“Важна захоўваць традыцыі”

Лента новостей Общество

33Ганна Канецкая – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы. У гэтым статусе яна роўна год: пасля заканчэння філалагічнага факультэта БГУ па размеркаванні была накіравана ў родную школу, якую закончыла яшчэ зусім нядаўна, у 2009 годзе. Ганна Юр’еўна расказала, што на выбар спецыяльнасці аказала ўплыў яе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Іванаўна Швек – чалавек, апантаны любоўю да роднай мовы, літаратуры, культуры. І таму практычна ў кожным выпуску Вялікаэйсмантаўскай школы ёсць людзі, якія выбіраюць беларускую філалогію. Гэтым шляхам пайшла і Ганна Канецкая. І сёння яна з упэўненасцю гаворыць, што не шкадуе аб сваім выбары. Праца ў школе з дзецьмі дзяўчыне вельмі падабаецца, яе былыя настаўнікі, якія цяпер ужо калегі, аказваюць неабходную падтрымку, ды і любімая настаўніца Ірына Іванаўна стала для маладога спецыяліста як другая маці.
Ганна Юр’еўна ў мінулым навучальным годзе выкладала беларускую мову і літаратуру ў 5, 7 і 10 класах, была класным кіраўніком сямікласнікаў. Першы год працы не быў простым, але маладая настаўніца не расчаравалася, ёй асабліва падабаецца, калі ёсць вынік работы, калі ўдаецца выклікаць інтарэс да роднай мовы ў сваіх вучняў.
А яшчэ яна таксама захапляецца і польскай мовай. Яе дзяўчына спецыяльна не вучыла, але ведае практычна дасканала. Ганна Юр’еўна расказала, што навучыла яе польскай мове бабуля, якая жыве ў Мацеевічах. Менавіта з яе вуснаў маленькая Ганна чула казкі, песні, малітвы на польскай мове, усяму гэтаму бабуля навучыла і сваіх унукаў. А яшчэ ў сям’і вельмі моцныя каталіцкія традыцыі, вера ў Бога заўсёды знаходзіцца на першым месцы. Менавіта таму самыя важныя хрысціянскія святы, такія як Божае Нараджэнне ці Пасха, святкуюцца вельмі ўрачыста і ў шырокім коле родных і блізкіх, якія часцей за ўсё збіраюцца ў доме бабулі.
Старэйшае пакаленне з гонарам называе сябе шляхтай і стараецца захаваць моўныя і культурныя традыцыі, перадаючы іх маладым.
Ганна таксама марыць аб тым, што будзе выхоўваць сваіх дзяцей, працягваючы сямейныя традыцыі. Бо ўсё пачынаецца з сям’і, упэўнена яна.
І тое, што на эйсмантаўскай зямлі нарадзілася ідэя праводзіць фестываль польскай культуры і побыту, яе вельмі радуе, бо гэта дае магчымасць маладым дакрануцца да моўнага багацця, культуры і традыцый сваіх продкаў.
Ірына Міклаш,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *