29 красавіка 85-гадовы юбілей адзначыла жыхарка Вялікай Бераставіцы Марыя Драгун. З гэтай нагоды яе наведалі намеснік старшыні Бераставіцкага райвыканкама Андрэй Шчука і старшыня раённага савета ветэранаў Алена Сілкова, каб выказаць Марыі Сяргееўне шчырыя віншаванні і ўручыць Ганаровую грамату райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу. Перад выхадам на заслужаны адпачынак Марыя Драгун узначальвала раённы савет ветэранаў і амаль 10 гадоў прысвяціла працы ў гэтым грамадскім аб’яднанні, старалася акружыць клопатам і ўвагай ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, арганізоўвала іх сустрэчы з маладым пакаленнем, каб перадаваць ім памяць аб жахлівай цане, якой была здабыта Перамога.
Марыя Сяргееўна ведае пра Вялікую Айчынную вайну не са слоў ветэранаў, яна сама на ўласным жыццёвым вопыце адчула ўвесь страх і горыч нямецкай акупацыі, сутыкнуўшыся з ёй у дзіцячым узросце.
— Я нарадзілася ў 1935 годзе ў Зэльвенскім раёне ў вёсцы Грабава, праўда, жылі мы не ў самой вёсцы, а на хутары Лазы, — успамінае Марыя Драгун. – Калі пачалася вайна, мне было шэсць гадоў. Праз нашы хутары ішоў гасцінец ад паўстанка Пляцянічы на Дзярэчын. І вось аднойчы на гэтым гасцінцы з’явіліся нямецкія матацыклісты, наша хата была побач з гасцінцам, да нас яны і завярнулі. Мы, дзеці, гулялі якраз тады ў двары, куры хадзілі побач, парасяты бегалі. А яны дастаюць свае аўтаматы і пачынаюць страляць па курах і парасятах. Яшчэ і цяпер помню, як яны тады рагаталі, з гонарам хадзілі па падворку, адчуваючы сябе гаспадарамі на нашай зямлі. Мама, пачуўшы стрэлы, выбегла з дома на вуліцу, а яны і на нас зброю наводзяць, нібы жартам. Мама ад гэтага адразу страціла прытомнасць і ўпала ў двары на зямлю. А немцы пазабіралі забітых курэй і парасят і з’ехалі.
Наша хутары акружалі лясы, якія адыходзілі ад Ліпічанскай пушчы, і ў гэтых лясах хутка з’явіліся партызаны. Яны часта бывалі на нашых хутарах, людзі кармілі іх, перадавалі звесткі пра немцаў. У нашай вёсцы солтысам прызначылі дзядзьку Пятра, ён хоць і быў нямецкім стаўленікам, але супрацоўнічаў з партызанамі, мой бацька быў яго намеснікам. Дык вось яны днём для немцаў ходзяць збіраюць яйкі, масла, сала, а ноччу – для партызанаў. Мама, як і ўсе астатнія гаспадыні на нашых хутарах, пякла хлеб для партызанаў.
Немцы стаялі ў Дзярэчыне, там яны зрабілі гета. Мужчын-яўрэяў яны доўгі час вазілі ў лес, каб выкапаць яму, планавалі ўсіх яўрэяў расстраляць і закапаць у гэтай яме. Але напярэдадні гэтага партызаны напалі на Дзярэчын, разбілі іх штаб і сарвалі карную аперацыю. А яшчэ помню, як вывозілі дзяўчат на працу ў Германію. Маёй старэйшай сястры Надзеі ўжо было 15 гадоў, яна таксама павінна была трапіць у спісы, але солтыс падаў у спіс замест яе маю маму. Ён прыйшоў да мамы і кажа: “Ксенія, бяры больш дзяцей з сабой і ідзі з імі ў камендатуру ў Дзярэчын”. Мама бярэ на рукі малую сястру Лену, яна нарадзілася ў 1941 годзе, я побач з ёю іду, а яшчэ суседскі хлопчык Юзік, якому было гадоў шэсць — мама папрасіла суседку, у якой было дзевяць дзяцей, каб і яе сын пайшоў з намі ў камендатуру. Я да гэтага часу не магу спакойна ўспамінаць пра той пакой, бітком набіты маладымі дзяўчатамі, якіх назбіралі з усіх навакольных вёсак. Як яны там плакалі, як крычалі! А немцы стаялі ў дзвярах са зброяй наперавес. Камендант глянуў на маму і як раўне: “Што, усе кіндар твае?” Мама ківае: “Мае…” Ён вылаяўся і сказаў: “Шнэль, вон адсюль”…
Помню, калі надыходзіла вызваленне, у лесе з паўночнага боку аказаліся немцы, а з паўднёвага – рускія салдаты. Такія баі былі! У нас на полі была яма для бульбы, калі пачыналіся баі, мы беглі ў гэтую яму і сядзелі там, а кулі толькі свісталі на галавою. Потым пачуўся выбух, мы выглянулі, а проста над намі загарэўся самалёт і падае, здаецца, прама на нас, на гэту яму, мы так крычалі ад страху! На шчасце, самалёт на нас не ўпаў, дацягнуў да лесу, дзе былі нашы салдаты. Немец выскачыў з парашутам, але трапіў у палон. А самалёт яшчэ доўга ляжаў у тым лесе пасля вайны.
Мы, малыя, за арэхамі ў лес бегалі, дык знаходзілі бляшанкі з-пад нямецкай тушонкі, яны так пахлі, што мы не вытрымлівалі, вылізвалі іх, так есці хацелася.
Пасля вызвалення бацьку забралі на фронт, ён служыў санітарам, ваяваў на Курскай дузе, дайшоў да Берліна.
Калі бацька пайшоў на вайну, я кожны вечар станавілася перад абразом Маці Божай і, хоць малітваў не ведала, прасіла захаваць яго ад куль і снарадаў. Бацька, вярнуўшыся дамоў, расказваў: “Выношу параненых з поля бою, то там узарвецца міна, то там снарад, а мяне як бы хто аберагае..” Калі мы даведаліся, што ўжо перамога, гэта была такая радасць, такое шчасце! Усе людзі абдымаліся, цалаваліся, плакалі і смяяліся. Мае цёткі жылі далей на хутарах, дык я бегла да іх і крычала: “Перамога!” Мы так чакалі гэту Перамогу, так нацярпеліся…
Нялёгкім быў і пасляваенны час. Адзінаццацігадовая Марыя закончыла 4 класы, а потым бацькі адправілі яе пасці чужыя каровы, каб зарабіць грошы на пабудову хаты. Але яна вельмі хацела вучыцца, бегала на заняткі ў школе, дамовіўшыся з другімі пастухамі, каб трохі падмянілі яе. Класны кіраўнік, заўважыўшы гэтую сітуацыю, прыехаў да бацькоў, пераканаў іх, што дзяўчынцы трэба вучыцца. Пасля заканчэння Дзярэчынскай дзесяцігодкі Марыя Сяргееўна год адпрацавала піянерважатай у школе ў Падбалоцці, потым паступіла ў ветэрынарны тэхнікум у Ваўкавыску, у апошні год навучання пабывала на асваенні цалінных зямель у Казахстане.
Вярнуўшыся з цаліны, выйшла замуж і прыехала на Бераставіччыну, мужа накіравалі сюды начальнікам племстанцыі, а Марыя Сяргееўна стала працаваць там фельдшарам. Жаданне вучыцца далей не пакідала маладую дзяўчыну, і яна завочна паступіла ў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Муж тады працаваў ужо старшынёй калгаса “17 верасня” ў Паўлюшках, а Марыя Сяргееўна — заатэхнікам. Пасля заканчэння інстытута Марыя Драгун была дырэктарам ветэрынарнай лабараторыі, затым 7 гадоў узначальвала Бераставіцкі малаказавод, потым перайшла на працу ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, затым яшчэ амаль 10 гадоў працавала ў раённым савеце ветэранаў.
— На той час у нас на ўліку было больш за 400 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, — гаворыць Марыя Сяргееўна. – На жаль, цяпер іх практычна не засталося. Але памяць аб іх подзвігу мы павінны захаваць і перадаць яе маладому пакаленню, навучыць іх любіць сваю Радзіму так, як любілі яе тыя, хто аддаў сваё жыццё за яе свабоду і незалежнасць.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара
Читайте актуальные новости Берестовицкого района, области, республики и в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!