніны.
Прыватнікі прадавалі саджанцы пладовых дрэў, мёд.
Сяргей Хілюта,
фота аўтара