У вёску Чаплічы Пагранічнага сельсавета мы прыехалі разам з аўталаўкай, таму атрымалася вельмі добрая магчымасць убачыць практычна ўсіх жыхароў вёскі разам у адным месцы. А іх тут нямнога: пальцаў на руках хопіць, каб пералічыць. Праўда, не ўсе могуць выйсці да аўталаўкі – дзве бабулі ўжо ляжачыя. Занятыя сваімі пакупкамі, жыхары Чаплічаў не адразу звярнулі ўвагу на рэдакцыйную машыну, а калі я дастала фотаапарат, з цікавасцю сталі збірацца вакол мяне. Размясціўшыся на лавачцы, яны ахвотна згадзіліся расказаць пра сваю вёску.
— Месца ў нас вельмі харошае, комплексаў паблізу няма, паветра чыстае, вада вельмі добрая, мы здавалі яе на аналіз: нітратаў і жалеза менш за норму, — пачынае знаёмства з Чаплічамі Людміла Мікалаеўна Прымічова (у дзявоцтве Мінкевіч). – Вось толькі праблема, што калодзежы даўно не чышчаныя. Раней, калі былі маладыя, вяскоўцы самі чысцілі, а цяпер ужо ўсе пенсіянеры, самі не можам. Вось у гэтым калодзежы толькі адна цёця Вера ваду бярэ, ён жа застойваецца, напішыце, можа, нам хто дапаможа.
Хат у Чаплічах нямнога: 12 – з тымі, якія яшчэ трохі трымаюцца, а жылых толькі 5.
— Я нарадзілася тут, у гэтым вось доме, — працягвае Людміла Мікалаеўна. — Жыла ў Гродне, працавала на мэблевай фабрыцы, але пайшла на пенсію, другі год сюды ўжо прыязджаю, бо мая мама, Галіна Паўлаўна Мінкевіч, інвалід 1 групы, ужо 6 гадоў як ляжыць, нават вады сама не возьме. А яна ж сама з 14 гадоў працавала: маці яе хварэла, бацька рана памёр, яна малодшых дзяцей, брата і сястру, сама глядзела, нават школу не закончыла, бо на гаспадарцы працавала. Таты ўжо 13 гадоў няма. Брат мой таксама тут жыве, так ужо склалася, што развёўся з жонкай і вярнуўся да маці. Сам працуе ў Вялікай Бераставіцы, ездзіць далекавата — 17 кіламетраў толькі ў адзін бок, але што зробіш…
Дачнікаў тут няма, бо вёска далёка ад трасы, не хочуць людзі ехаць. Пра нас і ў раёне не асабліва ведаюць, неяк мой брат пайшоў у паліклініку, спіна забалела, то ўрач нават і не ведала, што ёсць такая вёска ў Бераставіцкім раёне.
— Затое паглядзіце, як у нас прыгожа! – далучаецца да размовы Валяр’ян Рыгоравіч Саўко. — Вы бачыце, у нас вёска чысценькая, мы стараемся падтрымліваць парадак нават каля тых хат, дзе ніхто не жыве. А каб вы трохі раней прыехалі, то тут цвіло столькі падснежнікаў! Усё навокал было блакітным!
Валяр’ян Рыгоравіч таксама родам з Чаплічаў, раней жыў у Гродне, быў аўтаслесарам у аўтобусным парку, а як адправілі на пенсію, то таксама пераехаў з Гродна ў бацькоўскую хату.
— А што мне там цяпер рабіць? Жонцы яшчэ кантракт на год працягнулі, працуе, а на выхадныя сюды прыязджае. Купіў вось трактар і працую на роднай зямлі.
Валянціна Яўгеньеўна Сасноўская прыехала ў Чаплічы да маці на час водпуску, яна жыве ў Мінску, працуе дыспетчарам у Мінтрансе. Яе маці, Соф’я Паўлаўна Кумпель, не дачакаўшыся дачкі ад аўталаўкі, таксама выходзіць на вуліцу. Соф’і Паўлаўне хутка 83 гады, у Чаплічах яна з таго часу, як замуж выйшла, а родам сама з суседніх Жылічаў.
— Укаранілася тут і добра, — усміхаецца бабуля. — Увесь час у калгасе на паляводстве працавала. Раней у калгас з Чаплічаў хадзілі кожны дзень, можа, бабаў 20. Тут быў свой калгас, Вішнеўскі быў старшынёй, а брыгадзірам — Грыка. Была ў Чаплічах і ферма свая, там далей, злева за вёскай, і канюшня. Цяпер ужо ўсё там прыгаралі. Жанчыны занятыя былі ў паляводстве, бульбу садзілі, каменне збіралі, сеялі, усё рабілі.
— Дзяніс прыязджаў, казаў соткі ў гэтым годзе будуць у Чаплічах, — раптам успамінае Людміла Мікалаеўна.
– Ой, Дзяніс так казаў? Як добра! — узмахвае рукамі Соф’я Паўлаўна.
— Вы яшчэ садзіце бульбу?- пытаюся.
— Мы ўсе па сотак 10 садзім бульбы, — гаворыць Валяр’ян Рыгоравіч. — Ведаеце, на гародзе з бульбай многа работы, а ў калгасе пасадзіў, грошы заплаціў – і забыў. Калгас дае капалку і прывязе потым трактарам. А капаем усе разам. Мы ў мінулым годзе спачатку цёці Веры бульбу выкапалі, потым — бабе Соні, а пакуль я прыехаў трактарам, дык яны ўжо і маю бульбу выбралі.
— Мы да працы прывыклі, — кажа Соф’я Паўлаўна. – Усё жыццё ў калгасе рабілі. Я як закончыла 7 класаў, дык пайшла ў брыгаду, і яшчэ гадоў 15 на пенсіі працавала. Мае дочкі ў Мінску жывуць, хочуць забраць і мяне, але мне не хочацца кідаць свайго вугла. А здароўя няма, трэба ехаць на аперацыю, вочы ўжо падводзяць, катаракта, ды і ціск скача кожны дзень… Муж ужо пяты год, як памёр.
— А я ўжо, можа, 25 гадоў, як ўдава, — уздыхае Вера Аляксандраўна Канецкая.
Веры Аляксандраўне 78 гадоў, яна нарадзілася і вырасла ў Чаплічах, тут выйшла замуж і ўсё жыццё пражыла. Муж яе працаваў на кране, грузіў вугаль на станцыі Бераставіца. Ды вось толькі захварэў і памёр рана. Але самы вялікі боль Веры Аляксандраўны – смерць сына Валянціна, якога не стала ў маладым узросце каля двух гадоў таму. Вера Аляксандраўна не можа стрымаць слёз: “Такі харошы быў, добры, няма горшай бяды, як Бог дзіця забірае. Іншы раз так трудна стане, на ўсю хату крычу. На могілках у Гарбачах ён пахаваны”.
Каб трохі змяніць сумную тэму, пытаю ў жыхароў Чаплічаў, якую гаспадарку яны трымаюць, што садзяць на агародах.
— Трымаем вось толькі курачак ды сабачак, свіней нельга, — ажыўляюцца жанчыны.
— А я і бройлераў вырошчваю, — дадае Валяр’ян Рыгоравіч. – Праўда, усё загарадзіў, каб ліса не дастала. Яна неяк да бабы Соні ўлезла, падушыла курэй, з курніка пеўня дастала.
А яшчэ было, што па суседству тут тры козачкі разарвалі ваўкі ці шакалы, можа, чулі гэту гісторыю? Гэты чалавек сам тут не жыве, ён з Ражкоў, а козачак трымаў пры доме, што ад сваякоў застаўся. Месцы ў нас тут ціхія, таму і дзікія жывёлы наведваюцца: ласі прыходзілі, казулі бегаюць часта.
Кажуць, што заўсёды тут вадзілася многа чапляў, таму так вёску і назвалі. А яны і цяпер тут ёсць, там, далей, за хутарам, гняздзяцца. А яшчэ цецерукі з’явіліся ў нас апошнім часам, чуваць, як такуюць. Бабровыя хаты недалёка ад вёскі ёсць, па рацэ бабры нават дрэвы спускаюць.
Яшчэ адзін мужчына, зрабіўшы пакупкі, моўчкі збіраецца адыходзіць. Я запрашаю і яго далучыцца да аднавяскоўцаў і пагаварыць пра жыццё-быццё, але ён адмаўляецца і ідзе ў бок свайго дому.
— Гэта Славік, ён жыве на канцы вёскі з маці, маці хворая, а ён п’е, — уздыхаюць жанчыны. — Мы часамі зробім што паесці, занясём ёй, але ён не заўсёды адкрые.
— Той бабцы ужо 90 гадоў, — удакладняе Соф’я Паўлаўна.
— Няхай і 90, Соня, але так жыць, як яна жыве, не дай Бог, — пярэчыць Вера Аляксандраўна. – Сын нап’ецца, а маці галодная, а яна ж таксама ўсё жыццё адпрацавала, заслужаная калгасніца.
— Мы тут жывём дружна, збіраемся разам, дапамагаем адзін аднаму, — працягвае Валяр’ян Рыгоравіч, — я, як маю вольную хвіліну, заўсёды зайду да цёці Веры, да бабы Соні, пагляджу, ці здаровыя.
— Разам працуем, разам у царкву ў Гарбачы ездзім. Калі Валера падвязе, калі брат мой, — дадае Людміла Мікалаеўна.
— Што далей будзе з Чаплічамі, як думаеце? Ці ёсць перспектыва ў вёскі?
— Ніякіх перспектыў не бачым, пара бабулек тут засталася, — Людміла Мікалаеўна нават не задумваецца. — Каб трохі бліжэй да горада, да трасы, а так вельмі далёка ўсё. Ды і працаваць цяпер маладыя не вельмі хочуць, а ў вёсцы трэба працаваць.
— А цікава было б глянуць у будучыню, што тут будзе гадоў так праз 20, — задумваецца Валянціна Яўгеньеўна.
— Ды нічога тут не будзе, — махае рукою Людміла Мікалаеўна, — усё тут будзе пераарана, будзе проста калгаснае поле. Перспектывы ніякай. Дажывае вёска… Ды што нашы Чаплічы, яны даўно ўжо глухая вёска, а паглядзіце на Грыцавічы, Клепачы, Ражкі… Якія былі раней вёскі, а што цяпер з іх засталося? Раней у Грыцавічах і атэлье было, шыць туды хадзілі, а цяпер усё пазакрывалі. А ў Чаплічах ніколі нічога не было.
— Ну чаму не было? – раптам успамінае Соф’я Паўлаўна. – Раней у нас танцпляцоўка была, з суседніх вёсак на танцы прыходзілі.
— Паглядзіце, у Жылічах ужо ніводнага чалавека не засталося, раней трохі старыя, хто мог, прыязджалі на лета, а цяпер ужо і іх няма. Старыя паўміралі, маладыя паехалі ў горад. Тое самае чакае і Чаплічы, — робіць вывад Людміла Мікалаеўна.
— А можна было б жыць, каб толькі здароўе было, пенсію маем, дзякуй Богу! – Соф’я Паўлаўна ўсё ж не траціць аптымізму.
Валяр’ян Рыгоравіч праводзіць мяне па вуліцы Чаплічаў, паказвае свой дом, яшчэ некалькі дамоў сваякоў, зямлю вакол якіх ён апрацоўвае.
— Пакуль маю сілы, буду працаваць. Шкада, каб зямля зарастала бур’янам.
Я падумала, што каб такіх гаспадароў ды пабольш, дык і не быў бы, магчыма, такім трагічным лёс маленькіх вёсачак, многія з якіх ужо развітваюцца са сваімі апошнімі жыхарамі.
P.S. У суседніх Жылічах нашу рэдакцыйную машыну віталі толькі пустыя хаты ды адзінокі калодзеж-журавель, які перажыў усю вёску і застаўся яе маўклівым вартаўніком.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара