Пра гэтых мясцовых жыхароў, паважаных людзей, ветэранаў працы мне параіла напісаць намеснік старшыні СВК “Малабераставіцкі элітгас” па ідэалагічнай рабоце Таццяна Жэнгелевіч. Антона Антонавіча і Зінаіду Антонаўну Сягоднікаў яна ведае шмат гадоў і выказалася пра іх са шчырай павагай, лаканічна і ёмка:
— Людзі працавітыя, сціплыя, добрыя.
Думаецца, многія пажадалі б, каб іх так ахарактарызавалі. Гэта адразу запаліла агеньчык цікаўнасці да будучых непрыкметных герояў нашай публікацыі. Невялікі драўляны дом іх у аграгарадку Малая Бераставіца размяшчаецца ў маляўнічым месцы. Каля дома ўжо цягнуцца да сонца сваімі яснымі прагнымі “тварыкамі” першыя кветкі. Сядзіба дагледжаная клапатлівымі рукамі, відаць, што тут жывуць руплівыя гаспадары.
Антону Антонавічу 85 гадоў, але паверыць у тое, што яму ўжо дзевяты дзесятак, нялёгка, так молада і добра ён выглядае. У мясцовай гаспадарцы ён адпрацаваў вадзіцелем 40 гадоў на розных відах работ, пастаянна быў у перадавіках. За такі працяглы час з тэхнікай сваёй зрадніўся, а руль у машыне заўсёды быццам адчуваў ціхую ўпэўненасць умелых і цвёрдых рук сапраўднага прафесіянала. Радавала чалавека, што гаспадарка мацнее, расце дабрабыт людзей. Расказаў мне мой цікавы субяседнік і пра “асабістае”. Хаця і прайшлі з той пары дзесяцігоддзі, твар Антона Антонавіча літаральна засвяціўся ад светлых успамінаў пра сваю незабыўную маладосць.
— Як я пазнаёміўся са сваёй жонкай? – перапытаў ён мяне. – Зіна вучылася на медыка, была ў нас на практыцы на ФАПе. Мне яе паказалі знаёмыя хлопцы. Кажуць, паглядзі, якая прыгожая! І праўда, дзяўчына вельмі прыгожая была. Дык я што прыдумаў – папрасіць у яе кубак вады папіць. Так і пазнаёміліся, спадабаліся адзін аднаму, сустракацца сталі. Потым рашылі ажаніцца.
Шкада нават, што не чула гэтага сціслага, але такога яскравага аповеду пра яе сама Зінаіда Антонаўна, яна з хаты выйшла пазней. Па твары мужчыны было відаць, як праз усё жыццё пранёс муж сваё трапяткое каханне да яе. Жывуць гэтыя вяскоўцы душа ў душу, выгадавалі дзяцей, далі ім добрую адукацыю, шчыра радуюцца сваім любым унукам. Жыццё ўдалося, нягледзячы на многія выпрабаванні і цяжкасці, і мы можам многаму павучыцца ў гэтых сціплых і працавітых людзей.
Гутарыць з шаноўнай “другой паловай” гэтага паважанага чалавека было не менш цікава. Яна таксама з цёплай усмешкай успамінае іх маладосць, калі цяжкія дні асвятляла ўзаемнае каханне, сонечныя ўсмешкі дзяцей, моцная падтрымка.
Вось што сказала Зінаіда Антонаўна пра свайго мужа, з якім столькі гадоў ішлі па жыцці разам “у радасці і ў горы”:
— Ён тады часта мяне падвозіў. Быў ветлівы, з прыемнымі манерамі, добры. Немагчыма было застацца да яго раўнадушнай…
Вяселле было прыгожае, запомнілася назаўсёды. Як стройная вішанька ў квецені, была ў белых сукенцы і вэлюме яго нявеста, успамінае мой цікавы субяседнік. А дапамагаць людзям маладой жонцы, якая стала ў гэтых мясцінах працаваць фельчарам-акушэрам, прыходзілася ў любы час сутак. Даводзілася ёй і роды прымаць, і дзяцей ратаваць, і нават зубы рваць нецярплівым пацыентам, якія не маглі больш трываць такі “дзікі” боль… Куды б яе ні клікалі, у любое надвор’е, у мароз зімою, ні разу не засумнявалася Зіна, ці правільна выбрала для сябе прафесію, ведала, як важна “чалавекам звацца”, дастойна выконваць свой высакародны абавязак. А ўзнагародай за бяссонныя ночы ёй было тое, што веды яе і чулыя рукі суцішалі боль, дапамагалі людзям зноў стаць здаровымі.
Зараз у Сягоднікаў склалася цэлая дынастыя – сын урач, унучка таксама. Калі родныя збіраюцца разам, дык дзеляцца і адмысловымі прафесійнымі сакрэтамі, ім заўсёды ёсць пра што пагутарыць. Менавіта з Зінаіды Антонаўны яны бяруць добры прыклад, з яе адносін да справы. Яна ж заўсёды памятала, што лячыць трэба не хваробу, а чалавека. Ёсць і яшчэ адзін трапны выраз: “Калі пацыенту пасля сустрэчы з урачом не стала лягчэй, дык гэта быў не ўрач”. Не толькі дактароў, але і іншых медыцынскіх работнікаў гэта датычыцца. Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. Час мяняецца, але вечныя каштоўнасці застаюцца. Сапраўдныя прафесіяналы заўсёды носяць у душы клятву Гіпакрата.
Самае прыемнае ўражанне засталося пасля гутаркі з гэтымі простымі людзьмі. Добрага вам здароўя на доўгія гады, шаноўныя!
Ніна Наддэ,
фота аўтара