СВК імя Варанецкага – сапраўдны флагман у аграрным сектары раёна. Гэтая гаспадарка ўваходзіць у сузор’е лепшых у вобласці па ўраджайнасці збожжавых, надоях малака, вытворчасці мяса свіней. Колькі намаганняў, старання і цярпення трэба аддаць, каб хлебная ніва шчодра аддзячыла людзям за іх клопаты! Утрымліваць той вытворчы ўзровень, што ёсць, і не спыняцца на дасягнутым, а прымнажаць працоўныя здабыткі, каб багацелі гаспадарка і людзі – крэда не толькі старшыні Іосіфа Коласа, але і ўсяго калектыву. Адзінай камандай тут стараюцца, каб кожны год быў удалым і паспяховым, прыносіў аддачу і задавальненне.
Хлебаробы заслугоўваюць асаблівай павагі. Іх прафесія – адна з самых запатрабаваных і мірных на зямлі. І можна сказаць, што людзям у гэтай гаспадарцы сапраўды шанцуе на кіраўнікоў. Выдатны старт для развіцця быў дадзены Мікалаем Зданчуком. Традыцыі працягваюцца і падтрымліваюцца. Іосіфа Коласа тут называюць “раннім жаўранкам”, які ўстае разам са світанкам, каб усюды паспець, параіць, падтрымаць людзей. “Сваю марку” кіраўніка і чалавека старшыня трымае высока. Такія чулыя адносіны значаць вельмі шмат для людзей. Часта гэта нават галоўней за нешта матэрыяльнае. А за мінулы год Іосіфу Коласу прысуджана 2 месца ў намінацыі “кіраўнік са стажам работы ў гаспадарцы ад 1 да 5 гадоў” сярод лепшых кіраўнікоў сельгасарганізацый Гродзенскага абласнога аграпрамысловага саюза. Высокая ацэнка яго работы стала заканамернай для такога чалавека, якога шчыра паважаюць у сельгаскааператыве.
Старшыня падабраў зладжаную моцную каманду. Галоўны аграном Павел Станеўскі, нягледзячы на малады ўзрост спаўна апраўдвае давер у нялёгкай хлебаробскай справе. Ён клапоціцца пра захаванне новых тэхналогій, своечасовую і правільную апрацоўку глебы, якасную сяўбу ў аптымальны тэрмін. А пра асаблівасці гэтай вясны ён гаворыць так:
— Мы чакалі, што яна будзе ранняя, таму загадзя падрыхтавалі тэхніку. У нас добра прайшоў тэхагляд. Належная ўвага надавалася закрыццю вільгаці ў глебе, таму што асаблівасцю гэтай вясны стала тое, што яна сухая. Снегу на палях было ўсё ж недастаткова. Калі ён сыходзіць, на зямлі застаецца “скарынка”, праз капіляры якой хутка выпарваецца і страчваецца вільгаць, так неабходная для пасеваў. Яе рыхленне культыватарам і ёсць закрыццё вільгаці. Унясенне мінеральных і арганічных угнаенняў узбагаціць «харчаванне» раслін. Леташняя ўраджайнасць збожжавых з кукурузай на зерне была 91,6 цэнтнера з гектара, спадзяёмся і ў гэтым годзе ўзяць такі рубеж. Сеяць мы пачалі 24 сакавіка. Гэта амаль на тыдзень раней, чым летась. Кожная мінута зараз дарагая. Спадзяёмся, што не падвядзе надвор’е. І тэхніка, і механізатары ў нас надзейныя.
Людзі стараюцца выканаць і перавыканаць норму. Механізатары, родныя браты Іван і Казімір Талочка, працуюць на трактарах “Джон Дзір” і МТЗ – 1523 з шыроказахопнай шасцімятровай сеялкай “Гаспарда” і трохмятровай “Лемкен”. Яны вопытныя сейбіты. Такой жа павагай у гаспадарцы карыстаецца і механізатар Анатолій Ціток. Ён працуе на трактары МТЗ – 1523 з пасяўным агрэгатам “Лемкен”.
Пажадаем нашым аграрыям шчодрага ўраджаю!
На здымках: Павел Станеўскі і Іосіф Колас, Іван Талочка.
Ніна Наддэ, фота аўтара
хватит показухи