“Мне пашчасціла радзіцца на зямлі, якая завецца Бераставіца” — гэтымі словамі пачынаецца верш шасцікласніцы Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы Марыі Габрусевіч, які стаў пераможцам у раённым этапе конкурсу “Шчасце жыць у мірнай краіне» і ўвайшоў у зборнік “Дзеці за мір”, выдадзены Беларускім фондам міру. 18 верасня больш за 150 юных паэтаў з усіх куткоў Беларусі з’ехаліся ў Мінск на цырымонію ўзнагароджання і ўручэння кнігі, якая прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
– Конкурс традыцыйна праводзіць грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд міру” пры падтрымцы міністэрстваў адукацыі, культуры і інфармацыі, — расказаў старшыня праўлення раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Валянцін Арцюхевіч. – У мінулым годзе ўдзельнікі конкурсу пісалі сачыненне, а ў гэтым – вершы. У Гродзенскай вобласці ў конкурсе прынялі ўдзел больш за 300 навучэнцаў. У маі былі падведзены вынікі на раённым і абласным узроўнях. А 18 верасня пераможцаў рэспубліканскага этапу ўшаноўвалі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Гродзенскую вобласць на гэтым мерапрыемстве прадстаўлялі 19 хлопчыкаў і дзяўчынак, вершы якіх увайшлі ў зборнік «Дзеці за мір”. І вельмі прыемна, што сярод іх была і прадстаўніца нашага раёна.
Верш Марыі Габрусевіч называецца “Абяцанне” і прысвечаны роднай бераставіцкай зямлі. Дзяўчынка абяцае славіць родную Бераставіччыну і быць годнай яе дачкой.
Марыя прызналася, што ўжо некаторы час спрабуе пісаць вершы, а верш на конкурс ёй дапамагала рэдагаваць настаўніца Людміла Анатольеўна Тапарыўская.
– У кнізе ён надрукаваны на старонцы нумар 100, – з гонарам адзначае Марыя, — і я вельмі рада, што ў мяне ўжо ёсць кніга са сваім вершам.
Задаволена Марыя засталася і ад паездкі ў сталіцу.
– У Мінску я ўжо бывала, а вось наведаць Нацыянальную бібліятэку мне давялося ўпершыню, — расказвае дзяўчынка. – Яна мне вельмі спадабалася, а асабліва ўразіла назіральная пляцоўка, куды мы падняліся, каб убачыць Мінск з вышыні птушынага палёту.
– Кніга атрымалася вельмі светлай і пазітыўнай, – дадае Валянцін Аляксеевіч. – Яна сапраўды эксклюзіўная, яе нельга будзе купіць, а толькі атрымаць у падарунак, напрыклад, на розных міратворчых мерапрыемствах. Вельмі добра, што ўсе аўтары цяпер маюць яе ў сваіх хатніх бібліятэках. А ад імя праўлення раённай арганізацыі Беларускага фонду міру хачу выказаць словы шчырай падзякі начальніку аддзела адукацыі райвыканкама П.М. Панкевічу і дырэктару Старадварэцкага ясляў-сада – базавай школы Л.М.Чарток, якія прадставілі магчымасць Марыі Габрусевіч прыняць удзел у цырымоніі ўзнагароджання.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара