Не сакрэт, здараецца, што нават у магазінах індывідуальных прадпрымальнікаў з намі не заўсёды размаўляюць ветліва. А між тым “нішто не даецца чалавеку так танна, і не цэніцца так дорага, як ветлівасць”, сказаў Сервантэс, аўтар бессмяротнага рамана “Дон Кіхот”.
У магазіне СВК імя Варанецкага ў г.п. В.Бераставіца працуе прадаўцом Людміла Хілюта. Яна мясцовая, закончыла ў 90-х гадах Бераставіцкі ліцэй. Прафесійнай адукацыяй сваёй Людміла задаволена, гаворыць, што яе там многаму навучылі. А прадаўцом гэтая абаяльная жанчына марыла стаць з дзяцінства. Сапраўды, успомнім сябе: хто з дзяўчынак не гуляў у дзяцінстве “ў магазін”? Гульня была цікавая, давала багаты прастор для фантазіі. Памятаю, як мы з сяброўкай прадавалі самыя розныя “ўяўныя” тавары, а грашамі ў нас былі апаўшыя лісточкі з дрэва. Вельмі цікава было быць і прадаўцом, і пакупніком.
Людміла задаволена сваёй прафесіяй. Яна працавала ў розных магазінах, але найбольш ёй падабаецца яе сённяшняя работа. Магазін СВК імя Варанецкага размешчаны ў людным месцы, сюды прыходзіць шмат людзей. І неаднаразова даводзілася бачыць, які тут маленькі, але зладжаны калектыў, як добра тут абслугоўваюць людзей. Людміла з пакупнікамі нязменна ветлівая, камунікабельная, прыемная ў абыходжанні, усміхаецца людзям, заўсёды параіць, што лепш узяць. Але ж пакупнікі таксама бываюць розныя, часам нецярплівыя або проста грубыя. Як рэагуе прадавец на такіх людзей?
— Так, пакупнікі бываюць розныя, у кожнага свой характар, — згаджаецца маладая жанчына. І адказвае так, быццам вывучала прадмет ”канфлікталогію”. – Калі мне пакупнік скажа нешта непрыемнае або нават грубае, я ніколі яму не адказваю! Лепш прамаўчу, абслужу яго і потым у мяне зноў добры настрой. З усімі знаходжу “агульную мову”.
— Але ў прадуктовых магазінах працаваць цяжэй, чым, напрыклад, там, дзе прадаюць прамтавары. Вам увесь час прыходзіцца быць на нагах. Стамляецеся? – пытаюся.
— Не, не асабліва. Хаця працуем мы па зменах. Змена працягваецца з 9 гадзін ранку да 8 гадзін вечара. Працуем праз дзень. Мне падабаецца мая работа.
Гэта самае галоўнае. Калі справа па душы, чалавек атрымлівае маральнае задавальненне, а гэта вельмі важна, як і заробак.
Вольны час Людміла прысвячае сям’і. У яе двое сыноў, старэйшы ўжо вучыцца ў Гродне на будаўніка, малодшы вучыцца ў школе.
Ніна Наддэ,
фота аўтара