Вандроўка ў глыбінку. Жорнаўка

Лента новостей

Ніколі б не падумала, што ў такой невялічкай вёсцы, як Жорнаўка, вуліцы будуць мець сваю назву. Таму і здзівілася, калі стараста вёскі Ядвіга Дабрэнка ў тэлефоннай размове запрасіла мяне на вуліцу Агародную, 9. А ўжо пры сустрэчы Ядвіга Станіславаўна растлумачыла, што на самай справе іх вуліца Агародная з’яўляецца ранейшай вёскай Агароднікі, якая ў 1968 годзе была аб’яднана з суседняй Жорнаўкай і атрымала яе назву.
— Замуж я выходзіла яшчэ ў Агародніках, а дзеці ўжо ў Жорнаўцы нарадзіліся, — расказвае Ядвіга Станіславаўна. — Мы адразу нават нічога і не ведалі пра гэта аб’яднанне, а потым, калі людзі даведаліся, вельмі незадаволеныя былі. Старшынёй сельсавета тады быў Мазур, яго выклікалі ў вёску, сход праводзілі. Мужчыны ў нас тады ў вёсцы дзелавыя былі, адразу сталі крычаць, чаму з жыхарамі Агароднікаў не параіліся, калі праводзілі гэта аб’яднанне? Агароднікі заўсёды большай вёскай былі, з Жорнаўкі ўся моладзь выехала, толькі старыя бабы і дзяды засталіся, а ў нас яшчэ і маладыя сем’і былі ў той час. Той самы Раман Барцэвіч – жонка ў яго настаўніца была, а ён брыгадзірам, і мы з мужам маладыя былі, і Зюнік Вярышкаў быў з маладзейшых, дзяцей яшчэ нараджалі. А ў Жорнаўцы пры мне ні адно дзіця не нарадзілася, цяпер там амаль усе хаты пустыя. Дык вось, як павесяць тут знак “Жорнаўка”, людзі скінуць, зноў павесяць – і зноў скінуць. Дык той Мазур прасіў: “Няхай ужо будзе Жорнаўка, гэта ж столькі трэба грошай, каб усё паперы паперапісваць. Ну якая вам розніца?” Але людзі былі вельмі незадаволеныя, сварыліся, ледзь не біліся. Так гэта справа доўга і не заціхала. А калі ўжо старшынёй сельсавета быў Варчэня, мы звярталіся ў райвыканкам, каб нам дазволілі хаця б вуліцу назваць Агароднай у памяць аб нашай вёсцы Агароднікі. Так і стала ў Жорнаўцы дзве вуліцы: ранейшая Жорнаўка стала называцца вуліцай Вольгі Соламавай, а нашы Агароднікі сталі вуліцай Агароднай.
Сама Ядвіга Станіславаўна нарадзілася ў суседніх Пляба­наўцах, у 1946 годзе. Але дзед яе быў з Агароднікаў, у Плябанаўцы ў прымакі пайшоў. Тут жылі сваякі, якія і папрасілі яе быць кумой, каб дзіця пахрысціць. А Генрыха Дабрэнку ўзялі кумам. Так яна са сваім будучым мужам і пазнаёмілася. Сустракаліся маладыя больш за тры гады. А потым нешта трохі пасварыліся, дык Ядвіга Станіславаўна паехала нават на вучобу ў Яраслаўль: туды пасылалі дзяўчат, якіх збіраліся браць на бавоўнапрадзільную фабрыку, што адкрывалася ў Гродне. Год там павучылася, а потым вярнулася працаваць на фабрыку.
— Як замуж мяне клікаў Генрых Ігнацьевіч, дык казаў, што будзем жыць у горадзе, а як пажаніліся, дык нікуды і не паехаў з Агароднікаў, — усміхаецца Ядвіга Станіславаўна. — 1 чэрвеня 1968 года мы распісаліся, а 5 ліпеня мужа забралі на зборы ў Чэхію, чатыры месяцы ён там прабыў. А я ў гэты час яшчэ ў Гродне працавала. У кастрычніку Генрых вярнуўся, 24 лістапада мы павянчаліся, справілі вяселле. Дык пасля вяселля ён мне ўжо і сказаў: “Не пайду ў Гродна, не пакіну маці тут адну, каб ёй не было каму вады падаць”. Так што давялося мне кідаць горад і ехаць да яго, ужо 49 гадоў я ў Агародніках жыву. Як я сюды прыйшла, было 120 чалавек у вёсцы, цяпер засталося толькі 14 жыхароў на нашай вуліцы Агароднай. Усе пенсіянеры амаль што, двое толькі працуюць, большасці — па 80 і болей гадоў.
Ядвіга Станіславаўна спачатку нідзе не працавала, бо за першыя пяць гадоў шлюбу нарадзіла чатырох дзяцей: у 1969 годзе – сына Юрыя, у 1971 – Алега, у 1972 – Леаніда, у 1974 – дачку Марыну. Маючы чатырох дзяцей, нават закончыла вячэрнюю школу ў Сарасеках, атрымала сярэднюю адукацыю. У 1976 годзе пайшла працаваць на пошту ў Жорнаўку, была начальнікам пошты і паштальёнам па сумяшчальніцтву: да абеду прымала грошы, пасылкі, разбірала пошту, а потым садзілася на веласіпед і развозіла яе. Адзінаццаць гадоў так праездзіла.
— Пасля яшчэ 22 гады ў магазіне тут у вёсцы прарабіла, — успамінае жанчына. — Ён на горцы вось там стаяў, але развалілі ўжо. І загадчык, і прадавец, і прыбіральшчыца, і грузчык у адной асобе. Да пенсіі і яшчэ гадоў дзесяць на пенсіі там працавала. Потым вельмі спіна стала балець, трапіла ў бальніцу, не пайшла на работу, так магазін і закрылі.
Зусім іншая раней наша вёска была: і магазін, і пошта, і ФАП, школа яшчэ была тут, як я прыйшла, праўда, потым яе закрылі, сын наш старэйшы ўжо ў Плябанаўцы пайшоў вучыцца. І ферма была немалая – 9 даярак працавала, чатыры кароўнікі, насупраць зернясклад. Цяпер ужо нічога не засталося…
А яшчэ людзі старэйшыя расказвалі, што тут даўным-даўно жыў пан і двор яго тут быў, дворышча, як мы яго называем. Як я прыйшла сюды, ужо толькі фундамент застаўся, камяні нейкія вялікія, астатняе расцягнулі ўсё. Але яшчэ і цяпер тут людзі з магнітамі ходзяць і нешта шукаюць, скарбы, мабыць, нейкія. Яшчэ некалькі тыдняў назад чалавек адзін хадзіў па полі, усё нечага шукаў.
Пакуль мы размаўляем з Ядвігай Станіславаўнай, Генрых Ігнацьевіч упраўляецца па гаспадарцы. Дабрэнкі яшчэ і цяпер трымаюць і свіней, і курэй, а раней дык гаспадарка куды большай была. Клічу яго на некалькі хвілін далучыцца да нас і расказаць пра сваё жыццё.
— А што тут расказваць, — усміхаецца Генрых Ігнацьевіч, — нарадзіўся ў Агародніках у 1941 годзе, усё жыццё тут і пражыў. Восем гадоў мне было, як бацька памёр, дык нас, траіх дзяцей, маці адна гадавала. Як прыйшоў з арміі ў 1964 годзе, як сеў на трактар, так да пенсіі з яго не злазіў і яшчэ 10 гадоў пасля пенсіі працаваў, пакуль мой трактар не зламаўся.
— Не было ў калгасе той работы, якую б мой Дабрэнка не выконваў, — Ядвіга Станіславаўна больш гаваркая. – І на трактары, і на камбайне працаваў, і араў, і сеяў, і жывёлу карміў. У 1976 годзе медаль Працоўнай славы 3-й ступені атрымаў. І ўдарнік пяцігодкі ён у нас, і ветэран працы, і дружыннік былы, грамат многа розных мае. Нават у раённай кнізе “Памяць” пра яго матэрыял ёсць і фота­здымак.
Па суседству ў роднай вёсцы жыве і старэйшая сястра Генрыха Ігнацьевіча — Ядвіга Ігнацьеўна Мікуцкая, ёй ужо восемдзесят гадоў, але яна яшчэ даволі жвавая і жыццярадасная.
— Усё жыццё прайшло ў роднай вёсцы, — расказвае бабуля. — Вый­шла замуж за мясцовага хлопца, нарадзіла і выхавала чацвёра дзетак: тры дачкі і сына. Муж памёр ужо 11 гадоў назад. Спачатку ў калгасе на палявых рабіла, затым на ферме тут у нас даяркай, потым у Глебавічах свінаркай, пасля зноў на палявыя пайшла. Цяпер вось корпаюся паціхеньку каля хаты. Дзеці прыязджаюць, дапамагаюць, але яшчэ многа работы сама паціхеньку раблю, як магу.
— Не хацелі б паехаць да дзяцей у горад? – пытаюся.
— Не хачу! – замахала рукамі. – Мне найлепей тутака! Мне добра пры сваіх людзях, я тут цэлае жыццё пражыла. Дзеці клічуць, каб ужо ішла да каго жыць, а я не хачу. І гэта дачка, што ў Індуры, хоча кожны год забраць мяне да сябе, але я не іду. Я там адзін раз у Індуры ў бальніцы ляжала, дык у нядзелю пайшла да іх, там сяду – нядобра мне, тут сяду – нядобра, у другі пакой зайду – і там не тое. Яны мяне запрашаюць: “Пераначуйце!”, але я кажу: “Мне ўжо за дзень надакучыла! Лахі пад пахі ды і зноў у бальніцу, — смяецца, – пайду лепш да сваіх бабаў”.
— Яна ў нас самастойная, — кажа Ядвіга Станіславаўна. – Часам кажу: прыйдзі да нас, а яна ўсё: “Не маю часу!”
— А што, дзень малы цяпер, а мне трэба птаства сваё карміць і кралей, — тлумачыць Ядвіга Ігнацьеўна. — 6 катоў маю, 2 сабакі, старых курэй з 12, а маладых нават не ведаю колькі, не палічыць. А індыкі, а гусі, а качкі! Праўда, гусей ужо забіла і падзяліла. Добра яшчэ, што кралей цяпер мала, 15 ці 17 засталося.
— Гэта мала? – здзіўляюся.
— Мала, бывала і куды больш, — усміхаецца жанчына. – Але ўжо хачу збываць, бо цяжка, клеткі паламаліся, няма дзе трымаць. А яны ўсё ядуць і ядуць цэлы дзень і давай што свежае. А так сама б’ю, сама шкуркі з іх здымаю.
Мы з Ядвігай Станіславаўнай выходзім на вуліцу, і яна праводзіць мяне па сваёй вёсцы.
— Вось гэту хату купілі, стаяла пустая, можа, гадоў 15, — паказвае Яд­віга Стані­сла­ваўна, — трохі па­фарбавалі, рамонт зрабілі. А тут прыбудоўку будуе сын каля матчынай хаты. Вось там жыве мой равеснік, у яго гангрэна нагі, кожны дзень хаджу перавязваць. А гэта таксама жылая хата, але гаспадыня ўжо старэнькая, 1929 года нараджэння. А тут нікога няма ўжо, валіцца хата. Кажуць, што пляменніца прыедзе адбудоўваць хату. А вось тут жыве заслужаная калгасніца Станіслава Адольфаўна Вярышка, 1935 года нараджэння, чатыры сыны ў яе. Хлопцы прыязджаюць і нявесткі, у яе прыгажосць каля хаты, асабліва летам.
Мы зазірнулі на некалькі хвілін да Станіславы Адоль­фаўны, яна рада гасцям.
— Тут нарадзілася, усё жыццё тут пражыла, — расказвае бабуля. — У школу, праўда, не хадзіла зусім, пісаць не ўмею, толькі літары ведаю, каб малітву прачытаць. Мама рана памерла, а тата не выправіў у школу. Казаў: “Чаму цябе там навучаць? Каровы і так умееш пасвіць”. Пасля вайны былі на сваёй гаспадарцы. Жорнаўка ў калгас пайшла ў 1949 годзе, Агароднікі – у 1953-м, а мой тата толькі ў 1957-м годзе, доўга ніяк не хацеў у калгас ісці. Потым зямлю ўсю забралі, толькі гектар пакінулі. Я ўсё казала: “Тато, ідзіце ў калгас, бо мы з голаду паўміраем.”
У калгасе ўсё рабіла, 8 гадоў на ферме ў Жорнаўцы была, на цялятніку, на палявых і на складзе працавала. Замуж пайшла ў 28 гадоў, за мясцовага хлопца Мечыслава Вярышку. Разам пражылі 49 гадоў, трохі не дацягнулі да залатога вяселля, у 2012 годзе ён памёр. З таго часу так і жыву адна. Нікуды не збіраюся і нікуды не пайду. Я так дзецям і сказала: “Як хочаце, дык вы прыходзьце. А я па хатах хадзіць не хачу. Цэлае жыццё пражыўшы, у сваёй найлепей”.
На вясковай вуліцы ўвагу адразу прыцягвае новабудоўля: тут узводзіцца вялікі мураваны дом.
— Гэта хлопец адзін наш мясцовы будуецца, — тлумачыць Ядвіга Станіславаўна. – Ён сам у Гродне жыве, у МНС працаваў, цяпер на пенсію пайшоў, вырашыў хату паставіць тут. Мы падыходзім да будоўлі, і я клічу гаспадара, каб пацікавіцца, чаму вырашыў будавацца ў такой маленькай вёсачцы.
— Я тут вырас, гэта мая радзіма, — гаворыць Андрэй Рамуальдавіч Барцэвіч. — Бацькоў ужо 17 гадоў няма. Але тут застаўся і бацькоўскі дом, і дзедаў. Не хочацца пакідаць усё. Кожныя выхадныя едуць сюды і дзеці, і ўнукі, цеснавата ўсім у старэнькай хаце. Таму вырашыў пабудаваць дом, каб усім хапіла месца. Займаюся пчалярствам, зямлі хапае, толькі працуй! Сад малады расце, гаспадарку трымаю. Я лічу, што цяпер ужо трохі час змяняецца, гэта раней усе ўцякалі ў горад, а цяпер пачынае назірацца і адваротны працэс: людзі з гарадоў едуць у вёску, каб дыхаць чыстым паветрам, жыць у цішыні і спакоі. Сябар мой з Гродна, Павел, таксама тут дом купіў. Старэнькі праўда, але падлогу змяніў, рамонт робіць. Мы разам з ім працавалі ў МНС, сюды часта прыязджалі святы якія-небудзь адзначыць, потым ён і папрасіў: “Хачу купіць домік, можа, прадаецца які тут?” Сам ён гарадскі, да гэтага ніколі ў вёсцы не жыў і не бываў асабліва, а цяпер з запалам узяўся. Кожныя выхадныя з сям’ёй тут, і ўсё лета з дзіцём у вёсцы правялі.
— Добра, што такія людзі ў вёсцы з’яўляюцца, — кажа Ядвіга Станіславаўна. – Мы з Дабрэнкам, бывае, ідзём і любуемся на гэты дом, аж сэрца радуецца, што будзе жыць вёска. Ёсць у нас тут яшчэ маладыя гаспадары, зямлю ўзялі, цяпліцы пабудавалі, займаюцца агародніцтвам. Дом таксама прыгожы выбудавалі, як лялечку. Так што, можа, і не ўсё так кепска ў нашай глыбінцы, ёсць яшчэ надзея на маладых і працавітых, якія не баяцца вясковага жыцця, а даюць яму новы віток.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *