Вандроўка ў глыбінку. Астапкаўшчына

Лента новостей

Прызнаюся шчыра, у вёсцы Астапкаўшчына да маёй цяперашняй паездкі сюды я раней не была і практычна нічога пра яе не ведала. Тыя нешматлікія звесткі, якія знайшліся пра Астапкаўшчыну ў інтэрнеце, датычыліся, у асноўным, падзеяў паўстання Кастуся Каліноўскага 1863 года, у час якога ўладальнік маёнтка Астапкаўшчына памешчык Рудольф Мантовіч дапамагаў паўстанцам прадуктамі харчавання і фуражом. Пасля падаўлення паўстання царскія ўлады кан­фіскавалі маёнтак і перадалі яго чыноўніку Гродзенскага губернскага праўлення Аляксандру Нікуліну, а сам Рудольф Іванавіч быў сасланы ў Сібір, у Табольскую губерню. Яшчэ сустракаецца ўпамінанне пра Астапкаўшчыну і ў творах Ларысы Геніюш, дзед якой, Павел Міклашэвіч, у пачатку XX стагоддзя таксама валодаў гэтым маёнткам, а пасля перадаў яго старэйшаму сыну Рыгору.
Ну што ж, тым цікавей зазірнуць у Астапкаўшчыну цяпер і пабачыць, чым і як яна жыве.
У Канюхоўскім сельсавеце, да якога належыць Астапкаўшчына, мяне папярэдзілі, што ў вёсцы засталося ўсяго чатыры жыхары на тры жылых дома, і параілі сустрэцца з яе старэйшымі жыхаркамі Марыяй Бах і Станіславай Вінарскай, да якіх я і накіравалася ў госці.
Адразу скажу, што патрапіць у Астапкаўшчыну было не так і лёгка: вёска проста патанае ў зелені дрэў і кустоў, якія зусім хаваюць яе ад чужых вачэй. І таму прыйшлося зрабіць амаль круг вакол вёскі, каб знайсці патрэбны ўезд. Трохі здзівіў і знак з назвай вёскі, напісаны, як кажуць, у лепшых традыцыях двухмоўя: беларускае “ў” побач з рускай літарай “щ”. Відаць, мовазнаўцы не такія тут частыя госці, каб выправіць памылкі ў напісанні. Ну што ж, ідзём знаёміцца з Астапкаўшчынай і яе жыхарамі.
Марыі Сямёнаўне Бах 82 гады. Яна нарадзілася і ўсё сваё жыццё пражыла ў Астапкаўшчыне. У 1958 годзе яе маці, бацька, тры сястры і брат выехалі ў Польшчу, а яна якраз выйшла замуж і засталася з мужам у родных мясцінах, у бацькоўскай хаце. Яе муж, Франц Баляслававіч, быў родам з суседняй вёскі Парэчча, ужо 26 гадоў, як яго няма ў жывых.
— У ранейшыя часы наша вёска была вельмі прыгожая, — успамінае Марыя Сямёнаўна. – Яна была невялікая, дамоў 30, але была такая акуратная, чыстая. Вуліца была брукаванай, вылажанай каменьчыкамі, да кожнага дома ішлі такія ж сцежачкі з камення. Вось бачыце, як тут у мяне каля дома. Плот у кожнага як пад лінейку быў зроблены, роўны і аднолькавы ва ўсіх. І абавязкова глядзелі, каб хата насупраць хаты роўна стаяла. У той час, калі я была маладой, і моладзі ў вёсцы было нямала, дзяўчат хіба з 16 і хлопцаў прыкладна столькі ж. Весела было ў той час, хоць і нястача была. Калгас абагуліў усё, нічога не засталося свайго. У 1949 годзе ён стварыўся ў нас тут. У Парэччы быў свой калгас, у Сямёнаўцы свой, наш, здаецца “Новае жыццё” называўся.
Днём працавалі, а кожны вечар – танцы, свой гарманіст быў. Пасля вайны ў панскім маёнтку была застава, дык і пагранічнікі з акардэонам прыходзілі ў вёску. У канцы вёскі быў вялікі падворак, там заўсёды танцавалі, а зімой па хатах танцы рабілі. Была ў нас у вёсцы бібліятэка, там бібліятэкар Надзя працавала. цяпер ужо той хаты і няма. Хлопцы збіраліся там, гулялі ў шашкі, шахматы, дзяўчаты далучаліся да іх таксама, іншыя гульні арганізоўвалі, можна сказаць, культурна час бавілі. Бо і моладзь у нас была добрая, культурная, не пілі, не біліся. Ды і наогул людзі ў нашай вёсцы заўсёды былі добрыя, спакойныя, дружныя. Ніхто ніколі ні з кім не сварыўся, дружна па-суседску жылі. Дзяцей было па 5-6, нават па 8 у некаторых сем’ях.
Марыя Сямёнаўна з мужам нарадзіла і выхавала траіх дзяцей – дзве дачкі і сына. Старэйшай, Ліліі, ужо няма – у кастрычніку мінулага года памерла ў 57 гадоў.
— Занядбала хваробу, да ўрачоў своечасова не звярнулася, — са слязьмі ў голасе расказвае Марыя Сямёнаўна. – Я яшчэ жыву, а яе няма ўжо. А працавала Ліля настаўніцай у Гродне.
Сын Станіслаў заснаваў у Астапкаўшчыне фермерскую гаспадарку, і малодшая дачка Аліцыя таксама ў яго працуе, хоць самі яны жывуць у Гродне.
— Я адразу не хацела, каб ён гэтым займаўся, — кажа Марыя Сямёнаўна. — работа на зямлі цяжкая, але ён гэтую справу заўсёды любіў. Яшчэ ў 90-х гадах узяў зямлю, ён аграном сам па спецыяльнасці, пасля сельгасінстытута трохі працаваў у калгасе, потым пайшоў у армію, а калі вярнуўся, вырашыў працаваць сам на зямлі. Работнікі да яго прыязджаюць з суседніх вёсак, ну і яшчэ два хлопцы з Астапкаўшчыны тут ёсць: Іосіф Пячко і Іосіф Вінарскі, яны таксама на работу да Стася ходзяць.
Сама Марыя Сямёнаўна два гады працавала ў канторы, а калі кантору перанеслі ў Пачобуты, не змагла туды дабірацца, бо дзеці малыя былі, хадзіла ў брыгаду. Калі дзеці падраслі трохі, пайшла працаваць на пошту ў Лішкі, там да пенсіі 20 гадоў адпрацавала паштальёнам.
— Мела сабе коніка, воз, сядала і так развозіла пошту, — усміхаецца бабуля. — Конь быў паслухмяны, спакойны. А муж працаваў у калгасе шафёрам, летам на камбайне быў. У час уборкі заўсёды першыя месцы займаў. Але хварэў многа, таму і рана пайшоў з жыцця.
Пытаюся ў Марыі Сямёнаўны, чаму іх вёска так называецца?
— Адкуль пайшла назва Астапкаўшчына, не ведаю, можа Астап тут які жыў. Нас яшчэ заўсёды называлі Сёлкі. Мая бабуля казала калісьці, што тут была карчма, яўрэй таргаваў, і прозвішча ў яго было Сёлка. Таму ўсе так і гаварылі: паедзем да Сёлкі ці ў Сёлкі. На месцы той карчмы цяпер толькі камяні вываленыя засталіся.
У Астапкаўшчыне быў і панскі маёнтак, тут жыў памешчык, дом у яго быў вялікі, я яго яшчэ памятаю, потым гэты дом перавезлі ў Вішнеўку на школу. Сад таксама вялікі быў, але яго калгас выкарчаваў. Сын потым узяў гэтую зямлю, пасадзіў зноў сад. Магазін некалькі гадоў быў, нават у нашым доме, я два гады таргавала ў ім. Потым яго ў Лішкі перанеслі, цяпер да нас аўталаўка прыязджае.
І школа была ў Астапкаўшчыне. Пасля вайны ў Мальвінінай хаце, потым у нас два гады, потым у Парэчча перанеслі яе, а затым вярнулі назад. Тут быў харошы дом, цагляны, гаспадары выехалі ў Польшчу, яго пад школу аддалі, і мае Ліля і Стась сюды хадзілі. А з 70-х гадоў у Лішкі пайшлі дзеці вучыцца, потым ужо ў Макараўцы. Цяпер той школы нават не відаць, так усё зарасло.
Я спытала ў Марыі Сямёнаўны, ці не збіраецца яе сын аднавіць вёску, пабудаваць новы дом на сваёй гаспадарцы. Марыя Сямёнаўна толькі адмоўна паківала галавой.
– Бачу, што не збіраецца ён тут будавацца. Пакуль у сына кватэры не было, хацеў гэты дом цэглай абкласці, а потым купіў кватэру, ажаніўся, так у Гродна і ездзіць. Ну а што тут будавацца… У Парэччы ўжо няма ніводнага чалавека, у Служках таксама няма нікога. Так і Астапкаўшчына хутка пустой застанецца. Дачнікаў у нас няма, адзін дом купіў нейкі прафесар з Гродна, але ў яго спачатку жонка памерла, потым сам, так ніхто сюды ўжо і не прыязджае. А многія дамы зараслі яшчэ з тых пор, як гаспадары ў Польшчу выехалі.
— Цяпер дзверы на замок і ў хаце сяджу, — расказвае далей пра свой побыт Марыя Сямёнаўна. — Уключаю “Радыё Марыя”, слухаю, малюся, тэлевізар гляджу, пачытаю што-небудзь, люблю красворды паразгадваць, кажуць, для памяці гэта добра. Калі дачка старэйшая памерла, а малодшая зламала руку, я па начах наскі вязала, безрукаўкі, каб думкі тужлівыя адганяць, бо спаць не магла зусім. З хаты нікуды не еду, нават на зіму, бо сын прыязджае кожны дзень, ён і вады, і дроў наносіць, і што трэба па хаце зрабіць, дапаможа. А ўся мая цяперашняя гаспадарка – два сабакі, толькі і трэба ім есці зварыць. Цяпер нават з Юльянаўнай сустракаемся рэдка, размаўляем толькі па тэлефоне, бо ісці да яе далекавата, ногі баляць. Часам бывае пайду, пасяджу трохі, пагаворым пра жыццё-быццё. А яна дык зусім слаба ходзіць…
Прапаноўваю Марыі Сямёнаўне скарыстацца магчымасцю пад’­ехаць да аднавяскоўцы і разам накіроўваемся да Станіславы Вінарскай.
Станіслава Юльянаўна нара­дзілася ў 1926 годзе, яна старэйшая жыхарка Астапкаўшчыны. Родам сама з Дзіневіч, у 1945 годзе выйшла замуж сюды, у Астапкаўшчыну.
— З мужам, Вітольдам Мац­веевічам, да касцёла ў Малую Бераставіцу хадзілі разам, там і пазнаёміліся, — згадвае бабуля. — Ды толькі не паспелі ажаніцца, як нас разлучылі, і два гады не прай­шло. Арыштавалі нашы нібыта за багацце і пасадзілі на 7 гадоў у турму ў Іркуцку. Забралі за тое, што меў гарод вялікі і сад, — Станіслава Юльянаўна і сёння не можа стрымаць слёз. – А якое там багацце, калі ён жыў у хаце з бацькам і двума яго братамі, тры гаспадары былі ў адной хаце. Старэйшай нашай дачцэ тады было яшчэ толькі 9 месяцаў. Так і засталася з ёй пры свёкру. Усё ад нас забралі. Мы са свёкрам жылі ў кухні, а ў другіх пакоях яго браты – Павел і Кароль. Калі калгас арганізавалі, нас туды не прынялі, бо злачынцам мужа майго лічылі. Каня забралі, зямлі ніякай не было. Як падумаю пра тое жыццё, дык і сёння душа баліць. Маці ў Дзіневічах наварыць есці і прысылае праз братоў, каб мы з дачкой не згінулі з голаду. Калі муж вярнуўся з турмы, яшчэ трохі пажылі ў той хаце, а потым браты мае, тата і мама дапамаглі пабудаваць вось гэтую хату. У Поразаве купілі зруб, разабралі і перавезлі сюды. Потым ужо ўзялі і нас з мужам у калгас. Я 18 гадоў працавала даяркай, а муж конюхам быў, даглядаў коней. Мала ён рабіў, бо мала і пажыў. 5 разоў аперацыю рабілі, нырку адну выдалілі. У яго яшчэ цукровы дыябет быў, дык раны зусім не зажывалі. Пасля апошняй аперацыі, як сёння помню, што гэта на Вялікдзень было, раны разышліся, трэба ў бальніцу везці, а мне каня не даюць, бо муж рэпрэсіраваны быў. Я яго на плячах да прыпынку аўтобуснага сама панесла, бо іншага выйсця не было. Да Генюшоў дайшла і села, больш сілаў не было, то выйшаў Уладзь Курыла і дапамог мне данесці яго да прыпынку.
— Мы з мужам вырасцілі чатырох дзяцей – дзве дачкі і два сына. Дзяўчаты – Тэрэза і Яніна — абе­дзве ў Гродне, ужо самі на пенсіі. А хлопцы засталіся пры мне: адзін Іосіф, Зютак мы яго называем, працуе ў Баха тут, а другі, Стась, у турме. За дурную галаву і п’янку туды трапіў. Ужо другі год там, яшчэ тры месяцы яму засталося. Зютку ўжо хутка 58 гадоў, але так сям’ю не стварыў, жыве са мной, хоць прыгатуе што, пакорміць мяне.
У дачок маіх па дзве свае дачкі — у мяне 4 унучкі, два праўнукі і тры прапраўнукі. Багатая я на іх, але няма, каб хто прыехаў, парадак трохі ў хаце навёў, — уздыхае з болем бабуля.
— Былое ўсё добра помніцца, не дай Бог каму такое перажыць, — працягвае Станіслава Юльянаўна. — А цяпер, бывае, і паесці забуду. Вайну часта ўспамінаю. Памятаю, як нямецкія самалёты бамбілі Крынкі і заўважылі, што над Дзіневічамі вісіць яшчэ савецкі сцяг, дык і на нашу вёску дзве бомбы скінулі. 22 хаты тады згарэла ў Дзіневічах. Брата майго забралі ў Германію тады, а тату – у турму, у Саколцы ён сядзеў. Мама насіла перадачы. Сабе набярэ на плечы і мне паложыць. А дарога была благая, жвірам высыпаная, а мы босыя па тым жвіру ідзём. Гэта цяпер мы абутымі па хаце ходзім, а раней і на вуліцу выйсці не было чаго абуць.
— І я памятаю, як фронт тут у нас два тыдні стаяў, — далучаецца да размовы Марыя Сямёнаўна. – За вёскай быў млын, мы там у падвале сядзелі, пры берагах рэчкі капалі акопы і там хаваліся. У вёсцы нікога не было больш як тыдзень. З дамоў усё на гароды павыносілі. Начавалі ўсе ў адным гумне. Перад адступленнем немцы ў Парэччы і Генюшах многа хат спалілі, і нас прыехалі паліць. Жанчыны і дзеці сабраліся каля крыжа, пападалі на калені і сталі маліцца і прасіць іх, каб не падпальвалі хаты. Не ведаю, што дапамагло, але немцы селі і паехалі. Можа, Бог усцярог. Людзі ў нас заўсёды былі пабожныя…
Радая сустрэчы, Станіслава Юльянаўна доўга не хацела нас адпускаць, усё прасіла:
— Пасядзіце яшчэ хоць трошкі, каб я магла з кім загаварыць. А то сяджу ўвесь час адна. З хаты не магу сама выйсці, у сені ледзьве пралезу. Яшчэ не памерла, але ўжо і не жыву, гэта якраз так, як і наша вёска…
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *