Вандроўка ў глыбінку. Петраўцы

Лента новостей

Кажуць, што ўсе мы родам з дзяцінства. А мне хацелася б дапоўніць: з дзяцінства, якое прайшло ў вёсцы. Згадзіцеся, у большасці з нас родавыя карані паходзяць менавіта з іх, беларускіх вёсачак, дзе жылі калі нават не мы і нашы бацькі, то, напэўна ж, нашы бабулі і дзядулі. Час імкліва змяняе сучасны свет, чалавек імкнецца быць бліжэй да здабыткаў цывілізацыі, шукае больш камфортных умоў для жыцця. І ўсё часцей яго дарога ляжыць у горад, які дае зусім іншыя магчымасці.
А вёскі пусцеюць, развітваюцца са сваімі жыхарамі і забітымі крыж-накрыж вокнамі дамоў, як нямым папрокам, сустракаюць выпадковых гасцей. Колькі такіх вёсак, дзе ўжо практычна не чуваць дзіцячага смеху і шуму тэхнікі, дзе жыццё ідзе зусім у іншым тэмпе, у цішыні, якая запрашае задумацца аб вечнасці.
Трэба прызнаць, што і на старонках нашай газеты мы больш увагі ўдзяляем людзям і падзеям з райцэнтра і буйных аграгарадкоў, дзе жыццё, як кажуць “кіпіць”. А маленькія вёсачкі, дзе зусім нямнога жыхароў, часта застаюцца сам-насам са сваім жыццём, са сваімі радасцямі і праблемамі. Менавіта аб іх наш новы праект “Вандроўка ў глыбінку”, які мы пачынаем з вёскі Петраўцы.

Перш чым ехаць у вёску, я паспрабавала знайсці некаторыя звесткі аб ёй у інтэрнэце. Як падае Вікіпедыя, Пятроўцы (так назву гэтай вёскі перадаюць і практычна ўсе беларускія слоўнікі) ўзніклі ў XVI стагоддзі. У 1567 годзе гэта паселішча значылася як маёнтак Пятроўшчына — шляхецкае ўладанне ў Гродзенскім павеце Вялікага княства Літоўскага. З сярэдзіны XIX стагоддзя Петраўцы адзначаны як фальварак на карце Шуберта, а ў 1890 годзе ўжо лічыліся вёскай, мелі 171 дзесяціну зямлі. Па перапісе 1897 года тут значылася 11 двароў з 82 жыхарамі, у 1905 годзе вёска налічвала 96 жыхароў, а ў 1914 годзе тут пражывала 127 чалавек. Са жніўня 1915 па 1 студзеня 1919 года Петраўцы ўваходзілі ў зону акупацыі кайзераўскай Германіі, затым былі вызвалены чырвонаармейскімі войскамі. Пасля падпісання Рыжскай дамовы, у 1921 годзе, Заходняя Беларусь адышла да Польшчы і вёска Петраўцы была ўключана ў склад сельскай гміны Малая Бераставіца Гродзенскага павета Беластоцкага ваяводства. У 1924 годзе яна налічвала 2 двары і 13 душ (4 мужчыны і 9 жанчын).
У 1939 годзе Заходняя Беларусь вярнулася ў склад савецкай дзяржавы, Петраўцы сталі належаць да Малабераставіцкага сельсавета Крынкаўскага раёна Беластоцкай вобласці БССР.
Па дадзеных кнігі “Памяць” Бераставіцкага раёна, у час нямецкай акупацыі вёска страціла 6 жыхароў, якія загінулі на фронце. У 1959 годзе Петраўцы налічвалі 66 жыхароў, у 1970 годзе — 54, а ў 1998 годзе — 9 двароў і 11 жыхароў.
На сённяшні дзень у Петраўцах у двух дварах пражывае толькі трое мясцовых жыхароў. Менавіта да іх я і вырашыла зазірнуць у госці.
Першым я наведала дом мясцовага старасты Уладзіміра Аляксеевіча Руселіка, у якім ён жыве разам са сваёй жонкай Нінай Андрэеўнай. Муж і жонка Руселікі абое нарадзіліся ў Петраўцах, з дзяцінства жылі побач. Уладзіміру Аляксеевічу цяпер ідзе 87-ы год, а Ніна Андрэеўна на чатыры гады маладзейшая. Вядома, такі паважаны ўзрост кладзе свой адбітак на здароўе, і ім з кожным годам усё цяжэй становіцца абслугоўваць і сябе, і рабіць нешта па гаспадарцы.
— Я вось пакуль больш-менш хаджу, — гаворыць Уладзімір Аляксеевіч, — вады прынясу, курэй пакармлю, а Ніна Андрэеўна адна ўжо нічога не зробіць, з двума калкамі вымушана хадзіць. Хоць і на таблетках жывём, але пакуль удваіх, дык яшчэ нічога, а вось каб застаўся хто адзін, то, напэўна ж, прыйшлося б перабірацца ў горад да дзяцей.
Гаспадарка ў Руселікаў невялікая: трымаюць курэй, ёсць кот і сабака. А ў ранейшыя часы на падворку ў іх былі і каровы, і свінні, і авечкі.
На Уладзіміры Аляксеевічы ляжыць яшчэ і грамадская нагрузка – стараства.
— Як увялі старастаў, дык адразу мяне і выбралі, — кажа Уладзімір Руселік. — Спачатку быў на дзве вёскі – на Петраўцы і Жабры, цяпер толькі за сваю вёску адказваю. Праўда, якая тут работа з трыма чалавекамі – толькі што і трэба паказанні лічыльніка за свет перадаць.
Усяго ў Петраўцах цяпер 16 дамоў: два — жылыя, а з астатніх чатыры пакуль не прададзеныя, а іншыя ўжо выкупленыя пад дачы. Большасць дачнікаў з Гродна, ёсць некалькі з Вялікай і Малой Бераставіцы. Зімой іх у вёсцы няма, а вясной і летам людзі прыязджаюць, працуюць на гародах, саджаюць бульбу, адпачываюць на ўлонні вясковай прыроды.
Наколькі памятаюць Уладзімір Аляксеевіч і Ніна Андрэеўна, колькасць дамоў у Петраўцах практычна не змянялася з часоў іх дзяцінства. Праўда, жыхароў было значна болей – у кожнай хаце падрастала гурба дзяцей. Напрыклад, у бацькоўскай сям’і Уладзіміра Аляксеевіча было чацвёра дзяцей, яшчэ і бабуля перад вайной жыла. У сям’і Ніны Андрэеўны выхоўвалася двое дзяцей.
— У той час у кожнага была свая гаспадарка, свая зямля, — успамінае Уладзімір Аляксеевіч, — у майго дзеда было 24 га зямлі, потым ён падзяліў яе на трох сыноў, мой бацька меў каля 5 га ворыўнай зямлі і яшчэ балота пры рэчцы Свіслачы, дзе касілі сена. Прыкладна такімі ж надзеламі валодалі і астатнія жыхары Петраўцаў. Даводзілася працаваць на гаспадарцы і дарослым, і дзецям.
У школу Уладзіміру Аляксеевічу трэба было ісці ў 1937 годзе, але месцаў у польскай школе, якая была ў Малой Бераставіцы, хапіла не для ўсіх, і ён застаўся дома яшчэ на два гады. Навучанне пачаў ужо ў савецкай школе, пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў 1939 годзе. Аднак да вайны паспеў закончыць толькі падрыхтоўчы і першы клас.
Вайну Уладзімір Аляксеевіч помніць добра:
— Першыя дні немцы прыгналі палонных савецкіх салдат, абяззбройвалі іх у суседскім двары, а потым пагналі далей. Немцаў у нашай вёсцы не было, жандармерыя знаходзілася ў Малой Бераставіцы, да нас яны толькі часамі наязджалі, правяралі, прызначылі солтыса. Нікога з жыхароў Петраўцаў немцы не забілі, хоць у суседніх вёсках такія выпадкі былі, калі людзей расстрэльвалі. На вайну з Петраўцаў забралі 5 хлопцаў-халасцякоў, ніводзін з іх з вайны дадому не вярнуўся, ну а шостым загінулым стаў мой бацька. Забралі яго ў армію ў лістападзе 1944 года, пасля вызвалення ад немцаў, а ў 1945 годзе ён загінуў.
Паколькі Уладзімір Аляксеевіч быў старэйшым з дзяцей, усе клопаты аб гаспадарцы леглі на яго плечы. Яму давялося нават кінуць школу, каб даглядаць каня, карову, араць зямлю.
— Пакуль не было калгасу, мы, дзеці, шмат намучыліся на сваёй гаспадарцы. У 1949 годзе ў Петраўцах стварыўся калгас, ён называўся тады “Усход”, у нашым хляве трымалі тры каровы, і я адразу пайшоў іх карміць.
У красавіку 1951 года, калі Уладзімір Аляксеевіч адыходзіў у армію, у адзін калгас былі аб’яднаны ўжо Петраўцы, Жабры і Кавалікі. А калі вярнуўся з арміі ў 1954 годзе, калгас стаў яшчэ большым, да яго далучыліся Карпаўцы, Леснявічы і Сінькі, і называўся ён “Бальшавік”.
У арміі Уладзімір Аляксеевіч атрымаў правы, таму пасля вяртання з арміі пайшоў на працу ў калгас шафёрам. І як сеў за руль, так і да пенсіі і яшчэ на пенсіі круціў баранку, можна сказаць, усё працоўнае жыццё прайшло за рулём аўтамабіля.
— Спачатку была машына “ЗІС”, а потым каля 12 гадоў вазіў трох старшынь калгаса: Леаніда Міхайлавіча Посага, Рамана Адамавіча Алізаровіча, Аляксандра Сцяпанавіча Кіслейку, — пералічвае Уладзімір Аляксеевіч. — У 1971 годзе наш калгас аб’ядналі з Пархімаўцамі, і ён стаў называцца імя Горкага. Мне тады далі мікрааўтобус на 12 месцаў, гады 3-4 парабіў на ім, затым на самазвале тры гады, а ў 1982 годзе перасеў на камбікармавоз ЗІЛ, на ім я працаваў да пенсіі. У 1990 годзе атрымаў пенсію, але 4 гады яшчэ працаваў дзень у дзень, а потым гадоў 6 – сезонна: у час уборкі перавозіў зерне, на пасяўной працаваў.
За час працы ў Уладзіміра Аляксеевіча ніводнага спагнання не было, на Дошцы гонару ў калгасе 4 гады быў, у лютым 1990 года яму далі званне заслужанага калгасніка.
Усё сваё жыццё аддала мясцоваму калгасу і Ніна Андрэеўна: як пайшла ў 15 гадоў у паляводства, дык амаль да пенсіі там і працавала, толькі апошнія шэсць гадоў перад пенсіяй ды яшчэ два гады пасля даглядала цялушак на ферме ў Петраўцах. А ўсяго працоўнага стажу ў яе 43 гады!
Разам муж і жонка Руселікі ўжо амаль 60 гадоў. Ведалі адзін аднаго з маленства, жылі па-суседску, у 1957 годзе распісаліся ў сельсавеце ў Малой Бераставіцы. Спачатку жылі з бацькамі, а ў 1962 годзе пабудавалі свой дом і перайшлі з бацькавай хаты.
Яны нарадзілі і выхавалі траіх дзяцей: сына і дзвюх дачок, маюць 6 унукаў і 7 праўнукаў.
Абое яны адзначаюць, што нікуды не хацелі з’язджаць з родных мясцін.
— Не хацелася нікуды, тут было найлепей, спакайней. Людзей у калгасе ў той час было многа, — кажа Ніна Андрэеўна, — бульбу пойдзем капаць – 18 жанчын толькі з нашага сяла. Цяжка працавалі, але маладыя былі, здаровыя, цяпер як падумаеш, дык страшна становіцца, колькі ўсяго адолелі.
— А чаму вёску называюць Петраўцы, не ведаеце?- цікаўлюся.
— Колісь настаўніца гаварыла, што тут было многа Петрукоў, — усміхаецца Ніна Андрэеўна. – Вось і дзед мой быў Пятрук, і яшчэ некалькі аднавяскоўцаў мелі такое імя.
— А як жывецца ў вёсцы, дзе толькі трое жыхароў?
— Ды нармальна жывецца, мы прывыклі ўжо. Па аўторках і пятніцах пад самую хату прыязджае аўталаўка, пошту таксама прывозяць. Тэлефон вось адзін, другі на зарадцы – калі што, адразу можна выклікаць медыцынскую дапамогу. Ды і дзеці і ўнукі часта нас адведваюць.
— А я цяпер часамі думаю, што трэба было будаваць хату ў Малой Бераставіцы, — далучаецца да размовы Уладзімір Аляксеевіч. — Раней, калі былі маладыя, здаровыя, не зважалі на адлегласці, а цяпер і я на таблетках, і яна на таблетках, а на амаль што ўсе лекі трэба рэцэпты, і кожны раз неабходна ехаць да ўрача. У той самай Малой Бераставіцы ёсць амбулаторыя, сельсавет, магазін. Я нічога кепскага не скажу на аўталаўку, яна добра абслугоўвае, але не кожны ж дзень бывае. Праўда, магазіна ў Петраўцах ніколі і не было, але маладым недалёка было і ў Сінькі, і ў Малую Бераставіцу схадзіць, тым больш, што я працаваў на машыне, мог заехаць па дарозе ў любы магазін. Але што цяпер ужо пра гэта гаварыць…
Мы выходзім з Уладзімірам Аляксеевічам на вуліцу, і ён праводзіць для мяне невялікую экскурсію па Петраўцах, паказвае кожны дом, з сумам успамінае былых суседзяў і сяброў:
— Вось у гэтым, крайнім ад Сінькоў, доме цяпер дача гродзенскіх, а раней там жыў родны дзядзька Ніны Андрэеўны, калі ён памёр сыны прадалі хату. Іх сусед, Уладзімір Нікіфаравіч Лешчык, быў удзельнікам Вялікай Айчыннай, прайшоў усю вайну, вярнуўся інвалідам, яны з жонкай паўміралі даўно, дзеці паехалі ў Гродна, а хату купілі людзі з Бераставіцы. У наступным доме жылі Іван Пятровіч і Анастасія Іванаўна Грудачовы, таксама паўміралі, а дом дзеці прадалі гродзенскім. Далей вось тут жыў Сцяпан Гаўрылавіч Акулевіч, гэты дом расіяне купілі, а потым з’ехалі адсюль. Вось у гэтым доме жыве мой сусед, Анатолій Якаўлевіч Акулевіч, тут мы, а вось насупраць нашу бацькоўскую хату пляменнік на дачу узяў. Наступны дом людзі з Бераставіцы купілі, а там далей жылі Уладзімір Фёдаравіч і Ніна Антонаўна Леванчукі, ён у 1995 годзе памёр, яна трохі пазней, хата пакуль што не прададзеная. Яшчэ адна хата цяпер належыць людзям з Малой Бераставіцы, а наступная за ёй мае гаспадароў з Вялікай Бераставіцы. Вось там злева жыла Марыя Давыдзік, але дом згарэў, яго ўжо потым і не адбудоўвалі, разабралі. Далей жылі Пётр Іванавіч і Ніна Міхайлаўна Мацейкі, хату купіў расіянін, але цяпер яго няма тут, адправілі ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Далей яшчэ адна хата была, яна згарэла гадоў 30 назад, бацька з дачкой там былі, задыхнуліся ў дыме. Перадапошні дом — там жыла Марыя Карпуць, у 2015 годзе яна зламала нагу ў сцягне, і дачка забрала яе да сябе ў Бераставіцу.
І вось самы апошні дом, амаль што перад асфальтам, гаспадары таксама ўжо паўміралі, а дачка прадала хату людзям з Гродна.
А гэты крыж мы нядаўна паставілі, у 2015 годзе. Бацюшка папрасіў зрабіць крыж, каб можна было хрэсным ходам хадзіць, я звярнуўся да хлопцаў з калгаса, яны знайшлі жалеза, зварылі крыж.
Мы прайшліся ціхай апусцелай вуліцай Петраўцаў. Вядома, шкада, што жыхароў, якіх толькі што ўспамінаў Уладзімір Аляксеевіч, ужо няма, але адчування, што вёска памірае, у мяне таксама не засталося. Гледзячы на адноўленыя і добраўпарадкаваныя дамы дачнікаў, склалася ўражанне, што людзі з цягам часу сюды яшчэ вернуцца, прычым, не толькі на летні сезон.
Я захацела зайсці да яшчэ аднаго жыхара Петраўцаў, але Уладзімір Аляксеевіч папярэдзіў мяне, што ён нікога незнаёмага ў дом не пускае. Так і атрымалася: праз зачыненыя дзверы гаспадар дома сказаў, што нікога не хоча бачыць. Што ж, шкада, але чалавек, які прывык да адзіноты, мае права, каб яе не парушалі.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *