У 2013 годзе сродкі масавай інфармацыі ўсяго свету напісалі пра смерць спадкаемніцы амерыканскай кампаніі “Johnson & Johnson”, адной з найбагацейшых жанчын свету Барбары Джонсан (у дзявоцтве – Пясецкай). З гэтай нагоды ўспаміналі і вёску Станявічы, якая знаходзіцца ў Эйсмантаўскім сельсавеце нашага раёна, — менавіта адсюль паходзіла будучая мільярдэрка. Барбара нарадзілася ў 1937 годзе і была малодшым, чацвёртым, дзіцём Войцеха і Пелагіі Пясецкіх, небагатых сялян са Станявіч. Пасля другой сусветнай вайны сям’я Пясецкіх выехала з Беларусі ў Польшчу і пасялілася ў невялікай мясцовасці пад Вроцлавам – Захажыцах. Барбара закончыла Вроцлаўскі
ўніверсітэт, дзе вывучала гісторыю мастацтва, і ў 1968 годзе пераехала ў ЗША. З-за фінансавых праблем яна вымушана была працаваць прыслугай, так яна трапіла ў дом Джона Сьюарда Джонсана, саўладальніка вядомай кампаніі “Johnson & Johnson”. Закахаўшыся ў маладую пакаёўку, Джон Сьюард развёўся з жонкай і ў 1971 годзе ажаніўся з Пясецкай, яму на той момант было 76 гадоў, а Барбары – 34. Гэты шлюб многіх шакіраваў, асабліва шасцярых дзяцей Джонсана ад двух папярэдніх шлюбаў, якія адразу аб’явілі мачасе вайну. У 1983 годзе Джонсан памёр і амаль усю сваю маёмасць, а гэта каля 500 мільёнаў долараў і акцыі “Johnson & Johnson”, пакінуў у спадчыну жонцы. Дзеці спрабавалі аспрэчыць гэта рашэнне ў судзе, але Барбары ўдалося захаваць сваё права на маёмасць. Пасля смерці мужа Барбара Джонсан не толькі не растраціла гэты капітал, але і ў некалькі разоў яго павялічыла. У 2001 годзе часопіс “Forbes” уключыў яе ў дваццатку самых багатых жанчын планеты, а ў 2011 годзе яе маёмасць ацэньвалася ў 3,6 мільярда долараў.
У апошнія гады жыцця Барбара Джонсан шмат падарожнічала і займалася дабрачыннасцю. Ёй удалося сабраць унікальную калекцыю карцін і іншых прадметаў мастацтва, якія перыядычна выстаўляюцца ў найбуйнейшых музеях свету.
Збіраючыся ў Станявічы, мне было цікава даведацца, ці ведаюць і памятаюць пра гэтую жанчыну ў яе роднай аколіцы, ці захаваўся дом, у якім яна нарадзілася.
Першай, каго я сустрэла ў Станявічах, была Юзэфа Казіміраўна Станеўская, якая наводзіла парадак каля прыдарожнага крыжа. Юзэфе Казіміраўне 82 гады, яе муж, Станіслаў Антонавіч, на год старэйшы.
— Хворы зусім мой гаспадар, ляжыць, ды і памяці ўжо не мае, — Юзэфа Казіміраўна цяжка ўздыхае. – У мяне таксама ногі моцна баляць, але цяпер яны хіба ва ўсіх баляць. Выйшла вось трохі каля крыжа ўпарадкаваць, хоць паціхеньку зелле павырываю. А ведаеце, гэты крыж мой муж з сынам паставілі. Раней крыж стаяў на вуліцы, ля калгаснага поля, вось за тым кустом бэзу, але яго вырвалі. А нам без крыжа зусім ніяк… Муж мой таксама веруючы, і ён сказаў: паставім крыж у сваім гародзе, каб нікому не перашкаджаў. Спачатку паставілі драўляны, але ён перагніў з часам, тады муж з сынам зрабілі вось гэты жалезны крыж, гадоў 6 назад, і мы каля яго молімся. У маі і чэрвені тут каля крыжа збіраюцца ўсе людзі з нашай асады. На другім канцы аколіцы ёсць свой крыж, але нам туды далёка хадзіць, а ім сюды далёка.
Юзэфа Казіміраўна расказвае, што на зіму яны з мужам у Станявічах не застаюцца, едуць да дачкі, а за хатай сын наглядае, які жыве ў Гродне.
— Мала ўжо людзей тут, — гаворыць бабуля. — Раней кароў ганялі пасвіць, дык у кожнай хаце кароўка была, а цяпер ужо ніхто не трымае. І ў нас толькі куры. Я ўсё жыццё ў калгасе працавала, у брыгаду хадзіла, а ўжо апошнія гады перад пенсіяй была свінаркай. Муж будаўніком быў, а потым, калі я прыйшла на ферму, дык і ён на ферму прыйшоў, на трактары кармы развозіў. Пражылі мы многа, але жыць яшчэ хочацца. Праўнучак у нас нядаўна нарадзіўся, годзік яшчэ толькі яму, хочацца яшчэ ім пацешыцца…
Пра Барбару Пясецкую Юзэфа Казіміраўна нічога не чула.
— Я сама з Малых Ёдкавічаў, у Станявічы замуж выйшла, а гэта было ўжо намнога пазней. Вы спытайце ў брата майго мужа, ён хоць старэйшы, але ўсё яшчэ добра памятае.
Юзэф Антонавіч Станеўскі, да якога накіравала мяне Юзэфа Казіміраўна, нарадзіўся ў 1932 годзе.
— Тут нарадзіўся, тут усё жыццё пражыў, — прыязна ўсміхаецца мой новы субяседнік. — Бацькоўская хата вось стаіць на падворку, дзед яе яшчэ будаваў. Хацеў яе разабраць, але ўжо не ў маіх сілах гэта.
Як я помню, у нашай вёсцы было 46 двароў. А цяпер амаль нікога няма, большасць з Гродна прыязджае, а тых, хто застаецца на зіму, дык зусім нямнога. У мяне самога рука ўжо няўладная, стаў інвалідам. Які з мяне чалавек, толькі і раблю, што сяджу па цэлых днях. Але на зіму нікуды не еду, застаюся тут, лепш аднаму, ды ў сваёй хаце.
Памятаю, усё што было, і вайну памятаю. Помню, як немцы з-за гары з-пад Барыскоў стралялі па нас. Бацька крычаў: “Уцякайце ў падвал!”, а я не паслухаў. А потым, калі бег, асколак праляцеў зусім каля мяне. Я яшчэ захацеў узяць яго ў руку, вядома ж, дзіця, не ведаў, што ён гарачы будзе, і апёк руку.
Пасля вайны хадзіў у школу ў Мацееўцы, закончыў 4 класы.
У бацькі было 7 гектараў зямлі, з 13 гадоў працаваў на сваёй гаспадарцы. Калі ўжо калгас стварыўся, пайшоў у эйсмантаўскую школу, у 5 клас, але яго не закончыў, мяне забралі ў армію. Служыў ва Усходнім Казахстане, у чыгуначных войсках, 3 гады, нават у водпуск не пусцілі. Там атрымаў спецыяльнасць электрыка. Пасля арміі трохі працаваў у калгасе на конях, а потым пайшоў на электрастанцыю ў Вайтаўшчызну.
Юзэф Антонавіч адпрацаваў у энергасістэме 36 гадоў, мае званне заслужанага энергетыка рэспублікі.
— Жонку таксама знайшоў на станцыі, — працягвае Юзэф Станеўскі. — Яе бацька працаваў са мной, а яна прыходзіла туды спытаць, калі абед у таты, бо мы траіх кругласутачна дзяжурылі на станцыі. Спадабалася мне, звалі яе Ганна, на 9 гадоў маладзейшая за мяне была, але ў 2000 годзе ўжо памерла. Бухгалтарам у калгасе ў нас яна працавала, спачатку ў Ёдкавічах, потым у Эйсмантах.
Вядома ж, мелі сваю гаспадарку, дык яна прылятае з работы і адразу за хатнія справы бярэцца. А аднойчы я прыехаў з работы, а яна ўжо пад хату толькі прыпаўзла, бо ісці не магла, нешта сталася, адняўся ўвесь ніз. Завязлі ў Гродна, там дзён 15 пабыла, а потым дачка забрала да сябе ў Навагрудак, але там два дні толькі яна праляжала, і тромбы нейкія там адарваліся, так і памерла.
А год назад і дачкі не стала. 13 гадоў яна змагалася з анкалогіяй, 7 аперацый зрабілі, але выратаваць не ўдалося. І сама была ўрачом, і муж урач, але і ўрачы таксама хварэюць і паміраюць…
На маё пытанне, ці чуў ён што-небудзь пра Пясецкіх, якія раней жылі ў Станявічах, Юзэф Антонавіч адказаў таксама адмоўна:
— Пясецкіх я не помню, пры маёй памяці не было ўжо тут у Станявічах Пясецкіх, ведаю толькі, што ў Эйсмантах ёсць Пясецкія. А ў нас тут большасць Станеўскія былі. Кажуць, што з двух Станеўскіх наша аколіца і пачалася. І цяпер Станеўскіх многа тут.
Суседка Юзэфа Антонавіча таксама аказалася Станеўскай. Марыі Іосіфаўне 74 гады, родам яна з Кулікоў, у Станявічы выйшла замуж.
— У Станявічах я ўжо 43 гады, — расказвае Марыя Іосіфаўна. – Мне тут падабаецца, і людзі тут добрыя, спагадлівыя. Як была ў Куліках, то хадзіла ў брыгаду, а як сюды прыйшла, дык ужо толькі дзяцьмі і гаспадаркай займалася, чацвёра дзяцей мы з мужам Станіславам Іосіфавічам выгадавалі: двое ў Гродне, адзін у Эйсмантах, а адзін тут з намі жыве, ён інвалід. Мы з мужам заўсёды ўсё разам рабілі. Я дзяцей гадавала, гарод упраўляла. Цэлы гэты гарод быў засаджаны гуркамі, памідорамі, на продаж іх вырошчвалі. Сад у нас быў вялікі, яблыкі таксама прадавалі. Муж рабіў у калгасе шафёрам, а я на гаспадарцы. Так і жылі.
Мясцовыя жыхары не любяць, калі Станявічы называюць вёскай – тут усе лічаць сваё паселішча аколіцай – месцам пражывання шляхты са сваімі моцнымі традыцыямі.
— Аколіца – гэта па-шляхецку, — тлумачыць мне Марыя Іосіфаўна. – У Станявічах, Занявічах, Мацееўцах заўсёды шляхта жыла. Не тое, каб гэта былі багацейшыя людзі, гэта людзі больш веруючыя, мы ўсе католікі, кожную нядзелю і святы ездзім у касцёл. Старшыня калгаса выдзяляе транспарт, спачатку аўтобус вазіў, калі было больш людзей, цяпер бус возіць. Не памесцімся ў адзін бус, дык ён два-тры рэйсы, зробіць, але з усіх навакольных вёсак людзей забярэ. Усе тут веруючыя людзі, таму і вымалілі сваіх святароў: з нашых Станявіч ксёндз Анджэй Іадкоўскі паходзіць, можа, бачылі, там у двары яго бацькоўскага дома фігурка Маці Божай стаіць, з Ёдкавіч — Юрый Церабей, з суседніх Занявіч – біскуп Юзэф Станеўскі. Заўсёды з Богам жывём, ля крыжоў молімся, як калісьці нашы бацькі маліліся. І хоць мала цяпер людзей тут, але традыцыі захоўваем.
Яшчэ адна Станеўская — Клеменціна Іванаўна – самая старэйшая жыхарка Станявіч, ёй ужо амаль 93 гады.
Пра Пясецкіх яна таксама нічога не чула.
— Я старэйшая ў вёсцы, але не памятаю гэтага. А як старэйшыя людзі не ведаюць, то ўжо ніхто і не скажа, — Клеменціна Іванаўна запрашае мяне прысесці і пачынае аповед пра сваё жыццё. — Колькі ўсяго я пражыла, у слязах выкупалася! 67 гадоў, як прыйшла сюды замуж. Мужа не пахвалю, цяжкавата мне з ім жылося. Ды і да замужжа нацярпелася. У час вайны была вывезена ў Германію, паўтары гады там правяла. Была каля Кёнігсберга, на ўсходзе Літвы. Працавала ў немца на гаспадарцы, Франц Норкус яго звалі. Немец быў вельмі нярвовы, гаспадыня трохі лепшая. Былі там яшчэ жанчыны з нашых месцаў: з Жукевіч, Ёдкавічаў. Калі “саветы” вызвалілі, я вярнулася дадому. Каб вы бачылі колькі ў мяне медалёў і падзяк розных, магу паказаць.
Клеменціна Іванаўна дастае з этажэркі юбілейныя медалі, падзячныя пісьмы віншавальныя паштоўкі з Днём Перамогі, сярод якіх ёсць паштоўка нават ад Прэзідэнта краіны.
— А потым у калгасе многа гадоў працавала, і нормы ўсе выконвала. Многа буракоў заўсёды брала, а дачок не было, не было каму дапамагчы, — уздыхае бабуля. — У нас з мужам двое сыноў, яны ў Гродне жывуць. У аднаго сына інсульт быў, ходзіць з цяжкасцю, рука левая няўладная. Маю болю я, як выцерпець.
Але ўвогуле цяпер жывецца добра, пенсію прынясуць, аўталаўка прыязджае ў сераду і суботу. Цяпер толькі той, хто п’яніца, не жыве, а хто мае розум і здароўе, то не прападзе. Я яшчэ сама і падвару, і абмыюся, і гарод сама палю. Дзеці прыязджаюць, дапамагаюць, але я іх не чакаю, калі сама магу…
На жаль, за адзін прыезд мне не ўдалося сустрэцца з усімі жыхарамі Станявіч, але жыццё гэтых старэйшых людзей найбольш поўна перадае лёс і гісторыю іх роднай аколіцы. Шкада таксама, што не атрымалася нічога даведацца і пра сям’ю знакамітай Барбары Джонсан. Магчыма, хтосьці з нашых чытачоў валодае інфармацыяй пра Пясецкіх, якія паходзілі са Станявіч, будзем рады, калі вы падзеліцеся ёй з намі.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара