Вандроўка ў глыбінку. Непарожнеўцы

Лента новостей

Вёска Непарожнеўцы знахо­дзіцца на самым ускрайку Бера­ставіцкага раёна, амаль што на мяжы з Польшчай. Старажылы ўспамінаюць, што ў мінулыя часы, калі не было тут такіх зараснікаў, з польскімі Азяранамі можна было проста перакрыквацца. Ці заспяваюць у Непарожнеўцах, а ў Дзіневічах і Азяранах падхопяць. А цяпер дык і крычаць, і спяваць тут ужо практычна няма каму: на ўсю вёску засталіся толькі тры жанчыны, якія жывуць тут пастаянна. Некалькі хат выкупленыя пад дачы, а іншыя – незаселеныя, і толькі час ад часу іх наведваюць дзеці ці ўнукі былых гаспадароў.

На ўездзе ў вёску гасцей вітае буслянка, тут штогод гняздуюцца белакрылыя птушкі. У народзе кажуць, што бусел прыносіць шчасце і гняздуецца ў дварах толькі добрых людзей. А яшчэ людзі верылі: калі бусел пасяліўся побач, абавязкова пашчасціць. Ну што ж, ідзём спраўдзіць народнае павер’е і пазнаёміцца з лёсамі жыхароў Непарожнеўцаў.
У доме нумар 1 жыве Еўдакія Абрамаўна Пальчыкава. У Непарожнеўцах яна з’явілася адносна нядаўна – пятнаццаць гадоў таму пераехала сюды з Украіны. Па пашпарту ёй ужо 88 гадоў, а ў рэальнасці – на два гады менш.
— У калгас на працу не хацелі браць, пакуль не споўніцца 18 гадоў, — тлумачыць Еўдакія Абра­маўна, — а пасля вайны жыццё было цяжкае, працаваць трэба было. Вось цётка мая дамовілася са сваёй знаёмай, якая працавала ў сельсавеце, і яна мне, 16-гадовай, выдала даведку, што маю ўжо 18. Так і засталася я на два гады старэйшай.
Нарадзілася Еўдакія Абрамаўна ў вёсцы Ярцава-Сурмянёва, што ў Смаленскай вобласці. Шмат выпрабаванняў у яе яшчэ дзіцячыя гады прынесла вайна.
— Немцы з нашай вёскі вывозілі людзей у Беларусь. Сагналі ўсіх жыхароў і сталі грузіць у машыны, — успамінае бабуля. — Мамку маю, бабулю і сястру Галіну немцы ра­зам з іншымі пагрузілі ў машыну, а затым борт закрылі, бо ўсім месца не хапіла, і павезлі іх у Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці, у вёску Старое Сяло. Так яны там да вызвалення і знаходзіліся, а я са старэнькім дзедам адна засталася дома. Бацька, Абрам Васільевіч Мацюхоў, з вайны не вярнуўся, загінуў 10 кастрычніка 1943 года на мяжы Смаленскай і Віцебскай абласцей. Мы з сястрою потым ездзілі туды і пакляліся каля яго магілы, што будзем кожны год у гэты дзень яго памінаць. Усе пяць мужчын з нашай сям’і, якія пайшлі на вайну, загінулі: бацька, тры яго браты і брат маці, мой хросны.
Пасля вайны Еўдакія Абрамаўна закончыла 8 класаў, паступіла ў вучылішча, якое знаходзілася непадалёк у Сычоўцы, і атрымала спецыяльнасць электрамеханіка сельскіх электраўстановак.
— Працавала дзяжурнай на падстанцыі, — уздыхае Еўдакія Абрамаўна, — а ў калгасе амаль нічога не плацілі за працу, была, як кажуць, гола-боса. Мой траюрадны брат у час службы ў арміі трапіў у Данбас, а потым там і застаўся на шахце. Ён неяк прыехаў у водпуск і забраў мяне з сабою туды, казаў, што многа дзяўчат у шахтах працуюць. У шахту я не трапіла, уладкавалася дзяжурнай падстанцыі на заводзе, гэта быў пасёлак Залатое ў Першамайскім раёне. Праз некаторы час перайшла на работу на пошту і там адпрацавала 21 год, да самай пенсіі.
Муж Еўдакіі Абрамаўны, Мікалай Андрэевіч Пальчыкаў, быў украінцам, ён таксама прыехаў працаваць на шахту з вёскі непадалёку. Але шахцёрам быў нядоўга: аднойчы яго прываліла ў шахце, ён атрымаў траўму пазваночніка, пяць гадоў з цяжкасцю хадзіў. Прый­шлося змяніць сферу дзейнасці, ён закончыў музычнае вучылішча і 10 гадоў у Палацы культуры выкладаў дзецям музыку па класе баяна, а затым яшчэ 13 гадоў працаваў у ваенізаванай ахове.
У 1996 годзе Мікалай Андрэевіч памёр, пакінуўшы жонку адну.
Каб не сумаваць і знайсці сабе занятак, Еўдакія Абрамаўна стала дапамагаць суседу, які жыў у іх доме на першым паверсе, Мікалаю Грышуку, які пасля смерці жонкі і перанесенага інфаркту ўжо не ўставаў, а глядзець яго не было каму.
— Дагледзела яго да смерці, — расказвае жанчына, — а на пахаванне прыехаў яго брат Іван з Беларусі і кажа: “Паехалі з намі, што ты тут будзеш адна”. Так я апынулася на Бераставіччыне, у Непарожнеўцах. Пры яго сям’і і жыла, тут я ўжо 16-ы год. Хутка будзе 2 гады, як Іван памёр, але яго жонка Ліда і сын Сяргей не забываюць мяне, прыязджаюць і дапамагаюць.
Я пацікавілася ў Еўдакіі Абра­маўны, ці не шкадуе яна аб пераездзе ў Беларусь?
— Зусім не шкадую, — упэўнена адказвае мая субяседніца. – У нас жа там, у Першамайскім раёне, цяпер вайна, а тут спакойна, людзі добрыя вакол. Пенсіі мне хапае, аўталаўка прыязджае два разы на тыдзень, а калі мне што трэба асаблівае, я тэлефаную прадаўшчыцы, і яна мне спецыяльна прывозіць, ні разу не адмовіла, вельмі добрая жанчына.
На развітанне Еўдакія Абрамаўна папрасіла мяне выказаць яшчэ падзяку пагранічнікам з заставы “Галынка”, якія пастаянна заязджаюць у вёску і чым могуць, дапамагаюць бабулям.
— Паглядзіце, у мяне тут запісана, — Еўдакія Абрамаўна дастае некалькі лісцікаў з прозвішчамі і нумарамі тэлефонаў, — Аляксей Клімчук, Дзяніс Лазарчык і Яўген Петушок – вельмі добрыя хлопцы, заўсёды зойдуць у дом, спытаюць, чым дапамагчы, а калі трэба, на машыне ў бальніцу адвязуць і назад забяруць.
Словы ўдзячнасці для ваеннаслужачых пагранічнай заставы “Галынка” я пачула і яшчэ ад адной жыхаркі Непарожнеўцаў – Рэгіны Міхайлаўны Баярчук. Васьмідзесяці васьмігадовая жанчына з цяжкасцю ходзіць, яна інвалід другой групы, таму не з кожнай хатняй справай сама можа справіцца.
— Год сацыяльная служба да мяне прыязджала, а цяпер салдаты ідуць на дапамогу, — расказвае Рэгіна Міхайлаўна. — Вады з калодзежа набяруць, бульбы дастануць, траву пакосяць у двары, зімою дроў прынясуць, снег адчысцяць. Часта прыязджаюць, заходзяць да мяне, пытаюць, як здароўе. Харошыя хлопцы.
Рэгіна Міхайлаўна родам з Дзіневіч, у Непарожнеўцы выйшла замуж.
— Народу тады ў вёсцы было многа: і старых, і малых, — успамінае бабуля, — хата на хаце стаяла. Я хадзіла ў калгас на працу, ездзіла ў Паплаўцы, на складзе зерне сартавала, у паляводстве была. Муж прарабіў 43 гады на трактары. Ужо гадоў 16 ці 17 як яго няма ў жывых.
У Рэгіны Міхайлаўны двое сыноў. Віктар — ваенны, палкоўнік, жыве ў Мінску, а другі сын — Леанід — тут, у Паплаўцах. Леанід, пакуль пайшоў на пенсію, два гады глядзеў маці, атрымліваў за гэта дапамогу ад дзяржавы. А цяпер ужо сам хварэе, не заўсёды можа дапамагчы.
Хапае праблем і ў другога сына, які жыве ў Мінску. Яшчэ няма года, як памерла яго жонка.
— Добрая была мінская нявестка Наташа, — на вочы бабулі набягаюць слёзы, — прыедзе, сядзем удзвюх, пагаворым. Як трэба мне ў бальніцу ў Бераставіцу, дык няма таго кабінета, каб і яна не зайшла са мною. Заўсёды казала: “Мамачка, можа чаго не дачуеце ці не зразумееце, лепш я з Вамі пайду”.
А ў бальніцы Рэгіне Міхайлаўне давялося шмат бываць пасля таго, як яна неяк паспрабавала падняць свайго ляжачага мужа.
— Нейкі пазванок саскочыў, што і паварушыцца не магла, у рэанімацыі была, доўга лячылі мяне, інваліднасць далі, цяпер ледзь-ледзь хаджу. Добра, што людзі дапамагаюць. Аўталаўка спыняецца каля майго дома, і вы ведаеце, вадзіцель, хлопец такі добры, бачыць, што я не магу ісці, то прыйдзе да мяне, возьме грошы, сумку і прынясе мне ўсё што трэба, дахаты.
Прабачце, што я плакаць стала, — Рэгіна Міхайлаўна цішком выцірае слёзы. — Паплакала трохі, і лягчэй стала, часам трэба і выплакацца. Надта цяжка старому і нямогламу чалавеку аднаму. Хата ў мяне яшчэ такая харошая, летняя кухня ёсць, агарод вялікі. Але сама я ўжо нічога не магу рабіць. Каб я мела дачку, то, можа, да мяне б і ўнукі даччыныя лепей бы ішлі…
Жыццё, як кажуць, прымусіла вярнуцца ў родную вёску і Алу Міхайлаўну Леська. Яе маці ўпала, зламала сцягно і за ёй быў патрэбны штодзённы догляд. Ала Міхайлаўна жыла тады ў Малой Бераставіцы, працавала ў “Сельгастэхніцы”: спачатку была ўчотчыкам, потым бухгалтарам, эканамістам. Але прыйшлося ўсё пакінуць і ехаць у Непарожнеўцы.
— Чатыры гады я глядзела маці, — гаворыць Ала Міхайлаўна, — а як яна памерла, дык мне ўжо нямнога заставалася да пенсіі, і я не захацела пакідаць матчыну хату. Муж мой памёр даўно, дзеці дарослыя. А тут я ўсё ведаю, я тут вырасла, выгадавалася, хадзіла адсюль у школу ў Ёдзічах, потым у Вялікую Бераставіцу. Я зразумела, што ўжо не хачу жыць у кватэры. Раніцай прачнешся — то туды, то сюды, і так цэлы дзень заняты. А заеду ў Малую Бераставіцу, дык не магу ў тых сценах. Як пагляджу – дом стаіць, а людзей у ім практычна ўжо няма, асабліва майго ўзросту. Стаіць нейкая мёртвая цішыня вакол. А куды з кватэры выйдзеш? Проста пастаяць на вуліцы? А тут я цэлы дзень чымсьці займаюся, аж падаю з ног. Вядома, сама я з усім не спраўлюся, сын прыязджае, дапамагае, гараж тут пабудаваў, сад пасадзіў.
У вольную хвілінку Ала Міхай­лаўна любіць паглядзець тэле­візар.
— А палове дзявятага вечарам заўсёды бягу ўключаю яго, — усміхаецца жанчына, — мне трэба абавязкова паглядзець нашы беларускія навіны, каб ведаць, што ў краіне адбываецца. Цікаўлюся надвор’ем, якое ў канцы паказваюць, сачыла, як ідзе жніво, перажывала, ці хопіць нам хлеба. А як жа жыць і не ведаць, што ў нашай Беларусі робіцца? Унучка вось дзевяць класаў закончыла, дык мяне цяпер і ўступная кампанія цікавіць.
Ала Міхайлаўна кажа, што ёй не сумна ў вёсцы, бо побач ёсць добрыя суседзі.
— Калі яны прыязджаюць на сваю дачу, дык мне здаецца, што поўная вёска людзей у нас. Яны маладыя абое, равеснікі маіх дзяцей, у іх двое дзетак. Яны звычайна ў пятніцу прыязджаюць, а вечарам у нядзелю едуць назад. Я пры іх і не заўважаю, што ў Непарожнеўцах людзей няма. Бо каля мяне ёсць людзі. Яны такія вясёлыя, музыка гучыць, дзеці гуляюць на падворку, бензапіла звініць, касілка працуе без канца. Гаспадар вельмі працавіты. Першую ноч, як пераначаваў ён тут, я спытала раніцай: ”Ну як справы, Андрэй?” А ён кажа: “Ведаеце што, паветра тут такое чыстае, зусім па-іншаму дыхаецца”. Усё лета яны тут, а зімою мне тэлефануюць, пытаюцца, як надвор’е, ці не задула снегам хаты. Жывуць яны ў Гродне, а гэты дом ужо гады 4 ці 5 як набылі, навялі парадак. Дача ў іх харошая, альтанку і баню пабудавалі, прыязджаюць, адпачываюць, цэлае лета яны тут.
Добра было б, каб і іншыя пустыя хаты людзі пакуплялі. Дамы харошыя, шкада, калі так змарнеюць. Зямля ў нас тут вельмі ўрадлівая, на гародзе ўсё расце добра. Лес побач, грыбы і ягады збіраем. Я лічу, што гэтыя хаты, якія стаяць закрытымі, можна было б прадаць, каб у Інтэрнэт аб’явы выкласці. Старыя людзі гэтага не ведаюць, вядома, а вось іх дзеці ці ўнукі маглі б, можа, хто і купіў бы, людзі ж шукаюць дамы на дачы.
На развітанне я задала Але Міхайлаўне традыцыйнае пытанне аб будучыні яе роднай вёскі.
— Нават і не ведаю, — задумалася жанчына. – Можа і будуць яшчэ жыць Непарожнеўцы, хто знае… Хоць усе кажуць, што не … А я б вельмі хацела, каб вёска не прапала.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *