Новы год і Каляды – самыя чароўныя святы ў годзе. Гэта святы, калі можна апынуцца ў казцы, у якой абавязкова збудуцца самыя заветныя мары і жаданні.
Члены дзіцячага і маладзёжнага руху ўстановы адукацыі ў час навагодніх і калядных святаў выступаюць у ролі чараўнікоў і спрабуюць падарыць святочны настрой тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Штогод нашы педагогі, навучэнцыі і іх бацькі прымаюць актыўны ўдзел у дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды”, што стала вельмі добрай традыцыяй. Прыемна тое, што ніхто не застаецца ў баку, а ўсе ад самага маленькага да дарослага збіраюць цацкі, кнігі, канцэлярскія тавары, салодкія падарункі для таго, каб потым перадаць іх тым, хто верыць у цуды. У час правядзення акцыі было сфарміравана 39 падарункаў. Пакеты атрымалі выхаванцы Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў г.п.Бераставіца ў час гульнявой праграмы “Добры дзень, Новы год”, а таксама дзеці з мнагадзетных, малазабяспечаных, няпоўных сямей мікрараёна ўстановы ў час акцыі “Сюрпрыз ад Дзеда Мароза і Снягуркі”. Не забылі цімураўцы атрада “Сонечныя промні” і валанцёры атрада “Данка” пра ветэранаў працы і інвалідаў. У час акцыі-віншавання “Каб пачуцці добрыя сагрэлі” дзеці наведалі Макараўскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, а ў час акцыі міласэрнасці “Калядны звон” віншаванне атрымалі ветэраны працы. Добрая традыцыя дапамагла не толькі стварыць святочны настрой, але і паверыць у цуды. Хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць дзецям і іх бацькам за удзел у акцыі. Добрыя справы на карысць другіх робяць свет дабрэйшым!
Алена Будніцкая, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы