Сапраўдная залатая восень усталявалася ў гэтыя дні ў нашых мясцінах. З яе яркімі фарбамі гарманічна спалучаліся ў мінулую суботу на кірмашовых пляцоўках у Вялікай Бераставіцы рознакаляровыя дары садоў і агародаў.
“Залатая восень” – менавіта такую назву атрымаў традыцыйны восеньскі кірмаш у нашым раённым цэнтры. Людзі запасаліся на зіму морквай, цыбуляй, капустай, яблыкамі. А ў гандлёвай палатцы “Малочнага Міра” нават маліну з уласнага сада СВП “АграМір” можна было купіць. Цэны амаль на ўсе тавары былі ніжэйшыя, чым у магазінах. У прыватнасці, капусту прадавалі ў сярэднім па 2500 рублёў за кілаграм, моркву — па 3500, бульбу — па 2 тысячы. Дарэчы, на бульбу такога попыту, як у мінулыя гады, не назіралася. Ды і прывезлі яе нямала. Толькі з СВК імя Варанецкага цэлы грузавік з бульбай стаяў насупраць “Беларусбанка”.
Для тых жа, хто стаўку робіць на ўласную садавіну, таксама было што выбраць. Шматлікія саджанцы пладовых дрэваў прыцягвалі ўвагу аматараў садаводства. А той, хто трымае хатнюю жывёлу, мог таксама папоўніць неабходны кармавы запас. Некалькі машын з гаспадарак прывезлі на продаж збожжа.
Шырокі асартымент тавараў прадставіў на кірмашы наш філіял аблспажыўтаварыства. Бойка ішоў гандаль прадукцыяй Бераставіцкай птушкафабрыкі. Жадаючыя маглі набыць і некаторыя прамысловыя вырабы мясцовага ўнітарнага камунальнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва.
Мабыць, найбольш ажыўлена было на вуліцы Леніна каля палатак з мясам. Свініна і ялавічына прадаваліся таксама танней, чым у магазінах — па 45 тысяч рублёў за кілаграм. Побач з мяснымі палаткамі ў двух месцах прадавалі рыбу. І гэты тавар таксама карыстаўся попытам.
А ўзняць кірмашовы настрой пакупнікам імкнуліся зазывалы – самадзейныя артысты з раённага Дома культуры, якія з песнямі і танцамі хадзілі ўздоўж гандлёвых палатак і заклікалі ўсіх актыўней рабіць неабходныя пакупкі. Вельмі даспадобы прыйшлося такое вулічнае шоу артыстаў многім наведвальнікам кірмаша.
Сяргей Хілюта,
фота аўтара