Весткі з Малабераставіцкага ліцэя

Лента новостей

З клопатам—пра пажылых, з пашанай— да матуль
Актыўна і насычана пачаўся новы навучальны год у Малабераставіцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі перапрацоўчай прамысловасці. Навучэнцы працавалі на бульбяных палях гаспадарак раёна, у прыватнасці, СВК “Малабераставіцкі элітгас”, “Алекшыцы”, “Макараўцы”, а таксама РУСП “Масаляны”. А ліцэісты з валанцёрскага атрада “Прамень дабрыні” аказвалі дапамогу ў нарыхтоўцы бульбы Вялікаэйсмантаўскай бальніцы сястрынскага догляду. Дарэчы, кіраўнік атрада — малады спецыяліст, настаўніца гісторыі Ала Млёнік — ужо другі год працуе па размеркаванні, і за гэты час паспела зарэкамендаваць сябе як сапраўдны энтузіяст сваёй справы. Акрамя валанцёрскага атрада, яна кіруе дзейнасцю клуба “Патрыёт”, які займаецца папаўненнем экспазіцыі музея, зборам інфармацыі пра Мураванскі маёнтак, ладзіць адкрытыя пасяджэнні (у ліку апошніх — “Славутыя землякі Бацькаўшчыны”). У рамках раённага месячніка “Дапаможам ветэранам” члены клуба наведвалі ветэранаў у вёсках Муравана і Калеснікі і аказвалі ім дапамогу ў нарыхтоўцы гародніны. А 1 кастрычніка, падчас правдзення раённага суботніка па навядзенні парадку на могілках, ліцэісты “Патрыёта” займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі каля помніка ў вёсцы Пыхоўчыцы.
А нядаўна, падчас святкавання Дня маці, хлопцы і дзяўчаты ўшаноўвалі матуль, якія працуюць у ліцэі. Рабяты паказалі канцэртную праграму і падарылі кветкі шматдзетным матулям-супрацоўніцам ліцэя: майстрам прафесійнага навучання А.І.Эйсмант і С.Р.Айрапетавай, выкладчыцы Г.І.Качадышкінай, дзяжурнай па інтэрнаце А.А.Белаблоцкай, тэхнічным работнікам С.І.Улейчык, А.К.Свіслоцкай, М.Д.Цалюк і работніцы падсобнай гаспадаркі В.В.Замула.

Ці патрэбны дрэсс-код і як ставіцца да грамадзянскіх шлюбаў
На гэтыя і іншыя пытанні будуць шукаць адказы навучэнцы падчас пасяджэнняў дэбат-клуба “Кругагляд”, што распачаў сваю дзейнасць з гэтага года. Арганізавала яго бібліятэкар Таццяна Шастак. Пакуль адбылося толькі адно арганізацыйнае пасяджэнне, на якім было вырашана праводзіць далейшыя сустрэчы ў фармаце “ток-шоу”. Разам са сваім кіраўніком ліцэісты будуць выпрацоўваць асабістую пазіцыю ў адносінах да той ці іншай грамадскай з’явы. На сустрэчы клуба будуць запрошаны розныя спецыялісты — супрацоўнікі медыцынскіх і праваахоўных устаноў раёна і інш.

У баскетболе — лепшыя!
На абласных спаборніцтвах па баскетболе сярод устаноў прафесійна-тэхнічнага навучання, што праходзілі з 11 па 14 кастрычніка ў Гродне на базе Гродзенскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа, каманда дзяўчынак заняла ганаровае 3-яе месца. Абласным гульням папярэднічаў адборачны турнір, які ладзіўся непасрэдна на спартыўных пляцоўках ліцэя.
У верасні ж на працягу некалькіх дзён тут адбыліся спаборніцтвы па міні-футболе, прымеркаваныя да 100-годдзя беларускага футбола. А ў цяперашні час у ліцэі праходзіць турнір па настольнаму тэнісу “Залатая ракетка”.
Між іншым, у хуткім часе і самім супрацоўнікам ліцэя давядзецца паспрабаваць свае сілы ў спартыўных спаборніцтвах. На наступным тыдні тут мае адбыцца Дзень здароўя, падчас якога ў хуткасці і спрытнасці паспаборнічаюць 4 каманды: адміністрацыі ліцэя, выкладчыкаў, майстроў прафесійнага навучання і тэхнічнага персаналу.
Не толькі пра фізічнае, але і пра душэўнае здароўе сваіх падапечных дбаюць у ліцэі. 10 кастрычніка ў рамках Сусветнага дня псіхічнага здароўя тут адбылася сустрэча з педагогам-псіхолагам С.У.Івановай. А падчас пасяджэння клуба будучых матуль, што існуе пры інтэрнаце, прайшла сустрэча з медыцынскім работнікам А.А.Кісляковай.
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *