Вера ў Бога ці ў забабоны?

Лента новостей

Наведваючы сем’і з душпастырскім візітам у час так званай “каляды”, я бачыў у некаторых дамах слонікаў з паднятым хобатам, часта іх было сем. На маё пытанне: “Што гэта і для чаго?” – адказ быў такі: “Гэтыя слонікі прыносяць шчасце!”. Ну вось, хоць мы і жывем у больш цывілізаваным свеце, забабоны, павер’і і магія ўсё-такі застаюцца нашымі спадарожнікамі.
Забабоны, якія прыйшлі да нас з глыбокай старажытнасці і паходзяць ад паганскіх абрадаў, вераванняў і звычаяў, так моцна зрасліся з нашым штодзённым жыццём, што сталі для многіх з нас звычайнай справай.
Мы ж вельмі часта сустракаем тых, хто любіць пастукаць па нефарбаваным дрэве, каб не сурочыць нічога, ці тых, хто не падасць рукі праз парог, ці паверне назад, калі ўбачыць чорнага ката, які пераходзіць дарогу. Многія вераць у “нешчаслівыя” дні, як напрыклад, пятніца 13-га, і сілу амулетаў, прадказваюць будучыя падзеі па рэчах, якія належалі памерлым…
Многія з нас кіруюцца забабонным спосабам мыслення, бо ён досыць трывала замацаваўся ў нашай свядомасці, і мы часта нават не надаем гэтаму значэння. Але ці можна быць католікам, хрысціянінам, і верыць у паганскія звычаі? Ці з’яўляецца вера ў забабоны і павер’і небяспечнай?
Вера ў забабоны, павер’і і магію з’яўляецца грахом супраць першай запаведзі Божай. Так напісана ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла (ККК, арт.2110 і наступныя). Тое самае і з верай у гараскопы, якія таксама з’яўляюцца распаўсюджанай формай забабонаў.
Бо не чорны кот, не пятніца 13-га ці заключэнне шлюбу ў маі вызначаюць наша жыццё асабістае, сямейнае, нашы поспехі і няўдачы. Альбо веру ў Божае наканаванне і ўсемагутнасць і тое, што Бог бачыць маё жыццё і штодзённа акружае мяне любоўю – бо я для Яго з’яўляюся кімсьці важным, пра гэта сведчыць тое, што ён аддаў за мяне Свайго Сына, альбо веру, што гэта чорны кот вырашыць, ці сустрэне мяне нешта добрае ці кепскае.
Вера ў забабоны многім людзям дапамагае абгрунтаваць і растлумачыць іх асабістыя няўдачы, дазваляе спіхнуць адказнасць са свайго нядбайства ці ляноты на чорных катоў, майскія шлюбы, пятніцы 13-га або на дрэнны расклад зорак.
Але трэба быць ўважлівым, каб не параўноўваць забабонную веру з прадметамі, якія прысвечаны Богу. І не трэба звязваць забабоны з культам, які па сваёй прыродзе з’яўляецца добрым і хрысціянскім, “калі прыпісваецца магічнае значэнне пэўным відам практыкі, нават законным або неабходным” (ККК, арт.2111).
Важна таксама вызначыць, што ў жыцці для нас, асабліва вернікаў, з’яўляецца канчатковай кропкай адліку. Гэтай асновай павінен быць толькі Бог, які кіруе лёсамі свету. Усё знаходзіцца ў Яго руках. Ён цікавіцца чалавечым жыццём і забяспечвае сваю дапамогу ў выглядзе ласкі, каб яно развівалася ў правільным кірунку. І рэзервуе для чалавека стан абсалютнага шчасця, якое мы называем выратаваннем, але і ставіць перад намі рознага роду выпрабаванні.
Езус Хрыстос мае для ўсіх нас лепшую прапанову, у якой дае самога сябе: сваю любоў, сілу і апеку, якая выходзіць за межы зямнога жыцця.
А што для вас важна, браты і сёстры?

а.Анджэй Іадкоўскі, місіянер, вікарый касцёла Перамянення Пана г.п.В.Бераставіца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *